Права на рытуальнае забойства
Польскі Сейм прыняў папраўку ў адзін з параграфаў Закону аб ахове жывёл. Згодна з ёй, забараняецца рытуальнае ахвяраванне жывёл. Гэтаму рашэнню папярэднічалі даволі гарачыя дэбаты.
Нагадаем, што рытуальныя забойствы жывёл практыкуюцца ў семіцкіх рэлігіях (іудаізм і іслам), прадстаўнікі якіх даўно жывуць у Польшчы і, адпаведна, даўно мелі права на правядзенне падобных актаў.
Яшчэ ў ХІІІ стагоддзі кароль Баляслаў надаў яўрэйскім камунам Польскага каралеўства прывілей на вольную рэлігійную практыку, якая ўключала ў сябе права на рытуальнае забойства жывёл. Нягледзячы на росквіт антысемітызму ў сярэднявечныя часы, гэтая тэма антысемітаў мала цікавіла. Затое з пачаткам эры гуманізму стаўленне да такой з’явы, як гвалт з жывёл, кардынальна змянілася. Этычныя адносіны да братоў меншых пачынаюць разглядаецца як важны элемент агульначалавечай маралі, што знайшло таксама праяўленне ў заканадаўчым працэсе ў краі.
У 1844 годзе адміністрацыя Царства Польскага выдала спецыяльную інструкцыю наконт таго, як праводзіць тыя самыя крывавыя рытуалы. Аўтары выказваліся за тое, каб забіваць жывёл «як мага хутчэй, каб ім не было балюча». У 1936 годзе сейм ухваліў спецыяльную пастанову пра ветэрынарны і адміністратыўны кантроль над рытуальнымі забойствамі жывёл. А ў часы сацыялістычнай Польшчы такой праблемы ўвогуле не існавала, паколькі сам іудаізм быў амаль палітычнай крамолай.
У 1997 годзе выдадзены ўжо ў дэмакратычнай Польшчы закон патрабаваў, каб жывёл забівалі выключна пасля таго, як яны страцяць прытомнасць. Для гэтага, як правіла, ахвяру спачатку патрэбна аглушыць. Паколькі ў сакральных тэкстах пра кашэрнае мяса папярэдняе аглушэнне ахвяры нічога не гаворыцца, некаторыя групы артадоксаў закон не прызналі.
У студзені гэтага года, пасля скаргі эколагаў, Канстытуцыйны суд канчаткова забараніў рытуальныя забойствы без аглушэння. Цяпер Сейм фактычна забараніў рытуальныя забойствы жывёл без папярэдняга аглушэння.
На першы погляд, сфера дзейнасці, якую рэгулюе праект закона, мала цікавая для большасці палякаў. За выключэннем хіба што вернікаў згаданых вышэй культаў, а таксама абаронцаў правоў жывёл. Апошнія разгарнулі гэтым летам гучную кампанію супраць рытуалаў. Іх погляд на праблематыку зразумелы. Перарэзаць нажом, як патрабуе рытуал, горла жывой жывёле ў прысутнасці людзей — хіба гэта не ёсць варварства?
Аднак хутка дэбаты вакол рытуалаў выйшлі за рамкі асноўнага пытання — наколькі забарона рытуальных забойстваў парушае правы рэлігійнай камуны, якія гарантаваныя Канстытуцыяй? Прычынай стала новая інтэрпрэтацыя пытання з боку праціўнікаў папраўкі. Яны даводзілі, што галоўным матывам іх апанентаў ёсць латэнтны антысемітызм. Антысеміцкі бэкграўнд сапраўды прысутнічае ў часткі дэпутатаў правых партый, якія дружна выступілі ў абарону правоў жывёл. Аднак у дадзеным выпадку такая пастаноўка пытання развязала рукі ксенафобам, якія атрымалі апраўданне для сваёй агрэсіі.
