Расійскі пасол: Мы падтрымаем на выбарах Лукашэнку
Расія на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі падтрымае Аляксандра Лукашэнку. Пра гэта расійскі пасол у Беларусі Аляксандр Сурыкаў заявіў падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску.
"Выступаць на прамую ў агітацыйнай кампаніі мы не маем права, але падтрымліваць будзем Аляксандра Рыгоравіча [Лукашэнку], — гаварыў Сурыкаў. — Я не кажу, што трэба помнікі ставіць, але ўдзячным гэтаму прэзідэнту Беларусь павінная быць. Ёсць складанасці на сёння перад краінай. Але ўлада ўжо паказала, што яна здольная пераадольваць асцярогі... Нічога падобнага ва ўсіх апазіцыйных кандытатаў няма (а я ведаю ўсё пра іх). Прад'явіць ім няма чаго, акрамя лозунгаў", перадае "Еўрарадыё".
Таксама Сурыкаў мяркуе, што Беларусі не варта баяцца "імперскіх амбіцый" Расіі. "Я запэўніваю, Расія і свет скончылі ідэалагічнае супрацьстаянне. Цяпер мы ўсе будуем капіталізм", —
падкрэсліў дыпламат.
Па словах Сурыкава, РФ будзе адстойваць свае інтарэсы. "Але мы не хочам ні на каго нападаць, ні супраць каго-то працаваць", — сказаў ён. У якасці прыкладу Сурыкаў прывёў барацьбу Расіі за правы рускамоўных у Прыбалтыцы, дзе, паводле яго слоў, каля 30 % рускамоўнага насельніцтва не мае грамадзянскіх правоў.
Учора стала вядома, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі могуць прайсці 11 кастрычніка.
Былы старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі заявіў, што ў расійскай эліце прынятае рашэнне дапамагчы Лукашэнку "камфортна выйграць выбары”.