Я табе не веру!

Крызіс ідэй ва ўладзе адчуваецца даволі моцна. Гэта тычыцца не толькі эканомікі. Па звыклым шляху ідзе ў гэтай краіне ўсё, аж да прэзідэнцкіх выбараў. Выбары раней за запланаваны тэрмін — і гэта мы ўжо праходзілі.



v_avtoprobege_dvizheniya_za_chestnye_vybory_belyy_kvadrat_uchastvovali_okolo_40_mashin_thumb_fed_photo.jpg

Вось і зараз старшыня ЦВК Беларусі спадарыня Ярмошына прапанавала новую дату прэзідэнцкіх выбараў. Нагадаем, што па законе яны павінны прайсці не пазней за 20 лістапада. Таму раней Лідзія Міхайлаўна называла найбольш верагоднай датай іх правядзення 15 лістапада.

Аднак зараз яна змяніла сваё меркаванне і прапанавала прызначыць іх на месяць раней — на 11 кастрычніка. Гэтая прапанова таксама ў межах закону, але яна, скажам так, «стандартна несумленная».

Стандартная таму, што ўжо не першы раз выбары ў нас праходзяць раней за запланаваны тэрмін. Узгадайма хаця б кампанію 2006 года, калі пасля абрання адзіным кандыдатам у прэзідэнты ад дэмсіл Аляксандра Мілінкевіча ўлады таксама вырашылі правесці выбары раней, скараціўшы такім чынам час на яго раскрутку. Несумленная, таму што ў нармальных краінах людзі за год-два ведаюць дату прэзідэнцкіх выбараў, а ў нас яна плавае, як курс долара апошнім часам.

Аднак самае цікавае ў гэтым — аргументацыя Лідзіі Ярмошынай. Маўляў, калі выбары праводзіць 15 лістапада, то для іх прызначэння давядзецца збіраць пазачарговую сесію парламента. Калі ж іх прызначаць на 11 кастрычніка, то гэтага рабіць не спатрэбіцца. «Парламент, працуючы цяпер, да свайго сыходу на канікулы, можа абвясціць гэту выбарчую кампанію», — паведаміла Ярмошына. І дадала, што звернецца ў парламент з просьбай прызначыць дату правядзення выбараў 30 чэрвеня, у апошні дзень работы сесіі.

Бедныя народныя абраннікі! Яны перапрацавалі і стаміліся так, што нават Ярмошына іх пашкадавала, даючы магчымасць адпачыць. Пэўна, глабальных высілкаў ад іх запатрабавала згода і «прыняцце да ведама» дэкрэта «аб дармаедстве». Парламентары, бачна, надарваліся, асэнсоўваючы гэтую праблему. Таму ім трэба маштабны адпачынак.

Хаця я б, на месцы парламентароў, у свае акругі не спяшаўся. Там іх, як мінімум, запытаюцца, а што гэта было з дэкрэтам? А як максімум, дармаеды збяруцца разам і фізічна патлумачаць дэпутату, што яму трэба абараняць сваіх выбаршчыкаў, а не «прымаць да ведама» невядома што.

Можна, канешне, і не думаць кепскае пра Лідзію Міхайлаўну. Можна ўявіць, што яна клапоціцца пра беларускі бюджэт. Адкліканне дэпутатаў з адпачынку на пазачарговую сесію ўляціць падаткаплатнікам у капейчыну: гэта ж кожнага давязі ў Мінск і назад, забяспеч пражыванне і харчаванне… Аднак, калі на выбары выдзяляецца каля $10 мільёнаў, а прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта сёлета будуць весці кампанію выключна за свае грошы, то дзеля сумленнасці можна было б звазіць дэпутатаў і за кошт ЦВК.

