Францыя. Карла Бруні адпомсціла за мужа песняй
Карла Бруні, спявачка, жонка французскага экс-прэзідэнта Нікаля Сарказі, прыдумала, як адпомсціць Франсуа Аланду, які перамог яе мужа на прэзідэнцкіх выбарах. Яна запісала песню «Raymond» (Раймонд), у якой ёсць словы: «Раймонд і яго жонка не хаваюць таго, што не паважаюць пінгвіна».
З улікам таго, што Раймонд — мянушка Сарказі, зразумела, што «пінгвін» — гэта Франсуа Аланд. Прынамсі так дружна мяркуе французская прэса. Між тым, сама Карла Бруні кажа, што песня прысвечаная людзям з нейкімі фізічнымі праблемамі і не мае ніякіх алюзій на дзеючага прэзідэнта. У гэта мала хто верыць, тым больш, што ў Карлы ёсць і асабістыя матывы не любіць Франсуа. Яна, элегантная дама з добрым густам, была шакаваная стылем Аланда і яго сяброўкі Валеры.
Правая апазіцыя, між тым, ва ўсю рэкламуе запіс Бруні, у той час як сацыялісты кажуць, што творчасць былой першай лэдзі нікому ўжо не цікавая. Так ці інакш, байцоўскі жэст Карлы сведчыць, што яе муж таксама гарыць жаданнем помсты за правал на прэзідэнцкіх выбарах. Прэса зноў пачала спрачацца наконт магчымай даты, калі Нікаля вернецца на палітычную авансцэну.
Паводле французскай прэсы