Аднаму з шпіталізаваных мітынгоўцаў ампутавалі ручыцу, траім выдалілі вочныя яблыкі

З 42 шпіталізаваных, якія пацярпелі ў выніку сутыкненняў на вуліцы Грушэўскага ў цэнтры Кіева сёння ноччу, чацвёра знаходзяцца ў цяжкім стане.



paranienyja.jpg

Траім пацярпелым былі выдалены вочныя яблыкі, а яшчэ аднаму ампутавалі ручыцу.
Як перадае карэспандэнт УНІАН, пра гэта паведаміў на брыфінгу дырэктар Дэпартамента аховы здароўя Кіеўскай гарадской дзяржадміністрацыі Віталь Мохараў.
Ён патлумачыў, што аперацыі па выдаленні вочных яблыкаў былі неабходныя таму, што лекары канстатавалі ў пацярпелых кантузію вачэй, а ампутацыя часткі рукі была неабходная, паколькі костка была цалкам раздробленая.
Пацярпелыя знаходзяцца ў Аляксандраўскай клінічнай бальніцы (каля 16 чалавек), у бальніцы хуткай дапамогі (4 чалавекі), у клінічнай бальніцы № 9 (5 чалавек), у бальніцы № 17 політраўмаў (3 чалавекі), у дзіцячай клінічнай бальніцы № 7 (1 юнак з ліку мітынгоўцаў, якому 17 гадоў), у абласной клінічнай бальніцы Кіеўскай вобласці (2 чалавекі) і ў клінічнай бальніцы № 3.
Па словах Мохарава, гэта сітуацыя на 9.00, і новай інфармацыі ён пакуль не атрымліваў. Сярод пацярпелых ёсць двое журналістаў - з газеты «Ізвестія» і Радыё Свабода. Па словах кіраўніка дэпартамента, яны шпіталізаваны ў Аляксандраўскую клінічную бальніцу.
У таксікалагічнае аддзяленне, па словах Мохарава, зваротаў не было.
Узрост пацярпелых - ад 17 да 59 гадоў. Пераважна гэта кіяўляне, але ёсць і людзі з рэгіёнаў, пры гэтым як з усходніх, так і з заходніх. Мохараў паведаміў, што ноччу працавалі 15 брыгад хуткай дапамогі. Яны працавалі ў напружаным рэжыме, але выканалі задачу па аказанні медыцынскай дапамогі.
Як запэўніў кіраўнік дэпартамента, брыгады і бальніцы забяспечаны неабходнымі медыкаментамі і прэпаратамі.
Як адзначалася на брыфінгу, у цэлым было зафіксавана 103 звароты да брыгадаў хуткай дапамогі па стане на 9.00.

УНІАН