Расія. Мізуліна назвала крыміналізацыю пабояў, нанесеных сваякам, антысямейнай
Чалец Савета Федэрацыі Алена Мізуліна заклікала сваіх калегаў адхіліць законапраект аб дэкрыміналізацыі збіцця, які на мінулым тыдні быў прыняты Дзярждумай, бо ў ім з катэгорыі крымінальных не выведзеныя пабоі, нанесеныя чальцамі сям'і.
Такое становішча, лічыць сенатар, не адпавядае канстытуцыі Расіі і з'яўляецца "антысямейным".
Па словах Мізулінай, нормы, якія змяшчаюцца ў законапраекце, "супярэчаць асноўным задачам дзяржаўнай сямейнай палітыкі, накіраванай на падтрымку, умацаванне і абарону сям'і".
Законапраект быў унесены ў Дзярждуму Вярхоўным судом у снежні 2015 года. У ім прапаноўвалася перавесці пабоі ў разрад адміністрацыйных правапарушэнняў у выпадку, калі гэта першае падобнае правапарушэнне.
Выключэнне прапаноўвалася зрабіць для пабояў, нанесеных з хуліганскіх памкненняў або з меркаванняў палітычнай, расавай, ідэалагічнай, рэлігійнай або нацыянальнай нянавісці.
Па словах Мізулінай, да другога чытання ў законапраект быў дададзены яшчэ адзін пункт, якім і незадаволеная сенатар. Крымінальная адказнасць прадугледжаная за пабоі, нанесеныя "блізкім асобам" — сваякам і людзям, якія вядуць агульную гаспадарку.
"Гэта значыць прапануецца прызнаць паводзіны сямейнікаў, напрыклад, бацькоў, якія ўжылі да дзіцяці лёгкія "выхаваўчыя меры" ў выглядзе плескачоў, ці канфліктуючых мужа і жонкі, больш грамадска небяспечным, чым паводзіны старонняга чалавека, які нанёс пабоі на вуліцы, — гаворыцца на афіцыйным сайце сенатара — за плясканне ў сям'і можна атрымаць да 2 гадоў і таўро "крымінальніка" на ўсё жыццё, за пабоі на вуліцы — штраф да 40 тысяч рублёў".
Мізуліна ўпэўненая, што драпіна ці сіняк ў дзіцяці стануць нагодай распачаць крымінальную справу ці забраць дзіця з сям'і.
Пункт пра пабоі, нанесеных блізкім, быў уведзены пад ціскам праваабаронцаў. Яны перакананыя, што дэкрыміналізацыя збіцця можа прывесці да росту хатняга гвалту.
Паводле ВВС