Кароткаметражны фільм "Вылет", зняты пры ўдзеле беларусаў, спрабуе прабіцца на Канскі кінафестываль
Крымінальная драма "Вылет" (Departure), створаная сумеснымі намаганнямі кінематаграфістаў Беларусі, ЗША і Францыі, зарэгістраваная для ўдзелу ў конкурсе кароткаметражных фільмаў 68-га Канскага кінафестывалю, які пройдзе 13–24 мая.

Сюжэт фільма "Вылет" разгортваецца вакол афіцэра амерыканскай паліцыі Дзіны Кашул. Гераіня карціны ледзь не гіне ў пагоні за наркадылерам, аднак яе выратоўвае чалавек, наняты
прыглядваць за ёю рускім кантрабандыстам Андрэем Новікавым. Дзіна даведваецца, што Новікаў ускосна вінаваты ў смерці яе бацькі. Пачуццё віны прымусіла Новікава парваць са злачынным мінулым і
прысвяціць сябе тайнай апецы над Дзінай.
Аўтарам ідэі і супрадзюсарам стужкі выступіў Рубен Казанцаў, сцэнарый напісаў Джымі Барто. Дзеянне фільма адбываецца ў розны час у ЗША, Францыі і адной з краін былога СССР. У кожнай краіне здымкі
вяліся асобнымі здымачнымі групамі, таму ў фільма тры прадзюсеры і тры рэжысёры: Саці Госет (ЗША), Крыстаф Нізу (Францыя) і Марыя Курачова (Беларусь). Характэрна, што фільм цалкам зняты на камеру
смартфона iPhone.
Прэзентацыя першай саракахвіліннай версіі кінакарціны адбылася на сусветнай выставе-канферэнцыі Macworld Expo у 2013 годзе ў Сан-Францыска. Вытворчасць фестывальнай версіі "Вылету" завяршылася восенню 2014 года, у выніку працягласць фільма скарацілі да 26 хвілін.
Марыі Курачовай і Ліне Чайкоўскай, якая выступіла аператарам беларускага блока фільма "Вылет", Рубен Казанцаў прапанаваў паўдзельнічаць у праекце
пасля таго, як іх сумесны відэаролік "Сны пра парусы" для інструментальнага арт-фолк-гурту he Unlimited Trio у 2011 годзе стаў пераможцам конкурсу Velcom SmartFilm. На той момант
абедзве дзяўчыны вучыліся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (БДАМ).
"У Рубена ўжо была ідэя, сцэнарый, і ён шукаў каманды ў трох краінах, якія індывідуальна і сумесна ўзгадняючы рэалізавалі б задуманае, — расказала Курачова ў інтэрв'ю
БелаПАН. — Задачай кожнай каманды было знайсці сабе прадзюсара, здымачную групу і гэтак далей. Мы ўзяліся за праект дзякуючы таму, што прадзюсарам беларускага блока стаў Сяргей
Якубоўскі, таму што з самага пачатку разумелі, што здымаць хочам ужо не ў студэнцкіх умовах".
Дырэктар мінскай кампаніі First Rental Сяргей Якубоўскі ў гутарцы з БелаПАН, у сваю чаргу, зазначыў, што студэнты БДАІ часта звяртаюцца да яго ў пошуках фінансавання сваіх праектаў,
тэхнічнага аснашчэння і прадзюсіравання. Да карціны "Вылет" ён ужо паспяхова супрацоўнічаў з Чайкоўскай і Курачовай у некалькіх праектах. "Калі паступіла прапанова
паўдзельнічаць у праекце Departure, мы вырашылі паставіцца да яго як да сур'ёзнага кіно", — сказаў Якубоўскі.
На здымкі беларускага блока фільма, паводле яго слоў, было патрачана каля 5 тысяч долараў — у асноўным для арэнды ігравога транспарту ў антуражы 1990-х гадоў, а таксама для аплаты паслуг
аператараў рознай апаратуры.
"Добра, што адазваліся акцёры, якія былі гатовы працаваць бясплатна… Кіраўніцтва фабрыкі "Модум" пад здымкі бясплатна прадаставіла нам рэстаран
"Дэжавю". Я сам бясплатна выдзяляў тэхніку, хаця арэнда аднаго кіназдымачнага крана каштуе каля тысячы долараў. У цэлым нам дапамагалі шмат людзей, і ў асноўным усе працавалі
бясплатна. Жывых грошай было патрачана прыкладна 5 тысяч долараў, але калі лічыць рэальна, калі б усім трэба было заплаціць, то сума пераваліла б і за 10 тысяч", — зазначыў
прадзюсар.
Прыём заявак на конкурс кароткага метра ў Канах завяршаецца 30 сакавіка, аднак ужо на сёння журы конкурсу атрымала больш як 600 заявак. Наперадзе заяўнікаў чакаюць некалькі этапаў конкурснага
адбору.






