Нобелеўскую прэмію па медыцыне ўручаць за адкрыццё віруса гепатыту С

Нобелеўская прэмія па медыцыне прысуджана амерыканскім вірусолагам Харві Олтэру, Чарльзу Райсу і брытанцу Майклу Хаўтану за адкрыццё віруса гепатыту С.

55159891_303.jpg

Вышэйшую ўзнагароду за навуковыя дасягненні ў галіне фізіялогіі або медыцыны падзеляць амерыканскія вірусолагі Харві Олтэр, Чарльз Райс і брытанец Майкл Хаўтан за адкрыццё віруса гепатыту С. Пра гэта Нобелеўскі камітэт паведаміў у панядзелак, 5 кастрычніка.
У 2019 годзе Нобелеўскую прэмію па медыцыне атрымалі амерыканец Уільям Кейлін-мал., брытанец Пітэр Рэткліф і амерыканец Грэг Семенза за даследаванне таго, "як клеткі адчуваюць даступнасць кіслароду і адаптуюцца да яго". Годам раней лаўрэатамі сталі амерыканец Джэймс Элісан і японец Тасуку Хондзё за адкрыццё імунатэрапіі ракавых пухлін, якая праводзіцца шляхам інгібіравання адмоўнай імуннай рэгуляцыі.

Нобелеўская прэмія ў галіне медыцыны

Прэмію ў галіне фізіялогіі і медыцыны прысуджае Каралеўскі Каралінскі медыка-хірургічны інстытут Стакгольма, у яго Нобелеўскую асамблею ўваходзіць 50 чалавек. Агулам Нобелеўская прэмія па медыцыне ўручалася ўжо 110 раз, яе лаўрэатамі да 2019 года ўключна станавіліся 219 чалавек, з іх толькі 12 жанчын. 6 кастрычніка Нобелеўскі камітэт назаве лаўрэатаў прэміі па фізіцы, 7 кастрычніка — па хіміі, 8 кастрычніка — па літаратуры. У апошні дзень "нобелеўскага тыдня" стане вядома імя лаўрэата прэміі міру.
Памер Нобелеўскай прэміі ў 2020 годзе павялічаны з 9 да 10 мільёнаў шведскіх крон (у пераліку каля 956 тысяч еўра). Традыцыйная цырымонія ўручэння ўзнагарод змяніла фармат з-за пандэміі захворвання COVID-19. Узнагароджанне па традыцыі адбывалася ў Стакгольме і Осла ў дзень смерці Альфрэда Нобеля 10 снежня.
dw.com