Прапан-бутанавая рэвалюцыя

Сярэдні ўзрост насельніцтва Казахстана — менш за 32 гады. Маладыя мужчыны, што панапрыязджалі на заробкі ў гарады, і сталі тым сацыяльным субстратам, на якім успыхнуў пратэст.
Пачну з цытаты, запазычанай у расійскага блогера Аляксандра Горнага: «Можна доўга разважаць пра тое, што стала каталізатарам казахскіх пратэстаў, але большасці людзей абсалютна ўсё адно, хто цар і як яго завуць, для людзей істотныя разумная эканамічная палітыка, дабрабыт у доме, празрыстая праца праваахоўных і судовых органаў. У адваротным выпадку расце сацыяльнае напружанне і патрэбна толькі запалка, хоць цяпер хопіць нават іскры».

Блогер — ён і ёсць блогер. Што з яго ўзяць? Гэта вам не абцяжараныя навуковымі ступенямі супрацоўнікі акадэмічных інстытутаў НАН РБ, якія шчодра дзеляцца ацэнкамі казахскіх падзей у дзяржаўных СМІ. Аднак ні адзін з тых, хто мае навуковыя рэгаліі, і блізка да ўзроўню расійскага блогера не падышоў.

Дыпламаваныя навукоўцы жывуць у свеце, у якім нічога не адбываецца натуральным шляхам. За кожнай негатыўнай падзеяй яны бачаць лялькавода, які тузае за вяровачкі марыянетак. Нават хаос, на думку дзяржаўных навукоўцаў, не здольны паўстаць сам сабой. Калі ён дзе-нідзе ў нас часам і ўзнікае, дык заўсёды ў форме кіруемага звонку хаосу.

Што да пазітыўных падзей, то яны — вынік мэтанакіраваных намаганняў улады. Бо як інакш? Не дай беларускаму селяніну своечасова каманду распачаць сяўбу, не даручы пракурорскім супрацоўнікам сачыць за выкананнем тэхналагічнай дысцыпліны — глядзіш, так краіна, грамадства і дзяржава застануцца без хлеба. Але, дзякуй Богу, ёсць яшчэ каму даручаць і ёсць каму кантраляваць.

Вочы ёсць — глядзі няма

За апошні дзясятак гадоў мне неаднаразова даводзілася звяртацца да тэмы неадэкватнасці. Чарговым разам прывяду выказванне расійскага культуролага Ігара Якавенкі на вечна актуальную для беларускай мадэлі тэму: «Назіраецца цікавая заканамернасць: у момант глыбокага крызісу дамінуе татальная неадэкватнасць сітуацыі, якая склалася. На фармальна-лагічным узроўні выратавальныя рашэнні існуюць. Але эліта і шырокія масы катэгарычна не гатовыя прыняць гэтыя рашэнні».

Абмяжуюся адным гістарычным прыкладам. У сярэдзіне XIV стагоддзя, калі туркі ўжо бралі Візантыю за горла, Канстанцінопаль быў захоплены спрэчкамі пра Фаворскае святло (паводле хрысціянскага падання, Боскае святло, якім заззяла аблічча Хрыста пры Перамяненні. «І перамяніўся перад імі: і заззяла аблічча Ягонае, як сонца, адзенне ж Яго зрабілася белым, як святло», — гаворыцца ў Евангеллі ад Мацфея). Гэтую тэму бурна абмяркоўвалі нават гандляркі на кірмашах.

Сёння на «Камароўцы» кірмашовыя гандляркі гавораць паміж сабой прыкладна пра тое ж, што абмяркоўваюць іх расійскія калегі (глядзі цытату ў пачатку артыкула). Іншая справа — людзі з навуковымі ступенямі. Нягледзячы на тысячы кіламетраў, якія аддзяляюць Мінск ад Алматы, яны, нават не адрываючы свае азадкі ад мяккіх фатэляў, змаглі разглядзець тое, што і чакалі ўбачыць: метадычкі Шарпа, арганізаваны мяцеж, дасведчаную руку прафесійных «каляровых рэвалюцыянераў».

