Washington Post: Расійскія спецслужбы запалохваюць замежных дыпламатаў

Спецслужбы Расіі пераследуюць сем'і дыпсупрацоўнікаў і пранікаюць у іх дамы, паведамляе Washington Post. Паводле інфармацыі газеты, пытанне запалохвання дыпламатаў уздымалася кіраўніком Дзярждэпу ў гутарцы з прэзідэнтам Расіі.

Будынак Дзярждэпартамента ЗША

Будынак Дзярждэпартамента ЗША


Расія пастаянна займаецца запалохваннем амерыканскіх дыпламатаў у Маскве, а таксама ў еўрапейскіх краінах. Пра гэта паведамляе амерыканская газета Washington Post. Гаворка можа ісці аб рэгулярнай кампаніі, што ажыццяўляецца супрацоўнікамі расійскіх сакрэтных службаў і службаў бяспекі. Дзяржаўны дэпартамент ЗША пацвердзіў значнае павелічэнне колькасці падобных парушэнняў з 2014 года, адзначае www.dw.com.
Паводле паведамлення, пераследуюцца сем'і дыпламатаў, а таксама пра іх распускаюцца ганебныя чуткі. У сакрэтных інструкцыях, якія знаходзяцца ў распараджэнні газеты, таксама нібыта гаворыцца пра незаконныя пранікненні ў дамы дыпламатаў.
The Washington Post адзначыла, што дыпламаты з ЗША падвяргаліся ціску не толькі ў Маскве, але і ў некалькіх іншых еўрапейскіх сталіцах. Аўтар матэрыялу Джош Рагін сцвярджаў, што яшчэ ў гады першага прэзідэнцтва Барака Абамы супрацоўнік расійскіх спецслужбаў нібыта патрапіў у дом ваеннага аташэ ЗША і забіў яго сабаку. Па словах аўтара газетнай калонкі, цяпер усе дыпламаты з ЗША, якія накіроўваюцца ў Еўропу, праходзяць інструктаж па супрацьдзеянні ціску расійскіх спецслужбаў, адзначае УНІАН.
Прадстаўнік Дзярждэпу Элізабэт Трудо адзначыла, што ў апошнія два гады было зафіксавана значнае павелічэнне выпадкаў сачэння за дыпламатамі і ціску на іх з боку расійскіх спецслужбаў і дарожнай паліцыі.
Трудо адмовілася абмяркоўваць інфармацыю пра тое, што прадстаўнікі расійскіх спецслужбаў нібыта прыходзілі да дыпламатаў позна ноччу і праводзілі ў іх вопіс мэблі. Аднак заявіла, што пытанне запалохвання замежных дыпламатаў уздымалася падчас гутарак кіраўніка знешнепалітычнага ведамства ЗША Джона Кэры з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным і расійскім міністрам замежных спраў Сяргеем Лаўровым.
Афіцыйны прадстаўнік расійскай амбасады ў Вашынгтоне адхіліў абвінавачванні і ўказаў, што Масква "па ўласнай волі не чыніла шкоды амерыканскім дыпламатам".
Усе праблемы, заяўляюць у расійскай амбасадзе, справакаваныя пагаршэннем адносін паміж дзвюма краінамі, у якім, у сваю чаргу, вінаваты амерыканскі бок.