Папа Рымскі ў Кеніі: міжрэлігійны дыялог — не раскоша, а неабходнасць

У святле нядаўніх тэрактаў у Кеніі і ў іншых краінах Папа Рымскі Францыск пачаў свой другі дзень візіту ў Афрыку тым, што падкрэсліў неабходнасць міжканфесійнага супрацоўніцтва ў мэтах ўстанаўлення міру.



pope_francis_walks_with_pres_uhuru_kenyatta_at_the_state_house_in_nairobi_kenya_on_nov_26_2015_credit_martha_caldern_cna_cna_11_25_15_e1448545081901.jpg

Фота з сайта krynica.info/

Падчас сустрэчы 26 лістапада з лідарамі розных канфесій і экуменічнага руху ў апостальскай нунцыятуры ў Найробі Папа Францішак адзначыў, што, нягледзячы на ​​сваю цяжкасць, экуменічныя сувязі з’яўляюцца абавязковымі. «Экуменічны і міжканфесійны дыялог — гэта не раскоша. Гэта істотная з’ява, у якой усё больш мае патрэбу наш свет, зранены войнамі і неразуменнем», — заявіў Папа.

Пантыфік таксама ўспомніў аб нядаўніх тэрактах, учыненых самалійскай групоўкай «Аль-Шабаб», у выніку якіх загінула 228 кенійцаў.

«Я разумею, што варварскія злачынствы, учыненыя ў Уэстгейт Моле, Гарыскім універсітэце і Мандэры, яшчэ свежыя ў вашай памяці, — адзначыў ён. — Занадта часта маладыя людзі пачалі паддавацца радыкальнай прапагандзе і сеяць разлад і страх, руйнуючы саму тканіну грамадства. Менавіта таму вельмі важна, каб нас успрымалі як прарокаў міру, якія заклікаюць іншыя народы і рэлігіі жыць у міры, гармоніі і ўзаемапавазе!»

Пантыфік таксама зноў нагадаў пра важнасць таго, каб у імя Госпада ніколі не здзяйсняўся гвалт і памаліўся аб шчырым пакаянні ўсіх, хто здзейсніў злачынства ў імя рэлігіі.

«Давайце ж памолімся аб тым, каб усе людзі ставіліся адзін да аднаго як браты і сёстры, мірна пераадольваючы ўсе разлады. Памолімся ж за мір!» — завяршыў пантыфік сваю прамову.

krynica.info