Афіцыйная газета «Голас Украіны» апублікавала «дыктатарскія законы», яны ўступаюць у сілу
Афіцыйнае выданне «Голас Украіны» апублікавала ў сваёй электроннай версіі скандальныя законы, прынятыя Вярхоўнай Радай 16 студзеня без абмеркавання. Яны ўступаюць у сілу на наступны дзень пасля апублікавання.
Прыняты пакет законаў істотна абмяжоўвае правы на свабоду сходаў і слова.
Па новых законах, падпісаных Януковічам, любога ўдзельніка Майдана можна пасадзіць на тэрмін ад 10 да 15 гадоў. Затое супрацоўнікі «Беркута», якія збівалі студэнтаў і журналістаў, вызваляюцца ад пакарання. Разам з тым у Крымінальны кодэкс вярнулі артыкул аб паклёпе.
Пасля таго, як радыкальна настроеныя мітынгоўцы распачалі ў Кіеве баі з міліцыяй і Януковіч раптоўна згадзіўся на перамовы, з'яўляліся паведамленні, што законы, па неафіцыйнай дамоўленасці з уладамі, публікавацца не будуць. Калі такія дамоўленасці былі, улады свайго слова не стрымалі.