Не хочам мы гэтага «Оскара»

Кансерватары і правыя радыкалы Польшчы незадаволеныя тым, што польскі фільм стаў лаўрэатам амерыканскай кінаакадэміі. Яны называюць прадукт Палікоўскага не інакш як «антыпольскім», «супярэчлівым» і гэтак далей.



hd_ef8edac082.jpg

Не тое, што «Оскар», а нават намінацыя стужкі на кінапрэмію часта становяцца прадметам гонару ўсіх жыхароў краіны, дзе той фільм быў зроблены. А вось Польшча тут — выключэнне. Навіна пра тое, што польскі рэжысёр Павал Палікоўскі атрымаў залатую статуэтку ў Галівудзе ў намінацыі «Лепшы неангламоўны фільм», частцы грамадства вельмі не спадабалася. Гутарка пра прыхільнікаў мясцовых правых і кансерватыўных партый, якія называюць прадукт Палікоўскага не інакш як «антыпольскі», «супярэчлівы» і г.д.

«Хаця факт атрымання «Оскара» для «Іды» выклікаў захапленне сярод элітаў Трэцяй Рэчы Паспалітай — мы павінны заявіць гучна: мы не хочам гэтага «Оскара». Калі мы пагодзімся з гэтым фільмам, то нам давя­дзецца заплаціць вельмі высокую цану», — піша кансерватыўны партал «Polonia Christiana».

У чым прычына такой рэакцыі? Падзеі на экране адбываюцца ў Польшчы 1960-х гадоў. Ганна, маладая паслушніца каталіцкага манастыра, перад тым, як прыняць зарок, па парадзе ігуменні едзе ў госці да сваёй цёткі Ванды, якая працуе пракурорам. Ванда паведамляе, што сапраўднае імя Ганны — Іда Лебенштэйн, і што яе габрэйскія бацькі былі забіты падчас вайны, прычым палякамі. Іда вырашае знайсці магілы бацькоў. Падарожжа на могілкі ператвараецца для Іды і Ванды ў пошук адказаў на шэраг экзістэнцыяльных пытанняў.

Цікава, што фільм мае выразна антыкамуністычны падтэкст. Сацыялістычная Польшча малюецца як край, дзе насельніцтва цалкам адчужана ад адміністрацыі. Аднак антыкамуністычны прысмак не рэабілітаваў стужку ў вачах правых. Перш за ўсё таму, што Ванда — у фільме дастаткова супярэчлівая і часам нават атрактыўная асоба, паколькі нестандартна думае. У дадатак Ванда мае рэальнага прататыпа — Хелену Валіньскую (Helena Wolińska), якая ў свой час працавала ў пракуратуры і была звязаная з расправамі над байцамі антысталінскага падполля. У 1998 годзе Варшава нават дамагалася яе выдачы з Вялікабрытаніі, куды яна з’ехала ў 1968-м падчас антысеміцкай кампаніі ў сацыялістычнай Польшчы.

Падобная неадназначная інтэрпрэтацыя вобразу сталіністкі — не адзіны папрок карціне. Кансерватары лічаць што аўтары «Іды» нанеслі ўдар па рэпутацыі палякаў у свеце, паколькі замацавалі негатыўныя антыпольскія забабоны. Падставай для такіх заяваў стаў выступ рэжысёра «Іды» на галівудскай сцэне пасля ўручэння ўзнагароды. Выказваючы падзяку, Палікоўскі прызнаўся, што яго каманда на гэты час «ўжо цалкам п’яная». «Мы прывыклі абурацца, калі немцы кажуць: «У цябе скралі аўтамабіль — едзь да Польшчы, тваё аўто ўжо там». Нам не падабаюцца анекдоты пра лянівых палякаў. Аднак Палікоўскі дапамог яшчэ больш кансалідаваць антыпольскія забабоны», — піша выданне «Prawa».