Пра сумленнасць казаў на сустрэчы з Ярмошынай і Аляксандр Рыгоравіч. Ён нагадаў, што ў канцы 2014 года было шмат меркаванняў аб датэрміновым правядзенні прэзідэнцкіх выбараў. «Гэтага ў канцы мінулага года было шмат: Лукашэнка правядзе выбары ў лютым, сакавіку, пакуль тут не наступілі горшыя часы, скарыстае сітуацыю ва Украіне і гэтак далей. Я тады сказаў, што мы сумленна правядзем гэтыя прэзідэнцкія выбары і ў тэрмін. Мы гэтае слова трымаем», — цытуе Лукашэнку БелТА.

Лукашэнка зазначыў, што прапановы па даце правядзення выбараў павінен выказаць ЦВК, а канчатковае рашэнне будзе прымаць парламент. «Каб потым нас не папракалі па дробязях. Я не хачу ў белых пальчатках паўстаць перад народам. Вядома, мы разам будзем абмяркоўваць, калі мы правядзем гэтыя прэзідэнцкія выбары. Але ўсё будзе дастойна і паводле Канстытуцыі», — падкрэсліў ён.

Выбачайце, але і гэта не зусім сумленна. Па-першае, калі будзе прынятая прапанова Ярмошынай наконт 11 кастрычніка, гэта ўсё роўна — датэрміновыя выбары. І не важна, на паўгады яны датэрміновыя альбо на месяц. Па-другое, наконт таго, што «канчатковае рашэнне будзе прымаць парламент». Ну скажыце шчыра, якому чалавеку даспадобы, калі яго выдзернуць на працу з законнага адпачынку? Парламентары — таксама людзі, і ім таксама гэта не падабаецца. Таму яны будуць проста радыя закончыць сваю працу так, каб іх больш не тузалі і не выцягвалі з пляжаў ды гародаў. Прызначэнне выбараў напрыканцы сесіі, каб больш да гэтага пытання не вяртацца (а значыць, на 11 кастрычніка), — цалкам у іх інтарэсах.

Увогуле, невядома чаму раптам спатрэбіўся такі «ход канём» са зменай даты выбараў. Сапраўды, інакш як клопатам пра стомленых народных абраннікаў гэта патлумачыць немагчыма. Апазіцыі перасоўванне дня галасавання ніякіх нязручнасцяў не зробіць. Найперш таму, што ўсе выдатна разумеюць, што ў нас за выбары, і збольшага дэмакратычныя вылучэнцы ідуць у прэзідэнцкую кампанію далёка не за перамогай.

Тыя ж, хто рэальна збіраецца ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі альбо ідзе на выбары дзеля «папулярызацыі сваіх ідэяў», працу з электаратам пачалі нават не сёння. Прэтэндэнтка «Народнага рэферэндуму» Таццяна Караткевіч як ездзіла па рэгіёнах у якасці каардынатара «НР», так і працягвае ездзіць. Анатоль Лябедзька раздае Антыкарупцыйную праграму і праграму стварэння новых працоўных месцаў у цягніку «Мінск — Вільня», і даехаў з ёю аж да Гродзенскай вобласці. Распачынае паездкі па рэгіёнах «дармаед у дэкрэце» Юрый Шульган, у сувязі з чым пераносіць свой «дармаедскі з’езд» на канец лета. Карацей, хто жадае працаваць, той працуе і без афіцыйнага абвяшчэння выбараў. А таму, хто не жадае, ніякая дата выбараў не дапаможа, хоць на Новы год іх прызначай.

Усё гэта я да чаго? Да таго, што дэмакратыя і дэмакратычныя выбары трымаюцца, перш за ўсё, на даверы. Калі мы давяраем тым, хто выбары праводзіць, калі мы лічым гэтых людзей сумленнымі, то мы лічым і выбары сумленнымі, празрыстымі і справядлівымі. А калі пачынаюцца такія несумленныя гульні з датай выбараў, з сумнеўнай аргументацыяй, са змяненнем тэрмінаў кампаніі, то ні пра які давер да іх казаць не выпадае.

Праўда, даверу да гэтай каманды, якая штораз малюе «элегантную перамогу», і так небагата. Але незразумелыя змены ў апошні момант перад пачаткам выбараў напагатоў зводзяць гэты давер у мінус.