Парыж: Загадкі пятніцы 13-га
Французскі журналіст Аляксандр Чукаеў распавядае журналісту НЧ Алегу Новікаву пра некаторыя малавядомыя дэталі трагедыі 13 лістапада ў Парыжы і цяперашнюю сітуацыю ў краіне.
Фота www.birdinflight.com/
— Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд заявіў, што за тэрактамі ў Парыжы стаіць «Ісламская дзяржава», і абвясціў ёй вайну. Ці не паспяшаўся французскі гарант?
— Трэба пачаць з таго, што вайна супраць ІД была абвешчаная яшчэ ўзімку пасля забойства журналістаў часопісу «Charle Hebdo». Аднак тады пра яе хутка забыліся. Зараз, быццам, робяцца больш рашучыя крокі, аднак у спецыялістаў гэта выклікае смех. Так, урад адрапартаваў, што скінуў на горад Ракка, сталіцу ІД, аж 20 бомбаў. Відавочна, што лезці ў Сірыю, дзе і без таго ўжо змагаюцца паміж сабой 46 груповак, Парыж не будзе. Вайна з ІД абмяжуецца пошукам тэрарыстаў унутры краіны. Такая стратэгія гуляе на руку прэзідэнту, якому зрабілі імідж слабага, бязвольнага палітыка. Цяпер у лідара партыі сацыялістаў ёсць шанец за кошт буйных паліцэйскіх хапуноў ненавісных ісламістаў трошкі палепшыць рэйтынг перад важнымі рэгіянальнымі выбарамі, якія па сутнасці адчыняюць прэзідэнцкую кампанію 2017-га.
— Як спецслужбы маглі дапусціць правядзенне такога маштабнага тэракту, асабліва з улікам таго, што не так даўно яны прашляпілі напад на рэдакцыю «Charle Hebdo»?
— Наша паліцэйская машына, сапраўды, амаль бяссільныя. Калі верыць статыстыцы, у Францыі каля 11 тысяч сімпатызантаў ІД. Галоўным чынам гэта беспрацоўная арабская моладзь. Сацыяльная дапамога для такіх, як яны, складае каля 450 еўра на месяц, што вельмі мала. Каб выжыць, яны хутка сыходзяць у крымінал. Сталыя канфлікты з паліцыяй выклікаюць сімпатыю да ўсіх ворагаў сістэмы, і, натуральна, ІД. Найбольш неадэкватныя едуць у Сірыю і завязваюць кантакты з цэнтрамі джыхадыстаў. Гэтых турыстаў яшчэ можна неяк вылічыць, аднак прыцягнуць да адказнасці цяжка. Таксама цяжка сачыць за іх перапіскай у сеціве. Апошнім часам камунікацыя ідзе ў рамках анлайн-гульняў, дзе гульцы могуць размаўляюць паміж сабой. Пакуль нашы спецыялісты не прыдумалі, як кантраляваць гэтыя размовы. Увогуле, такіх гульняў шмат, і ўдзельнічаць у іх могуць па некалькі тысяч ананімаў адначасова.
— Якія матывы прымусілі гэтых людзей пайсці на тэракты, асабліва з улікам таго, што яны падрывалі сябе?
— Цяжка сказаць, у тым ліку таму, што іх учынкі абсалютна не падобныя на паводзіны шахідаў. Напрыклад, бельгійская групоўка абсалютна не збіралася ахвяроўваць сабою. Яны прыехалі ў Парыж выключна, каб пастраляць па мінаках і кліентах кафэ. Паводзіны камікадзе таксама вельмі дзіўныя. Адзін з іх проста доўга гуляе вакол плошчы Нацыі, каб пасля падарваць сябе. Тыя, што не трапілі на стадыён, чамусьці вырашаюць узарваць сябе дастаткова далёка ад натоўпу. Хаця аб’ектаў для атакі вакол стадыёну было шмат — напрыклад, шэрагі аўтазакаў і аўтобусаў са спецназам, які ненавідзіць уся шпана ў бедных прыгарадах. Таму адразу ўзнікла версія, што бомбы ўзарваў нехта звонку праз адпаведны радыёсігнал. Ёсць думка, што тыя хлопцы былі проста кур’ерамі, якія мусілі даставіць выбуховыя матэрыялы за грошы ў нейкае месца. ІД, як правіла, аплачвае такія аперацыі.
— Аднак яшчэ быў клуб «Bataclan», дзе і загінула больш за ўсё людзей.
— Там таксама шмат нелагічнага. Незразумела, якім чынам група ўзброеных людзей спакойна прайшла ў клуб, пасля таго, як нейкі час гуляла па кварталу. Пасля тэрактаў 1995-га ў Парыжы любая такая ўстанова мае ахову, што, як правіла, набіраецца з былых сілавікоў. Не зразумела, чаму спецназ так доўга (прыкладна паўтары гадзіны) вёў перамовы, даючы тэрарыстам час для забойства прысутных у памяшканні. Самі яны ў гэты час то чыталі закладнікам лекцыі, то забівалі іх, то шукалі параненых… Такое ўражанне, што гэта былі нейкія «пінгвіны» (так у нас называюць людзей пад наркотыкамі). Адным словам, следству ёсць над чым папрацаваць. І галоўная нестасоўка: усе акцыі злачынцы праводзілі ў бедных кварталах. Іх галоўнымі ахвярамі ў выніку становяцца такія ж, як яны, бедныя — арабы і чарнаскурыя або моладзь. Гэта супярэчыць прапагандзе ІД, якая намагаецца выяўляць сябе абаронцам менавіта сацыяльна маргіналізаваных мусульман. Тое, што былі забітыя звычайныя людзі, вельмі моцна б’е па іміджу ісламістаў.
— Франсуа Аланд адразу пасля тэрактаў абвясціў надзвычайнае становішча. Як гэта адаб’ецца на французах?
— Наўрад ці гэта будзе тычыцца звычайных французаў. Пацерпяць імігранты, якіх цяпер можна арыштаваць адразу на мяжы і дэпартаваць. Аланд таксама абяцае зачыняць мячэці, дзе гучаць радыкальныя пропаведзі. Сілавікі атрымалі права без санкцыі пракурора рабіць ператрусы і г.д. Пакуль цяжка сказаць, які будзе вынік, акрамя дакладнага росту выдаткаў на МУС. У прынцыпе, грамадству пакуль гэта абыякава. Французы не могуць да канца зразумець, што адбылося. Не могуць зразумець, чаму стала магчымым, што ў Парыж прыехалі нейкія адмарозкі і сталі забіваць людзей на вуліцах.