Больш таго, на старонках правых СМІ раскрытая глабальная змова з удзелам Палікоўскага, і нават не адна. Практычна ўсе канспіролагі пачынаюць свае расследаванні з канстатацыі факта пра тое, што «Іда» была дастаткова абыякава ўспрынятая польскай аўдыторыяй (за ўвесь час пракату ў Польшчы карціну паглядзелі каля ста тысяч чалавек). Касавы правал, аднак, чамусьці не паўплываў на оскараўскія шансы фільма. Гэтая акалічнасць падаецца правым вельмі падазронай і дае нагоду казаць, што ніякай мастацкай каштоўнасці фільм не мае, а нехта наўмысна лабіраваў стужку ў калідорах кінаакадэміі.

Хто і нашто? Тут шмат версій. Натуральна, хапае вар’ятаў, якія зноў шукаюць адказы на ўсе выклікі на старонках «Пратаколаў сіёнскіх мудрацоў».

На думку некаторых, сцэнар і бюджэт «Іды» быў зацверджаны ў Берліне. Галоўная задача тэўтонаў-спонсараў Паўлікоўскага была ў тым, каб перакласці адказнасць за Халакост з немцаў на палякаў. Як піша «Prawa»: «Польшча ў «Ідзе» не выглядае краінай, якая стала ахвярай вайны, дзе немцы забілі мільёны людзей, там, дзе пабудаваная на руінах дзяржава намагаецца неяк адрадзіцца. Гэта нейкі штучны свет, які жыве ад аднаго яўрэйскага пагрому да наступнага».

Іншыя лічаць, што палякі — не галоўная мішэнь тых, хто замаўляў гэты «пасквіль». Быццам, на самай справе задума аўтараў «Іды» ў тым, каб праз палякаў — адну з самых каталіцкіх нацый у свеце — дыскрэдытаваць Ватыкан. «Polonia Christiana» заяўляе: «Іда пазбаўляе палякаў першаснага іміджу абаронцаў хрысціянскай цывілізацыі, замест гэтага выстаўляючы іх у ролі падпольных забойцаў».

Яшчэ адна версія — трыумф «Іды» праз свае каналы забяспечыў Пуцін. Як вядома, сярод намінантаў у катэгорыі «Лепшы замежны фільм» быў «Левіяфан» Звягінцава, які, на думку шмат каго, цудоўна дэманструе карумпаваную і антыгуманістычную прыроду пуцінізму. Атрымай Андрэй Звягінцаў залатую статуэтку за «Левіяфана», інтарэс да Расіі і, як следства, да яе ролі ва ўкраінскім крызісе на Захадзе дакладна б вырас. Маўляў, такі ход падзей супярэчыць намерам Масквы.

Натуральна, кансерватыўны лагер не абмяжоўваецца сеансамі канспіралогіі і таксама патрабуе нейкіх мераў супраць «Іды». «Reduta Dobrego Imienia» — адна з каталіцкіх арганізацый, запусціла ў інтэрнэт петыцыю на адрас Польскага інстытута мастацтва кінематаграфіі (PISF) (установа, што адказвае таксама і за кінапракат). Ініцыятары кампаніі прапануюць дырэкцыі PISF уставіць у стужку на пачатку або напрыканцы дадатковы блок, у якім гледачам прапануюць растлумачыць з патрыятычнай кропкі гледжання гістарычны кантэкст карціны. Найбольш радыкальныя сайты ўвогуле заклікаюць судзіць рэжысёра «народным судом» і байкатаваць карціну ў кінатэатрах.

Нягледзячы на маштаб кампаніі супраць «Іды», не думаецца, што польскае грамадства стане ахвярай ксенафобіі і канспіралогіі. Па-першае, трактаваць змест «Іды» можна па-рознаму. Так, левая прэса піша, што фільм можна разглядаць у тым ліку як перамогу каталіцызму — яўрэйка сыходзіць у касцёл. Той факт, што перакананая сталіністка Ванда перажывае ўнутраны крызіс, хутчэй сведчыць пра тое, што сталінізм пацярпеў гістарычную паразу ў Польшчы.

У гэтым плане большасць каментатараў згодная, што медыйны псіхоз вакол «Іды» — частка прэзідэнцкай кампаніі.