Папа Францішак у Афрыцы: справядлівасць, любоў, міласэрнасць — сапраўдныя гарантыі міру

Папа Рымскі Францішак 29 лістапада наведаў Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку — трэцюю і апошнюю кропку свайго афрыканскага візіту.



papa3.jpg

Падчас Імшы ў архікатэдральным касцёле сталіцы краіны Бангі ён нагадаў, што ў справе распаўсюджвання Евангелля фінансавыя магчымасці не з’яўляюцца галоўнымі. “Дастаткова падзяляць жыццё Божага народа, даючы сведчанне аб надзеі, якая ёсць у нас, будучы сведкамі бясконцай міласэрнасці Бога”, — сказаў пантыфік.

Ён падкрэсліў, што гэта пакліканне патрабуе ўдасканалення ў любові да ворагаў і прабачэнні і нагадаў, што евангелізатары павінны быць “першымі рамеснікамі прабачэння, спецыялістамі ў прымірэнні і экспертамі ў міласэрнасці”, каб дапамагчы вернікам пераадолець існуючыя праблемы, пазбавіцца пачуцця помсты і выйсці са спіралі насілля, паведамляе Радыё Ватыкана.

Францішак адзначыў, што “там, дзе пануе насілле, нянавісць, несправядлівасць і пераслед”, хрысціяне пакліканы так любіць адно аднаго, каб гэта прываблівала іншых. Тых жа, хто выкарыстоўвае імя Бога для апраўдання насілля, ён заклікаў адкласці прылады смерці і ўзброіцца справядлівасцю, любоўю і міласэрнасцю, якія ён назваў сапраўднымі гарантыямі міру.

Тэма “экуменізму крыві” была ўзнята пантыфікам падчас сустрэчы з прадстаўнікамі пратэстанцкіх супольнасцяў. Ён падкрэсліў, што Бог не робіць адметнасцяў паміж тымі, хто пакутуе ад несправядлівасці і сляпой нянавісці, якую выклікае злы. Пры гэтым пантыфік запэўніў у сваёй блізкасці ў сувязі з разбурэннем і падпалам сядзібы адной з мясцовых евангелічных супольнасцяў.

Папа таксама заявіў, што “падзел паміж хрысціянамі — гэта скандал”, бо супярэчыць волі Госпада і недапушчальны “перад абліччам вялікай нянавісці і насілля, якія раздзіраюць чалавецтва, перад абліччам шматлікіх бар’ераў, якія паўстаюць перад Евангеллем Хрыста”. Ён заклікаў працягваць супольнае служэнне патрабуючым для сведчання аб Пану і адзінстве.

Таксама Францішак наведаў лагер для бежанцаў на ўскраіне Бангі. У сваёй прамове пантыфік заклікаў усіх маліцца аб міры і рабіць усё для яго дасягнення. Мір не магчымы, калі няма любові, прабачэння, сяброўства і паяднання. “Гэтага я жадаю ўсяму народу вашай краіны — вялікага і трывалага міру, каб маглі ў ёй жыць, незалежна ад этнічнай, моўнай, рэлігійнай прыналежнасці, незалежна ад перакананняў, паколькі ўсе мы з’яўляемся братамі і таму маем права жыць у супакоі”, — сказаў Папа.

krynica.info