Кангрэс ЗША прагаласаваў за абмежаванне бязвізавага рэжыма

Палата прадстаўнікоў амерыканскага кангрэса прагаласавала за ўзмацненне пашпартнага кантролю з краінамі, звязанымі з ЗША пагадненнем аб бязвізавым перамяшчэнні.



2000_dsc_4577.jpg

Фота: prousa.info

Цяпер іх грамадзяне, якія наведвалі Іран, Ірак, Судан і Сірыю пасля лютага 2011 года, змогуць патрапіць у Амерыку толькі па візе.

Супраць узмацнення пашпартнага кантролю прагаласавалі толькі 19 чалавек. “За” выказаліся 407 кангрэсменаў.

Акрамя таго, іншым грамадзянам 38 дзяржаў, якія маюць з ЗША пагадненне аб бязвізавым рэжыме, прыйдзецца прад’яўляць так званыя электронныя пашпарты, паведамляе ВВС.

Як сцвярджаюць кангрэсмены, каля 5 тысяч еўрапейцаў з дзяржаў, якія маюць пагадненне аб бязвізавым рэжыме, ездзілі ў апошнія месяцы ў Сірыю і Ірак, каб ваяваць у складзе групоўкі “Ісламская дзяржава”.

Законапраект быў прапанаваны пасля лістападаўскіх тэрактаў у Парыжы, калі ў выніку серыі выбухаў і скаардынаваных нападаў на мірных грамадзян загінулі 130 чалавек.

Амерыканскія заканадаўцы сцвярджаюць, што арганізатары тэрактаў мелі магчымасць наведаць ЗША без візы.

euroradio.fm