Пушкін — усё, а конь Шчорса не вінаваты: Як Кіеў пазбаўляецца ад помнікаў
Конь Шчорса можа застацца на бульвары Тараса Шаўчэнкі. Таму што коні не вінаватыя ў тым, што рабілі бальшавікі.
Сёння, 15 лістапада, у Кіеве дэманціравалі помнік расійскаму паэту Аляксандру Пушкіну. Помнік знаходзіўся ў кіеўскім парку імя Івана Багранага (былы парк Пушкіна), побач з паркам Кіеўскага політэхнічнага інстытута. Скульптуру паэта знялі з пастамента з дапамогай крана, пагрузілі ў грузавік і звезлі. Куды менавіта быў перанесены помнік, пакуль невядома.
«Мы захапляемся вынікам супрацоўніцтва з КМДА, Кіеўскай радай і актывістамі. У Кіеве на аднаго Пушкіна менш. Дэрусіфікацыя працягваецца», — пракаментавалі дэмантаж помніка ў Міністэрстве культуры і інфармацыі.
Дэпутат Кіеўскай рады Дзмітрый Белацаркавец напісаў з гэтай нагоды: «Пушкін — усё! Толькі ў канцы другога года вайны ў Кабінеце міністраў даведаліся, што Пушкін не з'яўляецца часткай украінскай культуры, і чыноўнікі пагадзіліся з ініцыятывай Кіева знесці гэты помнік. І за гэта мы вам дзякуем», — пракаментаваў ён дэмантаж помніка Пушкіну.
Да таго ж кіеўскія ўлады атрымалі неабходныя дазволы на дэмантаж помніка Шчорсу — і цяпер гарадскія службы вывучаюць, як тэхнічна выканаць гэтыя працы, піша «Украінская праўда».
Дэпутат Кіеўскай рады, дарадца мэра Дзмітрый Белацаркавец у каментары «Украінскай праўдзе» распавёў:
«Сёння прыбралі Пушкіна, і дэмантаж Шчорса таксама не за гарамі. Вы ведаеце, што першы зварот гарадскіх улад у Міністэрства культуры наконт зняцця ахоўнага статусу з гэтага помніка быў у 2017 годзе. Усе гэтыя гады не ўдавалася атрымаць такі дазвол.
Але гэта нарэшце здарылася — 10 лістапада Кабінет міністраў прыняў пастанову, а ўчора ўвечары апублікаваў падпісаную пастанову аб пазбаўленні ахоўнага статусу. Так што цяпер ніякіх перашкод для дэмантажу помніка Шчорсу няма, і гарадскія службы ўжо вывучаюць, як тэхнічна прыбраць гэты помнік, таму што ён складаны, цяжкі, і дэманціраваць яго будзе не так проста, як можа падацца».
Некалькі дзён таму на помніку Шчорсу з'явіліся новыя надпісы. Фота: life.pravda.com.ua
На пытанне пра тое, ці будзе дэманціравана ўся скульптура з канём, ці здымуць толькі фігуру бальшавіцкага военачальніка Шчорса, Белацаркавец адказаў, што абодва варыянты тэхнічна магчымыя, але як менавіта будзе рабіцца дэмантаж, вырашаць пазней.
«Паводле папярэдніх звестак, ёсць тэхнічная магчымасць разрэзаць сам помнік Шчорса (фігуру чалавека — рэд.)і зняць яго з каня. На жаль, у такіх умовах большая частка «чалавека» не захаваецца — захаваецца толькі верхняя частка. Гэты бюст можна акуратна зняць і закансерваваць для пераезду ў будучы музей савецкай акупацыі. Конь сапраўды можа застацца на бульвары Тараса Шаўчэнкі. Коні не вінаватыя», — кажа Белацаркавец.
На пытанне пра верагодную дату дэмантажу помніка Шчорсу дакладных звестак дэпутат не мае.
«Цяжка сказаць. На тэхнічныя моманты патрэбна хаця б некалькі дзён. Таксама зараз мы кансультуемся са спецыялістамі, з вядомым скульптарам Уладзімірам Жураўлём наконт рэкамендацый па дэмантажы. Гэта значыць, дазвол у нас ёсць. У гарадскіх службаў таксама ёсць тэхнічныя магчымасці. Цяпер ідзе праца па падборы інструментаў і абсталявання для гэтых работ, напрыклад, які кран выкарыстоўваць, а таксама кансультацыі з мастакамі, як найлепш ажыццяўляць дэмантаж».
На пытанне, ці трэба будзе перакрываць рух у дзень дэмантажу, ці яго будуць праводзіць ноччу, Белацаркавец сказаў, што не гатовы адказаць, але «калі трэба перакрываць вуліцу, то мы будзе праводзіць дэмантаж у зручны для кіяўлян час, каб не ствараць дадатковых затораў».
У красавіку 2023 года Зяленскі падпісаў закон «Аб асуджэнні і забароне прапаганды расійскай імперскай палітыкі ва Украіне і дэкаланізацыі тапанімікі», які забараняе распаўсюджванне сімволікі расійскай імперскай палітыкі па ўсёй тэрыторыі Украіны. Сярод захадаў мясцовыя ўлады мусілі прыбіраць помнікі асобам, якія ўдзельнічалі ў рэалізацыі расійскай імперскай палітыкі. З ліпеня 2023 года ў Кіеве дэманціравалі больш за 60 помнікаў, звязаных з гісторыяй і культурай Расіі і СССР. Аднак помнік Пушкіну ў былым Пушкінскім парку доўгі час не планавалі прыбіраць. З-за гэтага помнік Пушкіну каля парка Кіеўскага політэхнічнага інстытута неаднаразова палівалі фарбай і пакідалі шыльды з патрабаваннем дэманціраваць скульптуру.