Новыя твары на Майдане
20 студзеня на вуліцы Грушэўскага аблілі струменем з вогнетушыцеля Віталя Клічко, які спрабаваў прыпыніць натоўп, што ішоў штурмаваць Вярхоўную Раду. Гэта стала ілюстрацыяй таго, што лідары Майдана ўжо не здольныя кантраляваць маніфестантаў. Хто можа з’явіцца на месцы старой апазіцыйнай гвардыі? Пра гэта Алег Новікаў размаўляе з кіеўскім журналістам Юрыем Паляніным.
— Ці можна канчаткова казаць пра крызіс аўтарытэту лідараў апазіцыі?
— На самай справе, ад пачатку давер да правадыроў быў вельмі нізкі. Некаторыя сацыялагічныя службы праводзілі апытанні на Майдане, і, паводле іх рапартаў, ступень антыпатый да сяброў трыумвірату (Клічко, Яцэнюк, Цягнібок) дасягала 60–70 працэнтаў. Аднак у сілу таго, што апазіцыя лепш арганізаваная, мае напрацаваныя выхады на спонсараў і прэсу, выключна яна магла наладзіць сістэму працы Майдану. Аднак па ходу пратэстаў яго першапачатковая мадэль (малебны, спевы гімну, скокі, пікеты ўстаноў), натуральна, надакучыла. Адначасова нарадзіўся і замацаваўся ў грамадскай думкі міф пра тое, што 1 снежня, калі на Майдан выйшла каля паўмільёна чалавек, улада валялася на вуліцы. Быццам, выключна апартунізм правадыроў не даў тады скінуць Януковіча.
Пасля таго, як Рада прыняла пакет рэзанансных паліцэйскіх законаў, паўсюль толькі і казалі: скокі на Майдане — больш не выхад. Чакалася, што знак ісці ў апошні і рашаючы бой дасць нехта з трыа. Аднак апошнія абмежаваліся дзяжурнымі заклікамі да стварэння нейкіх новых каардынацыйных структур апазіцыі. Гэта пахавала рэшткі даверу да тройкі, якая, дарэчы, спачатку асудзіла правакатараў на Грушэўскай. Пазней старыя правадыры трохі падкарэктавалі сваю ацэнку. Яны кажуць, што разумеюць радыкальныя ўчынкі людзей, канстытуцыйныя правы якіх знаходзяцца пад пагрозай. Аднак узяць сітуацыю пад кантроль над Майданам яны пакуль цалкам не здольныя.
— Знакам для паходу маніфестантаў на Раду стаў выступ на сцэне Майдана Сяргея Кобы, аднаго з лідараў праекту «Аўтамайдан» (групы уладальнікаў аўто, якія блакуюць розныя ўрадавыя ўстановы. Шэраг акцый гэтай ініцыятывы (блакада рэзідэнцыі Януковіча ў Міжгор’і) былі вельмі балючымі для ўлады). Наколькі гэта структура можа прэтэндаваць на лідарства?
— Пасля таго, як Коба заклікаў да паходу, некалькі яго сяброў па «Аўтамайдану» асудзілі такі крок. Пасля, праўда, яны знайшлі кансэнсус і працягнулі сваю справу. Цяжка сказаць, наколькі аўтамайданаўцы могуць стаць новым палітычным полюсам, таму што не зразумела, якім чынам ініцыятыва аўтамабілістаў можа інстытуцыйна інтэгравацца ў палітычны, і перш за ўсё электаральны працэс? Пра гэта сведчыць тое, што «Аўтамайдан» хутка прызнаў Клічко адзіным лідарам Майдану.
— Адзін з самых важных момантаў мітынгу 20 студзеня быў свіст натоўпу на Майдане на адрас Алега Цягнібока, правадыра найбольш радыкальнай партыі на Майдане. Адначасова імідж найбольш паслядоўна радыкальнай групы перайшоў да раней малавядомай групоўкі «Правы сектар», чыя калона першай штурмавала рэдуты «Беркуту». Ці ёсць будучыня ў гэтай арганізацыі?
