Дым над Кіевам

У Кіеве любяць смяяцца і жартаваць. Аднак пакуль раніцай 23 студзеня я ехаў на метро да Майдану з Васількоўскай (прыкладна 30 хвілін), не заўважыў ніводнай усмешкі. Наадварот, кіяўляне выглядалі нейкімі разгубленымі.



kiev_grushevskogo.jpg

Барыкады на Грушэўскага

Грамадства відавочна пераварвае інфармацыю пра ўчорашнія падзеі на Майдане, падчас якіх былі забітыя тры чалавекі. Кідаецца ў вочы вялікі загаловак на першай старонцы газеты «Вести», якую бясплатна раздаюць на ўваходах метро і якую трымалі ў руках шмат пасажыраў: «Точка невозврата пройдена». Куды ідзе краіна пасля таго, як перайшла кропку незвароту, нікому не зразумела. Аднак па тварах відаць, што ніякай эйфарыі ад таго, што адбываецца, у абывацеля, няма.

Эйфарыі няма і на Майдане, які таксама перайшоў Рубікон. Два месяцы забавы ў гульню «Хто не скача, той маскаль», махання ліхтарыкамі падчас вячэрніх канцэртаў, калектыўных карагодаў засталіся ў гісторыі.

Чым былы карнавальны Майдан адрозніваецца ад цяперашняга? Перш за ўсё, вопраткай. Раней сярод яго тубыльцаў было шыкам абматацца сіне-жоўтым сцягам і навешаць на сябе пару стрычак (стужак) таго ж колеру. Ва ўмовах барыкадных баёў усё змянілася. Практычна на кожным другім майданаўцы матацыклетны шлем або будаўнічая каска, на шыі — марлевая павязка або адгазнік. А яшчэ палка ў руце. Як правіла, гэта кусок дошкі ад нейкага плоту ці скрыні. Прадстаўнікі заможнага сярэдняга класа могуць пахваліцца бейсбольнымі бітамі.

Майданаўскі тыпаж выглядае жудаснавата. Магчыма, таму, што над масай людзей у касках з палкамі, якія стаяць на плошчы, вісяць вялізарныя клубы дыму — воблакі ад аўтамабільных пакрышак, якія паляць на Грушэўскага — сцяна агню і дыму, якая, на думку стратэгаў радыкальнай партыі Майдану, павінна выратаваць ад куляў і дубінак «Беркуту».

Гэта вялізарнае вогнішча (прыкладна метраў 10 дыму ўгару і 50 метраў ушырыню), куды кожныя пяць хвілін кідаюць чарговае аўтамабільнае кола, — новы майданаўскі атракцыён. Калі раней усе турысты і зявакі абавязкова фатаграфаваліся на фоне барыкад, то цяпер, хоць трэсні, ім падавай для здымкаў на памяць пра Кіеў новы «заднік». Сярод аматараў сфатаграфавацца на перадавой я нават заўважыў нейкага чарнаскурага турыста. У пагоні за сувенірам ён нават рызыкнуў прайсці праз натоўп, у якім да халеры праварадыкалаў і расістаў.

Каб дайсці да месца фотасесіі, трэба спачатку прайсці па Хрышчаціку ў бок Еўрапейскай плошчы, уважліва гледзячы сабе пад ногі, каб не спатыкнуцца. Уся маставая ператвораная майданаўцамі ў зброю пралетарыяту, якой, як вядома, з’яўляецца «булыжнік». Камяні складзеныя там-сям у груды ў чаканні хуткай атакі праціўніка.

Пасля з правага боку пачынаецца непасрэдна вуліца Грушэўскага, якая сустракае цябе надпісам на адным з размаляваных білбордаў: «Кто не был на Грушевского, тот не мужик!». Гэта не проста прыкольнае графіці. Яшчэ праз метраў 50, калі рухацца ў бок Вярхоўнай Рады, стаіць пабудаваная спехам барыкада, якая гуляе ролю гендарнага КП. Па той бок пускаюць толькі мужчын (жанчыны могуць прайсці выключна па пасведчанні журналіста або наяўнасці рашучасці і нахабства). «Мяне ў дзяцінстве хлопчыкі заўсёды бралі гуляць у свае гульні», — пачуў я за спіной жаночы голас, калі пераходзіў кардон.

Яшчэ 30 метраў у бок той жа Вярхоўнай Рады — новая барыкада. Гэта і ёсць лінія фронту. Далей — ёсць рызыка нарвацца на кулю. Самыя вялікія аматары экстрыму могуць рызыкнуць і наблізіцца да той самай вогненнай лініі пакрышак. Хаця каля гэтага мегавогнішча вельмі цёпла, на душы неяк няўтульна. Не выключана, што праз метраў пяць ад цябе стаіць снайпер, якому менавіта ў гэты момант можа прыйсці ў галаву стрэліць.

Даведаўшыся пра тое, што я — беларус, пратэстоўцы адразу паказваюць месца, дзе ўчора куляй быў забіты хлопец з Гомеля, сябра УНА-УНСО, МІхаіл Жызнеўскі. Падчас размовы пра той трагічны выпадак сутыкаешся з зусім іншым, чым у звычайнага абывацеля, разуменнем катэгорый «смерць» і «жыццё». Прысутныя на Грушэўскага знаходзяцца ў тым стане, дзе наша бытавая логіка і падыходы ўжо не працуюць. Імі рухае помста за забітых і параненых сяброў, азарт вайны, нянавісць да ворага.

Яны з задавальненнем канстатуюць, што мірная фаза Майдану закончылася, і гісторыя з бессэнсоўным стаяннем атрымала нейкую экстрэмальную развязку. Ніхто тут не кажа пра еўрапейскую перспектыву, з-за якой, як вядома, пачаўся ўвесь гэты сыр-бор, пра нейкі магчымы кампраміс.

Шчыра кажучы, не ведаю, як кіраўніцтва Майдану можа падпарадкаваць штурмавікоў. Не факт, што яны прызнаюць інструкцыі нават лідараў праварадыкальных груповак, якія першымі атакавалі «Беркут» 20 студзеня. «У нас няма камандзіраў», — кажа адзін з пратэстоўцаў.

Увогуле, сітуацыя выглядае трошкі парадаксальна. Па-першае, тыл у радыкалаў абсалютна адкрыты. У любы момант спецназ можа выйсці на Еўрапейскую плошчу, адкуль пачынаецца Грушэўскага з боку вуліцы Трохсвяціцельская або Уладзімірскага спуску і банальна ўзяць усю армію Майдану ў каробачку. Таксама не зразумела, што перашкаджае спецназу папросту франтальна атакаваць натоўп, узброены, як правіла, драўлянымі палкамі. У размовах са мной некаторыя з прысутных прызнаваліся, што па той бок полымя стаяць каля дзвюх тысяч беркутаўцаў. У сваю чаргу, яны, паводле іх словаў, могуць разлічваць максімум на 50–70 чалавек, гатовых ісці пад кулі. Іншыя з тых, хто стаіць на перадавой, у выпадку бою папросту збягуць, каб збоку назіраць за шоў.

Такая расстаноўка сіл па сутнасці зноў нясе ў сабе пагрозу, што ўсё закончыцца чарговым патам. Магчыма, гэта верне ініцыятыву тым палітыкам, хто хоць на словах гатовы шукаць кампраміс. Інакш, у выпадку працягу канфрантацыі (і гэта прызнаюць усё часцей) Украіна рызыкуе стаць другой Сірыяй.