Парсюка ў прэзідэнты!

Пяцьдзясят гадоў таму за акіянам паспрабавалі высунуць на пасаду прэзідэнта ЗША звычайную свінню. Смешна? Аднак сучаснікі называлі тую падзею пачаткам Другой амерыканскай рэвалюцыі.

Фота www.thedailybeast.com

Фота www.thedailybeast.com

Напэўна, камусьці такія ацэнкі, як «пачатак Другой амерыканскай рэвалюцыі» сёння падаюцца трошкі перабольшанымі, аднак 50 гадоў таму з гэтым, напэўна, не пагаджаліся. У 1968-м ЗША сапраўды вельмі моцна ліхаманіла. Двума гадамі раней быў забіты прэзідэнт Кенэдзі, што выклікала крызіс у палітычнай эліце. Забойства змагара за грамадзянскія правы Марціна Лютэра Кінга радыкалізавала рух афраамерыканцаў. Мільёны людзей выходзілі на вуліцы, патрабуючы спыніць вайну ва В’етнаме. Не дзіўна, што шматлікія абывацелі ўсур’ёз думалі пра хуткі фінал палітычнай мадэлі, якую калісьці заклалі бацькі-заснавальнікі Злучаных Штатаў.

Аднак самае пекла было яшчэ наперадзе. Напрыканцы жніўня 1968-га ў Чыкага павінен быў адбыцца партыйны канвент дэмакратаў, дэлегаты якога збіраліся абраць кандыдата ў прэзідэнты. Падзея прыцягнула ўвагу антываенных актывістаў, паколькі менавіта адміністрацыя дэмакратаў лічылася адказнай за вайсковую эскалацыю ва В’етнаме. Была абвешчаная нацыянальная мабілізацыя для акцый у Чыкага. Не прайшлі міма канвента і анархісцкія фракцыі субкультурнага руху хіпі, якія напрыканцы 1967-га аформіліся ў асобную групоўку — Моладзевая міжнародная партыя (Yippies). Дзякуючы перформансам накшталт захопу біржы ў Нью-Ёрку Yippies зрабілі сябе добрае паблісіці.

Прыблізна ўвесну 1968-га ў кіраўніцтве Yippies паўстала ідэя высунуць у прэзідэнты звычайную свінню. Хаця першапачаткова кандыдатам бачылі «смуроднага і агіднага парсюка вагай у 200 кілаграмаў», у выніку выбар быў зроблены на карысць дастаткова маладога 60-кілаграмовага парсючка. Яго прадаў радыкалам адзін фермер. Свінню ахрысцілі «Пігасусам», што было гульнёй слоў «pig» (свіння) і «Pegasus» (Пегас, крылаты конь у антычнай міфалогіі).

Намінаваць парсюка ў прэзідэнты планавалася напярэдадні адкрыцця канвенту. Пасля намінацыі Yippies хацелі патрабаваць ад уладаў, каб Пігасус разглядаўся ў якасці законнага кандыдата. Гэта значыць, каб яму была дадзена дзяржаўная ахова і магчымасць праводзіць знешнепалітычныя брыфінгі ў Белым доме. Дарэчы, на той час стала вядомая і прэтэндэнтка ў першыя лэдзі — сімпатычная сяброўка Пігасуса па мянушцы Пігі-Уігі.

Акрамя намінацыі свінні Yippies вырашылі не даць дэмакратам абраць свайго кандыдата. Сарваць дэмакратычны канвент меркавалася за кошт цэлай серыі акцый: ад прапановы кідаць цвікі з эстакад на дарогу, каб перашкаджаць руху аўтамабіляў, да ідэі запусціць наркотык ЛСД у гарадскі водаправод. На самай справе, такія публічныя заклікі былі часткай піяр-кампаніі для прыцягнення інтарэсу да праекту Yippies.

Аднак ані гарадскія ўлады, ані Белы дом пра гэта не ведалі. Таму напярэдадні з’езду дэмакратаў Чыкага нагадваў сапраўдную крэпасць у аблозе. Акрамя 12 тысяч мясцовых паліцэйскіх, парадак ахоўвалі 7500 жаўнераў і 6000 нацыянальных гвардзейцаў.

Нягледзячы на хеўру сілавікоў, Yippies удалося даставіць свінню-кандыдата ў адзін з цэнтральных паркаў, дзе пачалася цырымонія намінацыі. Але перш чым кандыдат паспеў зарокхаць («сказаць прамову»), семярых актывістаў затрымалі і пагрузілі ў паліцэйскі аўтазак. Разам з імі туды закінулі і Пігасуса. А вось кандыдатка ў першыя лэдзі так лёгка сябе затрымаць не дала. Шэсць (!) копаў пад смех прысутных доўга ганяліся за Пігі-Уігі па парку.

Арышт парсюка стаў уверцюрай да моцных вулічных беспарадкаў, якія цягнуліся ўвесь наступны тыдзень. На працягу тыдня, у які праходзіў з’езд Дэмакратычнай партыі, з траўмамі ў бальніцы Чыкага былі шпіталізаваныя 101 чалавек. Бітва ў Чыкага вельмі моцна паўплывала на эліту, якая зразумела, што з в’етнамскай авантурай трэба неяк заканчваць.

Што тычыцца героя сюжэту, то яго далейшы лёс дасюль дакладна невядомы. Некаторыя лічаць, што кандыдата ў прэзідэнты з’еў афіцэр паліцыі. А вось «Chicago Tribune» пісала, што пасля ўзяцця пад варту паліцыяй Пігасуса трымалі ў пастарунку. Пасля кандыдата перадалі Таварыству супраць жорсткага абыходжання з жывёламі. Яны выпусцілі парсюка на сваю ферму.

Аднак гэта быў яшчэ не фінал. Хутка лідараў Yippies выклікалі ў высокі суд, дзе ім былі выстаўленыя абвінавачванні ў антыграмадскіх паводзінах, парушэнні грамадскага парадку і перавозе свінні ў Чыкага. Суд ператварыўся ў цырк-шапіто, паколькі абвінавачаныя давалі паказанні пра сур’ёзнасць сваіх намераў правесці выбарчую кампанію Пігасуса. Нягледзячы на ўсю камічнасць імпрэзы, працэс асвятлялі вядучыя СМІ краіны. Менавіта тады і была агучана думка, што ў Амерыцы пачалася другая рэвалюцыя. З улікам таго, якую трансфармацыю перажыла краіна ў 1960–1970-я гады, магчыма, аўтар тэзісу мае рацыю.

Напрыканцы — нечаканы аспект гісторыі. Як пазней прызнаўся Джэры Рубін, адзін з лідараў Yippies, «мы прайшлі з Пігасусам немалы адрэзак жыццёвага шляху, у тым ліку арышт і ўціск грамадзянскіх правоў, і палюбілі яго як свайго». Па слядах кампаніі Yippies заклікалі аднадумцаў-радыкалаў не ўжываць слова «свіння» як сінонім паліцэйскага, паколькі «гэта абразліва для жывёл».