Прыватызацыя космасу пачалася
Пакуль увесь свет жыве падзеямі на Блізкім Усходзе, Барак Абама падпісаў закон, які дазваляе амерыканскім кампаніям прыватызаваць аб’екты ў космасе. Але насамрэч прыватызацыя ў космасе ўжо даўно адбываецца.
![maxresdefault6_logo.jpg maxresdefault6_logo.jpg](/img/v1/news/full/maxresdefault6_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Напэўна, сімвалічна, што новы закон Commercial Space Launch Competitiveneness Act (яго яшчэ называюць H.R. 2262), быў падпісаны напярэдадні прэм’еры новай серыі кінасагі «Зорныя войны». Менавіта гэта стужка ў свой час натхніла цэлую генерацыю амерыканцаў пачаць цікавіцца космасам і прапаноўваць самыя неверагодныя праекты.
Паводле падпісанага акту, амерыканскія фірмы атрымліваюць права на эксплуатацыю прыродных рэсурсаў, якія знаходзяцца па-за межамі нашай планеты. Цікава, што першапачаткова ініцыятары планавалі абмежавацца толькі астэроідамі. Аднак сябры Кангрэсу палічылі гэта недастатковым і падчас дэбатаў пашырылі дзеянне Акту на ўсе аб’екты Сонечнай сістэмы.
Такі дзіўны, на першы погляд, закон, які хутчэй нагадвае нейкі твор навуковай фантастыкі, адразу выклікаў іранічныя каментары: маўляў, Дзярждэп вырашыў стаць канкурэнтам «Пасольства Месяца» — камерцыйнай арганізацыі, што прадае зямельныя ўчасткі на Месяцы. Прычым сертыфікаты, якія выдае «Пасольства Месяца», не маюць юрыдычнай сілы.
Аднак не ўсё так камедыйна, як падаецца на першы погляд. Пачаць трэба з таго, што прыватызацыя ў космасе даўно адбываецца. Яшчэ ў 1961 годзе быў запушчаны першы прыватны спадарожнік Telstar 1, які прафінансавалі тэлевізійныя кампаніі. Хутка да іх далучыліся іншыя кампаніі, напрыклад, тыя, якія займаюцца прагнозам надвор’я. Ужо ў 1965 годзе давялося прымаць закон аб працы такіх спадарожнікаў над Атлантыкай. Цяпер прыватныя спадарожнікі — гэта цэлая індустрыя, якая ўжо на пачатку стагоддзя прыносіла да 6 мільярдаў прыбытку штогод. Актыўна паўстае касмічны турызм. Ёсць фірмы, якія займаюцца планамі эксплуатацыі астэроідаў. Вядучым гульцом у гэтай сферы лічыцца створаная ў 2009 годзе Planetary Resources Inc., якая ўжо паклала вока на некалькі астэроідаў, што знаходзяцца недалёка ад Зямлі.
Па словах лабістаў H.R. 2262, новы закон падштурхне кампаніі, якія ўжо працуюць у гэтай галіне, пашыраць гарызонты сваёй дзейнасці. Змест новага закону дазваляе ім увогуле не плаціць падаткі да 2023 года. Па-другое, закон гуляе на апярэджанне — уводзіць дастаткова прагрэсіўныя стандарты касмічнага бізнесу, на якія так ці інакш будуць арыентавацца ўсе прадпрымальнікі ў Галактыцы. Напрыклад, аўтары H.R. 2262 прапісалі суровую адказнасць за антыэкалагічныя ўчынкі. Ліберальныя эканамісты апладзіруюць закону, называючы яго самым буйным маніфестам у гісторыі цывілізацыі аб прызнанні правоў на прыватную ўласнасць.
Цікава, што ў лагеры аматараў Акту H.R. 2262 хапае і скептыкаў. Яны слаба вераць у тое, што ў хуткім часе магчымая такая аперацыя, як здабыча рэсурсаў нават на адносна не кепска вывучаным Месяцы. Аднак сам факт адкрыцця новага рынку, які дэкларуе новы закон, будзе спрыяць стварэнню новых рабочых месцаў. Не дарма рэкламу законапраекту зрабілі палітыкі з Фларыды, дзе знаходзіцца асноўная амерыканская пляцоўка для запуску ракетаў. У Фларыдзе ўжо чакаюць хуткіх новых кантрактаў на развіццё лакальнай касмічнай інфраструктуры і розных навуковых цэнтраў.
Не хаваюць амерыканцы і стратэгічны інтарэс, якім яны кіраваліся, даючы зялёнае святло для H.R. 2262. Імпарт на Зямлю карысных выкапняў з космасу можа цалкам змяніць геапалітычны пейзаж на нашай планеце. Нават сам факт паставак іншапланетых мінералаў робіць ЗША адназначным планетарным лідарам.
Некаторыя навукоўцы з NASA лічаць, што ідэя з прыватызацыяй космасу някепская, паколькі створыць у космасе станцыі, якія будуць самі забяспечваць сябе вадой і палівам. Гэта значыць, што касмічным караблям можна будзе выкарыстоўваць такія станцыі для запраўкі. Такая схема скароціць кошт аднаго галактычнага палёту па разліках Planetary Resources Inc у сярэднім на 50 мільёнаў долараў.
Праўда, другая фракцыя навукоўцаў лічыць, што сектар дасюль знаходзіцца на самым прымітыўным узроўні развіцця. «Большасць кампаній проста глядзяць у тэлескоп на зорнае неба і займаюцца калькуляцыяй будучых гешэфтаў, аднак ніхто дэталёва не разумее, як здабываць рэсурсы на астэроідах і дастаўляць іх сюды», — прызнае адзін з супрацоўнікаў Вашынгтонскага ўніверсітэта.
Натуральна, распавядаючы пра Space Launch Competitiveneness Act, нельга не закрануць пытанне, як новы закон суадносіцца з міжнародным правам. Рэакцыя ў іншых краінах на заканадаўчыя навіны з Вашынгтону, мякка кажучы, асцярожная. Па-першае, існуе Дамова пра космас 1967 года, якую падпісала каля ста дзяржаў. Дадзены акт абмяжоўвае выкарыстанне Месяца і іншых нябесных целаў толькі ў мірных мэтах, забараняе іх выкарыстанне для выпрабаванняў любой зброі, правядзення ваенных манеўраў, стварэння ваенных баз… Таксама ў дамове гаворыцца, што космас не можа належаць якой-небудзь краіне.
Амерыканцы лічаць, што прыняты закон не супярэчыць Дамове аб космасе, пакуль гаворка ідзе пра прыватныя фірмы, аднак яны прызнаюць, што такая інтэрпрэтацыя можа быць не зразумелая ў іншых краінах. Пакуль менавіта так і адбываецца. Характэрная ў гэтым сэнсе публікацыя ў польскай газеце «Rzeczpospolita», якая традыцыйна выступае за сталыя кантакты Польшчы з ЗША. «Ідэя пра тое, што амерыканцы могуць у адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам выкарыстоўваць касмічную прастору, — нахабства», — піша адзін з каментатараў.
Прыхільнікі новага закону прызнаюць, што ён не ідэальны. Аднак, як у свой час для выбуху інтарэсу да космасу быў патрэбны фільм «Зорныя войны», нешта падобнае было неабходна зрабіць у якасці першага кроку і зараз.