Пракурор Парыжа: Меркаваны арганізатар тэрактаў сапраўды забіты ў ходзе рэйду
Меркаваны арганізатар тэрактаў у Парыжы Абдэльхамід Абаўд быў забіты ў ходзе спецаперацыі французскага спецназа, якая прайшла 18 лістапада ў раёне Сен-Дэні.
Пра гэта паведаміў пракурор Парыжа Франсуа Мален.
Нагадаем, што раней са спасылкай на неназваныя крыніцы ў выведцы пра гэта напісала The Washington Post.
У той жа час, выступаючы ў французскім парламенце, прэм’ер-міністр Мануэль Вальс папярэдзіў, што тыя, хто плануе новыя тэракты ў Францыі, могуць ужыць хімічную або бактэрыялагічнцю зброю.
Вальс заявіў, што «фантазія тэрарыстаў не мае межаў», таму неабходна рыхтавацца да любога магчымага варыянту.
Як падкрэсліў французскі прэм’ер, у першую чаргу гаворка ідзе аб небяспецы, якая зыходзіць ад экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава».
Па словах Вальса, «тэрарысты атакуюць Францыю не за тое, што яна робіць у Іраку і Сірыі, а за яе сутнасць». «Новымі становяцца метады: яны ўсё больш дасканала нападаюць і забіваюць. Макабрычнае мысленне тых, хто аддае загады, знаходзіцца па-за мядою дабра і зла. Узброеныя напады, адразанне галоў, падрыўнікі-самазабойцы, нажы ці ўсё гэта разам», — сказаў прэм'ер Францыі.
Дэпутаты французскага парламента ўхвалілі падаўжэнне на тры месяцы рэжыму надзвычайнага становішча ў Францыі, якое было ўведзена пасля тэрактаў мінулай пятніцы.
Кіраўнік паліцэйскай службы Еўрасаюза (Еўрапол) Роб Уэйнрайт назваў парыжскія напады сур'ёзнай эскалацыяй тэрарыстычнай пагрозы ў Еўропе і папярэдзіў аб верагоднасці новых тэрактаў. «Заканамерным будзе прызнаць, што верагоднасць новых нападаў высокая», — сказаў Уэйнрайт, выступаючы ў Еўрапейскім парламенце.
«Гэта самая сур'ёзная тэрарыстычная пагроза, з якой сутыкнулася Еўропа за апошнія 10 гадоў», — дадаў кіраўнік Еўрапола.
20 лістапада ў Еўрапарламенце пройдзе пазачарговая сустрэча міністраў унутраных спраў краін-членаў ЕС. На ёй плануецца абмеркаваць каардынацыю намаганняў па забеспячэнні бяспекі ў Еўропе.
У выніку серыі нападаў на грамадскія месцы ў Парыжы ў ноч на 14 лістапада загінулі па меншай меры 129 чалавек, яшчэ больш за 300 атрымалі раненні, стан некаторых з іх ацэньваецца як крытычны.
Паводле ВВС