Фядута: Шанцы сабраць 100 000 подпісаў ёсць толькі ў Лябедзькі і Статкевіча

Рашэннем перанесці прэзідэнцкія выбары з лістапада на месяц раней ЦВК падыграла апанентам правядзення Кангрэсу дэмсілаў па абранні адзінага кандыдата.



laducka2013erb.jpg

Калі б прэзідэнцкія выбары ў Беларусі праходзілі ў лістападзе, то час на правядзенне Кангрэсу дэмакратычных сілаў і абранне адзінага кандыдата яшчэ быў бы, а перанос даты выбараў на 11 кастрычніка гэтага часу не пакідае. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказаў палітолаг Аляксандр Фядута. Праўда, сабраць неабходныя для рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты 100 тысяч подпісаў атрымаецца далёка не ва ўсіх, кажа Фядута.

Фядута: “З тых, хто сёння заяўлены, апроч, магчыма Лябедзькі і Статкевіча, калі яго ініцыятыўная група будзе зарэгістраваная, ніхто не мае патэнцыйнага электаральнага рэсурсу. Існуе яшчэ Сяргей Іванавіч Калякін, які дастаткова добра вядомы, але ж яго палітычная рэпутацыя такая, што нацыянальна арыентаваны электарат, на жаль, не будзе ставіць за яго подпісы. А так, з майго пункту гледжання, гэта быў бы самы, мажліва, добры ў сённяшняй сітуацыі кандыдат”.

Скарачэнне перадвыбарчага часу на месяц аблягчае збор подпісаў на карысць дзеючага кіраўніка краіны, лічыць Фядута. І змяншае пагрозу, што частка электарату, атрымаўшы “жыроўкі” за першы ацяпляльны месяц, не захоча за яго галасаваць.

Ужо пра жаданне балатавацца кандыдатам у прэзідэнты выказалі лідары АГП Анатоль Лябедзька, “Справядлівага свету” Сяргей Калякін, ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч, прадстаўнікі “Гавары праўду” Таццяна Караткевіч і “Партыі зялёных” Юрый Шульган. На думку Аляксандра Фядуты нехта яшчэ ў гэтым спісе наўрад ці з’явіцца: рашэнне ЦВК аб пераносе выбараў абнуляе магчымасці па пошуку грошай на выбарчую кампанію.

"Еўрарадыё"