Яны здолелі! Чаго не скажаш пра супрацоўнікаў Камітэта нацыянальнай бяспекі Казахстана. Вочы ёсць — глядзі няма. З вушамі аналагічная гісторыя. Немалаважная дэталь. Шчыльнасць насельніцтва ў Казахстане — адна з самых нізкіх у свеце: менш за 7 чалавек на квадратны кіламетр. Здавалася б, пры такой шчыльнасці любая самаарганізацыя ператвараецца ў невырашальную задачу. Але дзясяткі тысяч чалавек выйшлі пратэставаць, і ў іх на супольны збор сышлі лічаныя гадзіны. Без адпаведнай падрыхтоўкі такое немагчыма! Дык дзе ж былі супрацоўнікі КНБ, у якой чайхане яны нетаропка пілі кумыс ды разважалі пры гэтым пра вартасці Елбасы?

Аўтарытарызм — ён і ў Казахстане аўтарытарызм

Спланаванасць падзей у Казахстане для афіцыйнай аналітычнай думкі бясспрэчная. Не выкладваючы на стол аніводнага факта, яе адэпты разважаюць пра наяўнасць «моцнай пятай калоны, тых казахстанскіх элітных і бізнес-груп, якія арыентуюцца на Вялікабрытанію і ЗША».

На думку палітолага Пятра Пятроўскага, падпальшчыкі аўтамабіляў і аматары цягнуць з крам усё, што патрапіць пад руку, здольныя думаць геапалітычнымі катэгорыямі: «Яны разам са сваімі гаспадарамі хочуць праз грамадзянскую вайну і дзяржаўны пераварот арганізаваць праблемы Кітаю і Расіі, перашкодзіць фарміраванню стратэгічнага альянса Масквы і Пекіна і іх барацьбе з дыскрымінацыяй Захадам непажаданых яму краін».

Усход — справа тонкая. Гэта вам не абывацелі ў Крыме, чые патрабаванні не выходзяць за рамкі разумнай эканамічнай палітыкі!

Цяперашнія пратэсты ў асяродку працоўных на нафтавых і газавых радовішчах, зрэшты, як і пратэсты дзесяцігадовай даўніны, пачаліся на паўвостраве Мангышлак. Распрацоўка карысных выкапняў у Казахстане, натуральна, вядзецца пры ўдзеле заходняга капіталу, але пад кіраўніцтвам найбліжэйшых сваякоў Назарбаева (клан Шапырашты). Нацыянальны лідар — на тое і нацыянальны лідар, каб не даць разрабаваць нацыянальныя багацці людзям выпадковым — і ўжо хаця б з гэтай прычыны багаццяў не вартым.

У прыватнасці, газавым аператарам у рэспубліцы з'яўляецца дзяржкампанія «КазМунайГаз». Тут самы час нагадаць, што з двухразовага павелічэння цаны на прапан-бутан (асноўны від паліва для аўтамабіляў у Казахстане) усё і пачалося. Сярод кіраўнікоў дзяржкампаніі — знаёмыя Елбасы асобы: старшыня савета дырэктараў — пляменнік, віцэ-прэзідэнт — зяць.

У любой аўтарытарнай сістэме колькасць «дапушчаных да стала» невялікая. Гэта аксіёма, аднак важным адрозненнем Казахстана ад Беларусі і Расіі з'яўляецца сярэдні ўзрост насельніцтва краіны — менш за 32 гады. Маладыя мужчыны, якія прыехалі на заробкі ў гарады, і сталі тым сацыяльным субстратам, на якім успыхнуў пратэст.

Не дзіўна, што цэнтрам пратэсту была не сталіца Нур-Султан, з яе лаяльнымі чыноўнікамі і сілавікамі, а Алматы — горад, перапоўнены прыезджымі, што шукаюць лепшай долі ды вышэйшых заробкаў, у якім за апошнія дзесяць гадоў узровень злачыннасці вырас у чатыры разы.

***
6 студзеня прэзідэнт Такаеў заявіў, што за пратэстоўцамі «стаялі ўнутраныя або знешнія арганізатары». Беларусаў такімі заявамі не здзівіш. Аўтарытарызм — ён і ў Казахстане аўтарытарызм. Пры ўсёй нацыянальнай разнастайнасці, недэмакратычныя рэжымы не здольныя называць праблемы сваімі імёнамі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: