Новая Турцыя

Поспех курдскай Народнай дэмакратычнай партыі (HDP) на парламенцкіх выбарах у Турцыі — добрая падстава, каб распавесці пра феномен гэтай структуры і паразважаць пра яе будучыню.



hdp_620x264.jpg

Без усялякіх шыльдаў і турыстычных указальнікаў парк Гезі з нядаўняга часу з’яўляецца знакавым для турыстаў, якія наведваюць Стамбул. Слава пра масавыя пратэсты, якія тут адбываліся, калі парк намагаліся знішчыць улады, цягне сюды мноства еўрапейцаў, асабліва моладзь. З асабістага вопыту мяркую, што большасць з іх застаецца крыху расчараванымі. Гезі — невялікі кавалак зямлі, які не паварочваецца язык назваць запаведным. Побач знаходзіцца вялізарная плошча — месца тусоўкі тынейджараў, канцавая трамвайная станцыя, выхад з метро. У дадатак апошнім часам тут шмат сірыйскіх бежанцаў, якія дадаюць парку каларыту, аднак не экалогіі.

Але факт ёсць факт. Пратэсты ў абарону Гезі — гэта эпахальная старонка сучаснай гісторыі Турцыі, рэха якіх адчуваецца дасюль. Прынамсі, без Гезі не было б сенсацыйных вынікаў апошніх парламенцкіх выбараў, якія паставілі крыж на амбіцыйных планах прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана пашырыць правы выканаўчай галіны за кошт кампетэнцыі парламенту. Канстытуцыйную рэформу, аднак, давядзецца адкласці ўбок, паколькі Партыя справядлівасці і развіцця (АКР) Эрдагана ўпершыню за 13 гадоў страціла абсалютную большасць у парламенце. Акрамя таго, у парламент прайшла HDP — самы паслядоўны крытык створанага рэжыму.

Хаця Народную дэмакратычную партыю часта называюць партыяй курдаў, на самай справе гэта больш шырокі блок. Акрамя непасрэдна курдаў, туды ўваходзяць шэраг левых структур. Якраз апошнія забяспечылі HDP неабходныя для праходу ў парламент дзеяць працэнтаў.

Рэйтынг курдскай партыі ніколі ў нацыянальным маштабе не перавышаў восем працэнтаў, што, відавочна, і штурхала курдаў шукаць саюзнікаў. Патэнцыйна імі маглі быць актывісты грамадзянскіх, гендарных, экалагічных і левых ініцыятыў, якія прыхільна ставяцца да ідэі курдскай аўтаноміі плюс выступаюць супраць характэрнай для Эрдагана настальгіі па часах Асманскай імперыі.

Расклад цалкам змянілі падзеі ў Гезі, калі адбылася імклівая палітызацыя шматлікіх туркаў, якія папоўнілі ініцыятывы, звязаныя з левымі. Тут на іх і паклалі вока паліттэхнолагі курдскай партыі. Прыкладна за паўтара гады курды інтэграваліся ў склад HDP. Шмат каму не падабалася тое, што праект пачынаюць называць курдскім, аднак усё гэта кампенсавалі вынікі выбараў. У 2013 годзе на муніцыпальных выбарах HDP атрымала 6 працэнтаў. На прэзідэнцкіх выбарах 2014-га яе кандыдата падтрымалі каля 9 працэнтаў. У тым жа годзе дэпутацкая курдская група ў парламенце падтрымала HDP, што адчыніла ёй шанс стаць парламенцкай партыяй.

Парадокс праекту HDP заключаецца ў тым, што яе электаральная база і большасць яе мясцовых арганізацый знаходзяцца ў курдскіх рэгіёнах. Аднак сама палітычная культура ўнутры партыі характэрная для еўрапейскіх левых партый, накшталт грэчаскай SYRIZA або іспанскай "Podemos".

Напрыклад, існуе гендарны прынцып сустаршыняў — жанчыны і мужчыны. У кіраўнічых структурах абавязковая 50-працэнтная квота для жанчын і 10 працэнтаў для прадстаўнікоў сексуальных меншасцяў. Дзякуючы гэтаму ўпершыню ў гісторыі Турцыі на выбарах у парламент балатаваўся турак, які адкрыта казаў, што ён гей. Таксама партыя пазіцыянуе сябе як партыя ўсіх нацменашасцяў. У яе кіраўніцтве можна сустрэць армян, цыган, грузін і іншых прадстаўнікоў нетытульнай нацыі. Паводле праграмы, арганізацыя выступае за новую канстытуцыю Турцыі, якая гарантуе курдам, алавітам і іншым этнасам права на аўтаномію.

Такі ўнутрыпартыйны дыскурс выглядае абсалютна незвычайна, паколькі курдская культура — хутчэй сельская, чым урбаністычная. Акрамя таго, дасюль шмат хто лічыць, што курдская фракцыя HDP падтрымлівае кантакты з партызанскай групоўкай "Рабочая партыя Курдыстана" (PKK), яка вайсковымі метадамі змагаецца за курдскую дзяржаўнасць. PKK заўсёды арыентавалася на класічную ленінска-сталінскую партыйную мадэль, і цяжка зразумець, як яна дапускае анархію, якая пануе ў HDP.

Нарэшце, HDP — яўна не партыя рабоча-сялянскага класу, хаця фармальна яна выступае за ліквідацыю капіталізму і эксплуатацыі. HDP сімпатызуе гарадскі ліберальны сярэдні клас, якому падабаецца дэмакратычная празрыстая прырода праекту. Як кажа адзін з заснавальнікаў партыі Фатма Гёк (Fatma Gök), галоўная мэта HDK — «даць грамадзянам надзею на тое, што яны могуць уплываць на турэцкую палітычную сістэму». Цікава, што HDP прызнае ролю Атацюрка ў абагачэнні антыклерыкальнай думкі. Стаўленне да Атацюрка хутчэй пазітыўнае, хаця партыя прынцыпова адмовілася выяўляць дзяржаўную сімволіку на сваёй рэкламнай прадукцыі.

Як піша заходняя прэса, прыняцце курдскімі лідарамі еўрапейскіх каштоўнасцяў левай фракцыі HDP дапамагло пашырыць гэтыя ідэі ў турэцкім грамадстве, выпрацаваць у простых людзей як мінімум неагрэсіўнае ўспрыняцце наяўнасці іншага, устаноўку на грамадзянскую актыўнасць і жаданне ўплываць на сістэму. Некаторыя медыя называюць поспех HDP другой пасля Атацюрка свецкай рэвалюцыяй у Турцыі. Паводле такіх каментатараў, існуе сапраўдны шанец для станаўлення ў краіне шырокай сацыял-дэмакратычнай партыі еўрапейскага ўзору.

Аднак вельмі цяжка прагназаваць, ці здолее HDP сапраўды ўплываць на сістэму і, як следства, змяніць Турцыю, перш за ўсё з-за абсалютнай непрадказальнасці сітуацыі, якая ўзнікла пасля выбараў. Каб заставацца пры ўладзе, Эрдаган мусіць заключаць кааліцыю, што пакуль не вельмі магчыма. Большасць каментатараў лічаць, што пазатэрміновыя выбары ў такіх умовах непазбежныя.