— «Правы сектар» — гэта праварадыкальнае аб’яднанне, якое было створанае на базе фанатаў кіеўскага «Дынама». Дзякуючы патранату шэрагу вядомых апазіцыянераў (напрыклад, журналісткі Таццяны Чарнавол), яны знайшлі сабе месца ў Майданаўскім мікракосмасе: ім аддалі цэлы паверх захопленага будынку прафсаюзаў. Доўгі час гэта арганізацыя была ў ценю «Свабоды». Так, на 1 студзеня падчас маршу Бандэры актыў «Правага сектару» паспрабаваў сфармаваць сваю калону, аднак хутка адмовіўся ад гэтай ідэі з-за невялікай колькасці ахвотных. Наўрад ці нешта атрымалася ў ПС і 20 студзеня, калі б наэлектрызаваная маса на Майдане не адчувала, што ёй здрадзілі лідары. Абывацель, праўда, на пярэдні край фронту не папёрся, але стварыў такі людскі фон, які натхняў радыкалаў.
Зараз ПС перажывае пік сваёй папулярнасці. Аднак трэба прызнаць, што гэта структура вельмі супярэчлівая. Яшчэ напярэдадні «Еўра–2012» спецслужбы пачалі шчыльна працаваць з фанатамі, каб не дапусціць нейкіх правакацый падчас турніру. Таму ёсць думка, што паход на Грушэўскага мог быць справакаваны з мэтай дыскрэдытацыі апазіцыі. Напэўна, у Адміністрацыі прэзідэнта гэты сцэнар як мінімум разглядаўся — менавіта апошнія акцыі ўльтраправых былі фармальнай нагодай для абмежавання грамадзянскіх правоў.
— Яшчэ ў лістападзе, на пачатку пратэстаў, шмат казалі пра новую генерацыю палітыкаў, якіх стварыў Еўрамайдан. Гэта перш за ўсё журналіст Мустафа Найем, музыкі Руслана Лыжэчка і Сашко Палажынскі (лідар групы «Тартак»), эколаг Ігар Луцэнка. Яны могуць стаць рупарамі пратэстаў?
— Каб адказаць на гэта пытанне, прапаную ўзгадаць аранжавую рэвалюцыю. У той час у намётах на Майдане ўзнікла нават цэлая партыя маладых палітыкаў «ПОРА». Яе лідарамі была якраз група маладых журналістаў і культурных актывістаў (праз яе структуры, дарэчы, упершыню паспрабаваў сябе ў палітыцы Клічко). Аднак у выніку моладзь адышла ад палітыкі, а «ПОРА» як партыя растварылася ў апазіцыйным нацыянал-ліберальным сегменце. Я думаю, што шанс зрабіць палітычную кар’еру на крызісе старых лідараў маюць не журналісты і музыкі, а хутчэй, прафесійныя палітыкі другога эшалону. Яны, з аднаго боку, ведаюць, па якіх правілах ва Украіне працуе палітычная машына, а з іншага — яшчэ не прыеліся электарату. Напрыклад, той жа Андрэй Парубій (партыя «Батьківщина»), які адказвае за ахову Еўрамайдану і не замараўся ў карупцыйных аферах.
Аднак пытанне ў іншым. Праблема ў тым, што адначасова з Майданам узнік іншы цэнтр апазіцыі на барыкадах на Грушэўскай, да яго пакуль існуе вялікі інтарэс з боку грамадства. Таму з аднаго боку апазіцыя павінна падтрымліваць больш радыкальны імідж, а з іншага — так ці інакш ісці на саступкі ў перамовах з уладай. Інакш улада ў сваю чаргу не пойдзе на кампраміс, без чаго вырашэнне цяперашняга палітычнага крызісу немагчымае.