«Забралі майго сына». У Казахстане затрымалі байца ММА, які раней падтрымаў пратэстоўцаў

Нічога не нагадвае?

У Казахстане, паводле інфармацыі мясцовых СМІ, затрыманы баец ММА Куат Хамітаў, які раней адным з першых публічна выказаў падтрымку пратэстоўцам.

«Я заўсёды з народам! Скажу жыхарам Жанаазена і Актаў, мы заўсёды з вамі», — сказаў спартсмен у сваім Instagram, на які падпісаныя амаль 460 тысяч чалавек.

Пазней з крытыкай уладаў і словамі падтрымкі выступілі яшчэ некалькі топавых спартсменаў, байцоў адзінаборстваў.

Зрэшты, як і ў Беларусі, іншыя знакамітыя спартсмены зрабілі выгляд, што нічога асаблівага не адбываецца —адны заклікалі «сядзець дома», іншыя загаварылі пра «падрыў стабільнасці» або працягнулі публікаваць прыгожыя фотаздымкі і сэлфі, адзначае «Салідарнасць».

11 студзеня, як паведаміла журналістам маці Куата Хамітава, байца проста ў яго доме затрымалі дзясятак сілавікоў і людзі ў цывільным, пры гэтым збілі: «Сказалі, што ён завадатар, і, не разбіраючыся ні ў чым, звезлі майго сына, хоць усе гэтыя дні ён быў дома».

Нагадаем, у Беларусі ціск на спартсменаў, якія выступілі з асуджэннем гвалту і падпісалі ліст за сумленныя выбары, выявіўся ў шматлікіх арыштах і «сутках», збіцці пры затрыманні, звальненнях, выключэннях са зборных. Многія спартсмены і іх сем'і вымушаныя былі пакінуць краіну, баючыся крымінальнага пераследу.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: