Андрэйчанка: прэзідэнцкія выбары будуць прызначаныя на 11-е кастрычніка
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 30 чэрвеня на заключным пасяджэнні сёмай сесіі разгледзяць пытанне аб прызначэнні прэзідэнцкіх выбараў. Адпаведна, прэзідэнцкія выбары будуць прызначаныя на 11 кастрычніка.
«Тыя, хто планаваў адпачынкі ў жніўні, можаце іх браць, пазачарговая сесія праводзіцца не будзе», — сказаў старшыня ніжняй палаты парламента Уладзімір Андрэйчанка, перадае БелаПАН.
Чарговыя прэзідэнцкія выбары павінны прайсці ў Беларусі не пазней за 21 лістапада. Раней у якасці найбольш верагоднай даты іх правядзення называлася 15 лістапада. Але ў гэтым выпадку для прызначэння выбараў трэба было праводзіць пазачарговую сесію парламента.
9 чэрвеня старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына заявіла, што ЦВК прапануе правесці выбары 11 кастрычніка. Гэтая дата, па яе словах, апраўданая, паколькі пазачарговую сесію парламента збіраць не прыйдзецца. «Парламент, працуючы зараз, да свайго сыходу на вакацыі, можа абвясціць дадзеную выбарчую кампанію», — сказала Ярмошына журналістам пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.