Новым кіраўніком Інтэрпола стаў прадстаўнік Паўднёвай Карэі
На пасаду кіраўніка Інтэрпола абраны Кім Чон Ян з Паўднёвай Карэі, паведамляецца ў афіцыйным твітары арганізацыі. Раней прэтэндэнтам на гэтую пасаду называлі расіяніна.

Кім Чон Ян. Фота: INTERPOL
Асноўным супернікам прадстаўніка Паўднёвай Карэі ў барацьбе за пасаду кіраўніка Інтэрпола называлі генерала расійскага МУС Аляксандра Пракапчука — віцэ-прэзідэнта Інтэрпола.
Супраць таго, каб Пракапчук узначаліў Інтэрпол, выступала група амерыканскіх сенатараў. Яны, у прыватнасці, заявілі, што Расія «рэгулярна выкарыстоўвае Інтэрпол для звядзення рахункаў і нападаў на палітычных апанентаў, дысідэнтаў і журналістаў».
Парламент Літвы прыняў рэзалюцыю, у якой гаварылася, што калі Пракапчук узначаліць Інтэрпол, то краіна разгледзіць магчымасць прыпынення сяброўства ў гэтай арганізацыі. З Інтэрпола, у выпадку абрання расіяніна на пасаду кіраўніка арганізацыі, таксама прыстрашыла выйсці Украіна.
Папярэдні прэзідэнт Інтэрпола Мэн Хунвэй з Кітая быў арыштаваны на радзіме па падазрэнні ў карупцыі.
Прэзідэнт Інтэрпола ў значнай ступені сімвалічная пасада. Па статуце Інтэрпола, ён павінен:
— старшынстваваць і кіраваць дыскусіямі на сесіях генасамблеі і яе выканкама
— кантраляваць адпаведнасць дзейнасці Інтэрпола рашэнням генасамблеі і выканкама
— па магчымасці падтрымліваць пастаянную непасрэдную сувязь з генеральным сакратаром арганізацыі
Аператыўнае кіраўніцтва Інтэрполам і каардынацыю паміж краінамі-чальцамі ажыццяўляе іншы орган — генеральны сакратарыят. Ім з 2014 года кіруе прадстаўнік Германіі Юрген Шток.