Небяспечная тэндэнцыя
Увядзенне адзіных сертыфікатаў на тавары лёгкай прамысловасці для прадпрымальнікаў Беларусі закранула і ўсходнюю частку Польшчы. Аптавікі з беластоцкіх рынкаў пачалі скардзіцца, што беларускія партнёры амаль спынілі ў іх закупку прадукцыі. Асабліва абутку і адзення.
![wwwsinkevich444mall.jpg wwwsinkevich444mall.jpg](/img/v1/news/full/wwwsinkevich444mall.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота cytadel.by
Незалежны эканамічны аглядальнік Аляксандр Сінкевіч называе ціск беларускіх уладаў на прадпрымальнікаў даўняй тэндэнцыяй.
— Гэтая тэндэнцыя працягваецца ўжо не першы год — менавіта зацісканне малога бізнэсу і спробы яго ўзбуйніць і перавесці на больш высокі ровень, каб рэгістраваліся не прадпрымальнікамі, а прыватнымі прадпрыемствамі. Каб неяк узбуйняліся. З імі тады прасцей працаваць, прасцей кантраляваць і збіраць падаткі. Гэта абсалютна зразумелая логіка ў дзеяннях ўладаў. Але гэта вельмі небяспечна ў плане сацыяльнай стабільнасці.
Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі прапанаваў прадпрымальнікам скааперавацца і стварыць уласную лабараторыю. Яна б праводзіла выпрабаванні, неабходныя для сертыфікацыі тавараў у адпаведнасці з тэхнічным рэгламентам Мытнага саюза. Аднак, на думку саміх прадпрымальнікаў, падобная прапанова выглядае фантастычна, дзяржава не зможа перадаць кантрольныя функцыі.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя