Навошта адміністрацыя Байдэна публічна назвала імя замоўніка забойства журналіста Джамаля Хашогі?

Ад забароны стасункаў з прадстаўнікамі процілеглага полу, калі толькі гэтыя людзі не з’яўляюцца блізкімі сваякамі, і аж да патрабавання для кожнай жанчыны абавязкова мець апекуна мужчынскага полу, без згоды якога яна не мае права нават пакідаць дом. 

2822533_58215688_2560_1440.webp


Гэта толькі некаторыя з норм законаў Саудаўскай Аравіі, за парушэнне якіх можна атрымаць удары бізуном (350 удараў, дарэчы, могуць выклікаць смерць) або нават адсячэнне галавы. 
Не кажучы ўжо пра тое, што Саудаўская Аравія — абсалютная манархія, дзе выбараў або падзелу ўлады не існуе нават фармальна.
Не дзіўна, што, колькі існавалі міжнародныя арганізацыі па абароне правоў чалавека, столькі яны асуджалі згаданыя рэаліі Саудаўскай Аравіі ды заклікалі Захад ціснуць на Эр-Рыяд.
Заходнія дэмакратыі неяк млява рэагавалі на гэтыя заклікі. У свой час нават заплюшчылі вочы на сенсацыйную інфармацыю, што некаторыя дыпламаты-саудыты былі ў курсе планаў Бен Ладэна атакаваць 11 верасня 2001 года вежы-блізняты. А некаторыя з тых тэрарыстаў, як высветлілася, увогуле мелі добрыя фінансавыя сувязі з прадстаўнікамі каралеўскай сям’і Саудаўскай Аравіі.
Такі асцярожны падыход тлумачылі тым, што Саудаўская Аравія — традыцыйна галоўны фарпост ЗША ў ісламскім свеце. У дадатак саудыты ахвотна набывалі зброю практычна ва ўсіх краінах Еўропы. Карацей, дзейнічаў негалосны прынцып: адносіны з Эр-Рыядам нельга псаваць незалежна ад таго, якія б жудасныя факты і дэталі ні ўсплывалі.
І вось цяпер, як кажуць, нешта ў лесе здохла. Новая адміністрацыя ЗША вырашыла даць ход справе скандальнага забойства 59-гадовага арабскага журналіста Джамаля Хашогі. 2 кастрычніка 2018 года ён увайшоў у консульства сваёй краіны ў Стамбуле. Унутры будынка журналіста чакала спецыяльна дасланая з Эр-Рыяда група асоб, якія забілі яго на месцы.
Забойцы не ведалі, што будынак знаходзіцца пад наглядам турэцкіх спецслужб. Не без іх дапамогі стала вядома, што часткі цела забітага журналіста знаходзяцца ў калодзежы ў садзе рэзідэнцыі консула ў 500 метрах ад самога консульства. Згодна з паведамленнямі крыніц, цела Хашогі было рассечанае на некалькі фрагментаў.
Адразу ўзнікла версія, што Хашогі «замовілі» праз яго грамадзянскую пазіцыю. У 2011 годзе, натхнёны падзеямі арабскай вясны, журналіст адкрыта выступіў супраць рэпрэсіўнага і аўтарытарнага рэжыму ў Саудаўскай Аравіі. У адказ яму забаранілі публікавацца і фактычна прымусілі эміграваць. Новым домам для яго сталі Злучаныя Штаты, дзе журналіст публікаваў у «Washington Post» аўтарскія калонкі і артыкулы.
Так ці інакш, Эр-Рыяд быў вымушаны рэагаваць на канфуз у Стамбуле. Смерць журналіста прапанавалі разглядаць як вынік бойкі ў консульстве, удзельнікі якой, маўляў, ужо затрыманыя. У верасні мінулага года ў Саудаўскай Аравіі па справе забітага журналіста асудзілі да 20 гадоў турэмнага зняволення пяць чалавек. Яшчэ двое атрымалі па сем гадоў турмы. Шмат хто назваў прысуд фарсам, але па факце справу адправілі ў архіў.
І вось нечаканы паварот. Нацыянальная разведка ЗША апублікавала даклад, у якім сцвярджаецца, што саудаўскі наследны прынц, ён жа — міністр абароны каралеўства Мухамед бін Салман персанальна ўхваліў пакаранне смерцю аглядальніка «The Washington Post». Для гэтага ў яго быў салідны матыў. Гледзячы па ўсім, ён меў асабісты зуб на Хашогі, які ў сваіх артыкулах падрываў імідж бін Салмана ў вачах заходняй аўдыторыі.
Справа ў тым, што прынц намагаўся выстаўляць сябе ў вобразе рэфарматара, сучаснага палітыка з новым бачаннем будучыні сваёй краіны. Сапраўды, пры ім адбыліся пэўныя змены. Напрыклад, у 2017-м пасля 30 гадоў забароны ў краіне зноў пачалі працаваць кінатэатры. У сваю чаргу, Хашогі ў тэкстах выяўляў наследнага прынца як арганізатара пераследу дысідэнтаў і іншадумства. Калі Хашогі прыехаў у Стамбул і накіраваўся ў саудыцкае консульства, у наследнага прынца з’явілася магчымасць вырашыць старую «праблему».
Пакуль пакараць забойцаў амерыканцы вырашылі персанальнымі санкцыямі. Усяго пад іх трапяць 27 падданых Саудаўскай Аравіі, у тым ліку бліжэйшыя памочнікі прынца. Магчыма, гэта толькі пачатак. Прэзідэнт Джо Байдэн увогуле паабяцаў апублікаваць новую стратэгію адносін з каралеўствам.
Такога кшталту прынцыповы падыход Злучаных Штатаў да тэмы абароны правоў і жыцця журналістаў выклікаў эйфарыю сярод прафесійных арганізацый. Аднак некаторыя заклікаюць стрымліваць эмоцыі. У мінулы панядзелак разведка ЗША без якіх-небудзь тлумачэнняў замяніла іншай версіяй апублікаваны раней даклад пра забойства Хашогі, выдаліўшы імёны трох чалавек, якія першапачаткова лічыліся датычнымі да справы.
Адразу пачалі казаць, што пра забойства Хашогі ўзгадалі з-за спрэчак па дынастычных пытаннях. Вашынгтон па нейкіх прычынах жадае вывесці з палітычнай прасторы наследнага прынца. З іншага боку, абвінавачанні ў адрас прынца (дарэчы, любімага сына караля Саудаўскай Аравіі) і заявы пра новы курс ЗША адносна Саудаўскай Аравіі зробленыя на такім высокім афіцыйным узроўні, што проста пра ўсё забыць і вярнуцца да былога статус-кво, падаецца, ужо не атрымаецца.