Валерый Карбалевіч: АДКБ будзе пераарыентавана на барацьбу з унутранымі ворагамі

АДКБ будзе пераарыеноўвацца дзеля барацьбы з Захадам. Лукашэнка адкрытым тэкстам казаў, што ўсе гэтыя пратэсты як у Казахстане, так і ў Беларусі, арганізаваныя Захадам. Пуцін жа казаў больш асцярожна пра нейкія там майданныя тэхналогіі і каляровыя рэвалюцыі. 

karbalevicz1_700x400_1.jpg

У анлайн-фармаце учора прайшоў пазачарговы саміт АДКБ, прысвечаны крызісу ў Казахстане. Палітычны аналітык Валерый Карбалевіч у эфіры Радыё Рацыя адзначыў, што Лукашэнка і Пуцін выкарысталі саміт АДКД для трансфармацыі арганізацыі і пераарыентацыі яе дзейнасці.


— Што адметнага адбылося на гэтым саміце?

— Пуцін і часткова Лукашэнка паспрабавалі выкарыстаць сітуацыю ў Казахстане і ўчарашні саміт для трансфармацыі АДКБ. Я б вызначыў тры кірункі гэтай трансфармацыі. Першы – гэта ўмацаваць і рэанімаваць АДКБ. Таму што дасюль яго цяжка было назваць паўнавартасным ваенна-палітычным блокам. І вось з’явіліся падзеі ў Казахстане, і гэта падстава для ўмацавання паўнавартаснага існавання гэтага блоку.

Другі момант – гэта спроба пераарыентацыі дзейнасці АДКБ. У статуце гэтай арганізацыі напісана, што яна створана для абароны краін-чальцоў ад вонкавай агрэсіі. І вось цяпер, пасля падзеяў у Казахстане, трохі іншая інтэрпрэтацыя адбываецца гэтага статуту. І цяпер АДКБ будзе арыентавана на барацьбу з унутранымі ворагамі ў краінах-чальцах. То бок, супраць народных паўстанняў, народных рэвалюцый, народнага пратэсту. Лукашэнка неяк выпадкова казаў, што гэта прэцэдэнт. І таму Масква і Менск хацелі б пераарыентаваць задачы і функцыі АДКБ.

І нарэшце, трэці кірунак – гэта пераарыентаваць АДКБ дзеля барацьбы з Захадам. Лукашэнка адкрытым тэкстам казаў, што ўсе гэтыя пратэсты як у Казахстане, так і ў Беларусі, арганізаваныя Захадам. Пуцін больш асцярожна казаў пра нейкія там майданныя тэхналогіі і каляровыя рэвалюцыі. Намякаў, што гэта таксама змова з боку Захаду. Масква і Менск імкнуцца ў такім кірунку пераарыентаваць дзейнасць АДКБ. А іншыя краіны не вельмі ахвотна на гэта ідуць, бо ў іх даволі добрыя стасункі з Захадам.

— Ці гэты саміт паказаў, што Пуцін па-ранейшаму дамінуе ў АДКБ?

— Безумоўна, на постсавецкай прасторы дамінуе Расія, дамінуе Пуцін. Менавіта Расія ініцыявала ўсе постсавецкія інтэграцыйныя аб’яднанні: СНГ, ЕўрАзЭС, АДКБ. І падзеі ў Казахстане павялічылі ролю Расіі на постсавецкай прасторы. Гэта відавочна.