Пуцін падпісаў указ аб прызнанні Крыма незалежнай дзяржавай

Указ аб прызнанні Крыма незалежнай дзяржавай падпісаў 17 сакавіка прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.



1394100595_645367910.jpg

"Улічваючы волевыяўленне народаў Крыма на агульнакрымскім рэферэндуме, які адбыўся 16 сакавіка 2014 г., прызнаць Рэспубліку Крым, у якой горад Севастопаль мае асаблівы статус, у якасці суверэннай і незалежнай дзяржавы", — гаворыцца ва ўказе, які прыводзіць прэс-служба Крамля.


На рэферэндуме, згодна са звесткамі яго арганізатараў, 96,77% прагаласаваўшых выказаліся за ўваходжанне Аўтаномнай Рэспублікі Крым у склад Расіі. 18 сакавіка Пуцін выступіць перад абедзвюма палатамі Федэральнага сходу ў сувязі са зваротам Крыма і Севастопаля аб прыняцці ў склад Расіі.


Між тым законапраект аб спрошчаным парадку далучэння да Расіі новых суб'ектаў, унесены раней групай дэпутатаў ад "Справядлівай Расіі", адкліканы з Дзярждумы. Кіраўнік думскага камітэта па канстытуцыйным заканадаўстве і дзяржбудаўніцтве Уладзімір Плігін растлумачыў, што гэты дакумент знаходзіцца на разглядзе Венецыянскай камісіі і ўключаны ў парадак дня яе найбліжэйшага пасяджэння 21 сакавіка.

аколькі мне вядома, аўтары законапраекта адклікалі яго. Мяркую, што камітэт атрымае адпаведныя лісты ў хуткім часе", — сказаў Плігін. Такім чынам, канстатаваў ён, прадмета для разгляду Венецыянскай камісіяй не існуе. Парламентарый удакладніў, што ў размешчаным на яе сайце праекце заключэння Венецыянскай камісіі па законапраекце гаворыцца, што ініцыятыва дэпутатаў Дзярждумы несумяшчальная з нормамі міжнароднага права, а ў праекце рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да ўладаў РФ не прымаць законапраект.


У канцы лютага ў Дзярждуму РФ была ўнесена папраўка ў закон 2001 года аб парадку прыняцця і стварэння новага суб`екта ў складзе РФ. У дзейным законе сказана, што на новадалучанай тэрыторыі можа быць створаны суб`ект па ўзгадненні з той дзяржавай, у склад якой уваходзіць гэтая тэрыторыя. Згодна з унесенай папраўкай, прыняцце ў РФ часткі іншай дзяржавы ў якасці новага суб`екта магчымае і пры адсутнасці такога міжнароднага дагавору — у двух выпадках: калі жыхары гэтай тэрыторыі прагаласавалі за далучэнне да Расіі на рэферэндуме, або калі ёсць зварот да Расіі легітымных органаў дзяржаўнай улады часткі іншай дзяржавы. Праект закона павінен быць разгледжаны на пасяджэнні ніжняй палаты парламента 21 сакавіка. 


Крымскі рэферэндум не прызнаны міжнароднай супольнасцю.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН