Павел Усаў: Ад падзей у Казахстане выйграе Расія
Расія — гэта краіна, якая выгадае ад падзей у Казахстане, якая ўзмоцніць сваю прысутнасць і актыўнасць у постсавецкім рэгіёне. Ці яна інспіравала, ці стаяла за падрыхтоўкай гэтага канфлікту, зараз вельмі цяжка сказаць, лічыць палітолаг Павел Усаў.
![kazakhstan_protests_russia_okdb.jpg kazakhstan_protests_russia_okdb.jpg](/img/v1/images/kazakhstan_protests_russia_okdb.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У анлайн-фармаце прайшоў
пазачарговы саміт АДКБ, прысвечаны крызісу ў Казахстане. Апошнія падзеі ў гэтай
краіне і саміт «Радыё Рацыя» абмяркоўвае з палітычным аналітыкам Паўлам Усавым.
— Ці сачылі вы за гэтым самітам?
— Трэба разумець, што гэтая канферэнцыя праходзіла ў надзвычайных умовах, калі не зусім зразумела, што насамрэч адбываецца ў Казахстане. І спроба яшчэ больш замацаваць пазіцыі самога Такаева ў той сітуацыі, якая склалася ў Казахстане, каб цалкам узяць у свае рукі кантроль за палітычнымі працэсамі і данесці асноўную палітычную, ідэалагічную думку, якую рэжым Такаева намагаецца навязаць і постсавецкай прасторы, і міжнароднай супольнасці. І гэтая канцэпцыя кладзецца ў такія два асноўныя напрамкі — гэта знешняя пагроза, хоць насамрэч пакуль невядома, хто быў ініцыятарам вось гэтых пратэстаў звонку. А з іншага боку, ёсць скіраванне на тое, што гэта нейкія ўнутрыпалітычныя групы, якія цягам 2-3 гадоў рыхтавалі працэс дзяржаўнага перавароту. Людзі, на якіх скідваюцца гэтыя абвінавачанні, вядомыя. Гэта перш за ўсё былы кіраўнік Камітэта нацбяспекі Масімаў, якога арыштавалі. І збольшага гэтая канферэнцыя выкарыстоўваецца для таго, каб падкрэсліць ключавую ролю Расіі ў стабілізацыі той сітуацыі, якая склалася ў Казахстане.
Расія — гэта краіна, якая выгадае ад падзей у Казахстане, якая ўзмоцніць сваю прысутнасць і актыўнасць у постсавецкім рэгіёне. Ці яна інспіравала, ці стаяла за падрыхтоўкай гэтага канфлікту, зараз вельмі цяжка сказаць. І ўжо зараз гучаць правакатыўныя галасы адносна таго, каб як мага хутчэй Казахстан далучыць калі не да Расіі, то да яе інтэграцыйнай прасторы — эканамічнай і палітычнай. Гэтая палітыка будзе рэалізоўвацца. І, безумоўна, нельга не ўлічваць даволі вялікую расійскую меншасць, якая на сённяшні момант жыве ў Казахстане.
— Лукашэнка выказаўся, што толькі на АДКБ і спадзяецца. Гэта ён сказаў, каб дагадзіць Пуціну ці гэта яго адчуванні важнасці АДКБ?
— Я думаю, што для Масквы перш за ўсё вельмі важна зараз выкарыстаць гэтую сітуацыю, каб узмацніць інтэгральнасць і ўнутранае кіраванне АДКБ. І я лічу, што гэта вельмі добры момант для Расіі, каб менавіта ствараць гэтыя калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання.
Ёсць магчымасць стварыць нейкі абсалютна ўніверсальны, аўтаномны калектыўны орган такога кшталту, як NАТO, але з больш уплывовай прысутнасцю Расіі. І далей разбудоўваць ужо вайсковую інфраструктуру АДКБ на прасторы тых краін, якія ўваходзяць у АДКБ.
Напрыклад, стварэнне аператыўных вайсковых баз на тэрыторыях краін, якія б узмацнялі дзейнасць гэтых сіл пад кіраўніцтвам Расіі. Такой вайсковай складаючай і не хапала да апошняга часу ў стратэгіі Расіі.
Калі ім удасца праціснуць такі вайсковы аспект інтэграцыі, то яны атрымаць вельмі важны інструмент для палітычнага ўплыву.
Пытанне толькі ў тым,
наколькі могуць пагадзіцца на гэта іншыя дыктатары. У Лукашэнкі ў дадзенай
сітуацыі, напэўна, выбар не такі і вялікі. Калі Расія будзе прасоўваць гэтую
канцэпцыю, напэўна, Лукашэнка будзе вымушаны з гэтым пагадзіцца.