Антысеміцкія выразы пад соусам абароны праў жывёл апошнім часам часта можна было сустрэць на шматлікіх польскіх інтэрнэт-форумах. Яшчэ большы антысеміцкі кураж выклікала ўльтыматыўная заява галоўнага польскага равіна Міхала Шудрыха (Michael Schudrich), які паабяцаў пайсці ў адстаўку і з’ехаць з краіны, калі не будзе лібералізацыі закона аб рытуальных забойствах жывёл.
Такога кроку не зразумелі нават ліберальныя СМІ, якіх цяжка абвінаваціць у прапагандзе ксенафобіі. «Gazeta Wyborcza» адзначала: «Тое, што кажа равін Шудрых, — амаральна з двух пунктаў. Па-першае, гэта абарона брутальнай рэлігійнай традыцыі, якая дрэнная сама па сабе. Па-другое, ён абвінавачвае ў антысемітызме людзей, якія самі часта былі ахвярамі яго палітыкі. Яго словы пра намер выехаць з Польшчы, калі не будзе выканана яго пажаданне, нагадваюць звычайны шантаж. Рэлігійны фанатызм у чыстым выглядзе». Адным словам, грамадская думка аказалася на баку прыхільнікаў кантролю за рытуаламі.
Праўда, барацьба вакол рытуалаў працягваецца і пасля галасавання 11 ліпеня. Цяпер Варшава аказалася пад дыпламатычным прэсінгам Тэль-Авіву, які вінаваціць яе ў парушэнні правоў яўрэйскай камуны. Працягвае рабіць гнеўныя заявы і равін Шудрых. Так, ён паведаміў, што «яўрэйская і ісламская грамады Польшчы аказаліся пад пагрозай існавання».
Праўда, з мусульманамі ўсё прасцей. Хаця закон ад 1936 года дае ім поўную аўтаномію ў пытанні, як трэба рыхтаваць ахвяру, ісламская грамада дастаткова спакойна ўспрыняла дыскусію пра неабходнасць пераменаў. Магчыма, польскія мусульмане, якіх вельмі мала, арыентуюцца на краіны Заходняй Еўропы, дзе даўно дасягнуты кампраміс паміж ісламскімі вернікамі і дзяржавай у гэтым пытанні. У Вялікабрытаніі, Германіі і Даніі распрацаваны метад аглушэння, які не супярэчыць рэлігійным догмам.
Аднак значна большае значэнне на будучыню польскай палітыкі ў галіне рытуальных забойстваў мае эканамічны аспект праблемы. Аказваецца, продаж «кашэрнага» і «халяльнага» мяса штогод прыносіць Польшчы каля 200 мільёнаў еўра.
Мясцовыя бойні экспартуюць прадукцыю ў Ізраіль і Турцыю. Таму міністэрства аграрнай палітыкі на восень мінулага году выдала 17 прадпрыемствам ліцэнзію на адмысловы забой жывёл. Цяпер з-за новага закону іх могуць не прызнаць адпаведнымі стандартам.
Наступны аспект звязаны з супярэчлівай рыторыкай улады, якая, быццам, абараняе правы жывёл. Палітыкі, якія выступалі за папраўку, дыскутуючы з праціўнікамі кантролю над рытуаламі, указвалі на тое, што рытуальнае забойства жывёл у Польшчы цалкам не забароненае. Як і раней, ахвяраванні дапускаюцца, аднак толькі «з улікам прынцыпаў публічнай маралі ў выглядзе нормы «папярэдняга аглушэння».
Аднак парадокс у тым, што наўрад ці публічная мараль у Польшчы прызнае практыку папярэдняга аглушэння падчас рэлігійных рытуалаў. У сваёй пераважнай масе палякі за поўную забарону рытуальных забойстваў жывёл. Пра гэта, прынамсі, сведчаць вынікі практычна ўсіх сацыялагічных апытанняў.
Відавочна, што са спасылкай на такія настроі эколагі будуць патрабаваць цалкам забараніць прынясенне жывёл у ахвяру. На першы погляд, прагрэсіўная ідэя можа выклікаць канфлікт з Еўрасаюзам, дзе права на рытуальныя забойства жывёл у прынцыпе прызнаецца, хаця яно і абмежаванае шматлікімі нормамі.