Парламент Грэцыі ўхваліў перайменаванне Македоніі
Грэчаскія дэпутаты падтрымалі пагадненне з Македоніяй аб яе перайменаванні ў Рэспубліку Паўночная Македонія. Гэта рашэнне адкрывае Скоп'е шлях у Еўрасаюз і NАТO.
Парламент Грэцыі ўхваліў пагадненне з Македоніяй аб перайменаванні гэтай краіны ў Рэспубліку Паўночная Македонія. За гэты дагавор са Скоп'е ў пятніцу, 25 студзеня, прагаласавалі 153 дэпутаты — прадстаўнікі кіруючай партыі прэм'ер-міністра Алексіса Цыпраса, а таксама некалькі незалежных парламентарыяў. Супраць выказаліся 146 дэпутатаў, яшчэ адзін устрымаўся, паведаміў старшыня парламента.
Рашэнне аб перайменаванні краіны ў Рэспубліку Паўночная Македонія парламент у Скоп'е ухваліў яшчэ 11 студзеня, адпаведныя папраўкі ў канстытуцыю падтрымала неабходная большасць дэпутатаў — дзве траціны (81 з 120).
Прэспанскае пагадненне
У чэрвені 2018 года прэм'ер-міністр Грэцыі Алексіс Цыпрас і яго македонскі калега Зоран Заеў падпісалі Прэспанскае пагадненне аб перайменаванні Македоніі ў Рэспубліку Паўночная Македонія. Праз некалькі месяцаў у Македоніі прайшоў рэферэндум, удзельнікі якога адказвалі на пытанне: "Ці падтрымліваеце вы ўступленне ў ЕС і NАТO, пагаджаючыся з дамовай паміж Македоніяй і Грэцыяй?"
Канфлікт паміж Афінамі і Скоп'е
Спрэчка вакол назвы дзяржавы Македонія паўстала ў 1991 годзе пасля абвяшчэння незалежнасці гэтай былой югаслаўскай рэспублікі. Прычына канфлікту крыецца ў наяўнасці ў складзе Грэцыі вобласці Македонія. Афіны асцерагаюцца, што ў выпадку замацавання назвы "Македонія" за суседняй краінай Скоп'е можа прад'явіць тэрытарыяльныя прэтэнзіі на грэчаскую вобласць. З-за гэтага афіцыйнай назвай Македоніі ў ААН з 1993 года з'яўляецца словазлучэнне "Былая югаслаўская рэспубліка Македонія", а Афіны блакуюць уступленне Скоп'е ў Еўрасаюз і NАТO.
Паводле www.dw.com