Палітыкі тыдня: Крысціна Фернандэс Кіршнер, Наталі Касцюшка-Марызэ, Турсунбай Бакір уулу
Крысціна Фернандэс Кіршнер Прэзідэнт Аргенціны арыгінальна адрэагавала на вынікі рэферэндуму на Фальклендскіх (Мальвінскіх) выспах. Нагадаем, 98,8 працэнта прагаласавалі за тое, каб захаваць цяперашні статус выспаў — замежная тэрыторыя ў складзе Аб’яднанага Каралеўства.
Супраць захавання статус-кво прагаласавалі ўсяго 3 асобы з прыкладна 1600. Нягледзячы на такую відавочную статыстыку, Буэнас-Айрэс вуснамі Кіршнер адмовіўся прызнаваць астравы брытанскімі. Прэзідэнт назвала рэферэндум «пародыяй» і дадала, што іншых вынікаў не магло быць, паколькі астравы акупаваныя.
На думку аргенцінскіх юрыстаў, рэферэндум не падпадае пад катэгорыю акту самавызначэння, які прызнаецца міжнародным правам, паколькі ўдзельнікі галасавання, а дакладней, іх продкі, былі не абарыгенамі, а каланізатарамі. Акрамя таго, па словах аргенцінскіх палітыкаў, на архіпелагу падчас галасавання не было назіральнікаў ААН, якая, дарэчы, раней прыняла рашэнне пра тое, што адзіным выхадам з канфлікту ёсць кансенсус, а не рэферэндумы.
Магчыма, баявы дух аргенцінцаў узняла заява дзярждэпартамента ЗША, што «прызнае па факту кантроль Лондана над выспамі», аднак «не мае пазіцыі наконт іх суверэнітэту». Нягледзячы на ваяўнічую рыторыку, Аргенціна ўжо не заклікае да тэрміновай эвакуацыі брытанскай адміністрацыі з Фальклендаў, а згодная на перамовы.
Наталі Касцюшка-Марызэ
Наталі — французскі палітык, адзін з лідараў правацэнтрысцкай партыі «Саюз за народны рух» (UMP). Прэса дружна прызнала ў ёй французскую Маргарэт Тэтчэр пасля рашэння пачаць выбарчую кампанію за пасаду мэра Парыжа пад ультраліберальнымі лозунгамі.
Так, у выпадку перамогі парыжан чакае скарачэнне падаткаў, права абіраць камісараў паліцыі, прыватызацыя муніцыпальнай маёмасці і, нарэшце, узбуйненне зоны гораду за кошт інкарпарацыі ў яе склад малых муніцыпалітэтаў. Галоўным праціўнікам Наталі будзе іншая жанчына — Ганна Ідальга (Anne Hidalgo), якая прадстаўляе Сацпартыю, што кіравала Парыжам апошні час. Ідальга заявіла, што з’яўленне мадам Касцюшка-Марызэ на палітычнай сцэне — трук правых, якім няма чаго прапанаваць, і таму яны вырашылі прыцягнуць увагу да сваёй кампаніі ў сталіцы за кошт каларытнай фігуры жанчыны-палітыка.
Напрыканцы варта ўзгадаць, што Наталі паходзіць з нашага славутага роду Касцюшкаў. Яна нашчадак брата Тадэвуша Касцюшкі Язэпа, ад якога і цягнецца сямейная дрэва Касцюшкаў-Марызэ. У інтэрнэце гаворыцца, што, магчыма, заснавальнік сям’і, з якой паходзіць французская Жалезная лэдзі, папросту ваяваў у атрадзе Касцюшка, за што і атрымаў прозвішча.
Турсунбай Бакір уулу
Імя гэтага дэпутат парламента Кыргызстана практычна не сыходзіць з загалоўкаў СМІ. Амаль штодня ён робіцца аўтарам нейкіх скандалаў. Спачатку збіў журналіста, які заклікаў навучаць кіргізскіх салдат рускай мове, пасля прапанаваў кіргізам адпачываць не ў нядзелю, а ў пятніцу, як прынята ў мусульманскіх краінах. Гэта ініцыятыва настолькі шакавала грамадства, што ветэранскія арганізацыі заклікалі ўстанавіць, ці не з’яўляецца Турсунбай сябрам «Аль-Каіды».
Між тым, дэпутат на гэтым не спыніўся. На мінулым тыдні ён пасварыўся з вядомым гумарыстам Міхаілам Галусцянам з-за яго праграмы «Наша Раша», сярод герояў якой ёсць таксама два гастарбайтэра з Сярэдняй Азіі. Дэпутат заклікаў коміка прыпыніць здымаць ксенафобскія ролікі. Кульмінацыяй стала спрэчка нашага героя з іншым парламентарыем. Разборка закончылася тым, што Турсунбая назвалі «блакітным», за што пакрыўджаны дэпутат некалькі разоў выклікаў апанента на дуэль.
Цяпер усе чакаюць новай серыі шоў. Цяжка сказаць, што за муха ўкусіла Турсунбая. У любым выпадку, імя ён сабе зрабіў.