Беларусь абагнала ўсю Еўропу па росце цэнаў на газ

Што далей будзе з цэнамі на газ, залежыць ад вынікаў перамоваў Расіі і Беларусі: першая не хоча даваць зніжку, другая не хоча плаціць шмат, таму пастаўкі могуць быць зменшаныя.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


З пачатку 2016 года прыродны газ падаражэў для Беларусі ў нацыянальнай валюце больш, чым для ўсіх іншых: на 24,6%, гаворыцца ў даследаванні расійскага «РИА Рейтинг», што ўваходзіць у кісялёўскую медыягрупу «Россия сегодня».
Цэны на газ выраслі не толькі для Беларусі, але і для іншых краінаў, але беларускае падаражанне на 24,6% абагнала ўсе астатнія. Так, для Казахстану цэны на газ выраслі на 16,7%, для Украіны — на 14,8%, для самой Расіі — на 8%. Для некаторых жа краінаў цэны знізіліся: для Эстоніі — на 22,1%, для Балгарыі — на 19,2%, для Даніі — на 13% і гэтак далей.
Як адзначае выданне, у Еўропе ў 2015 годзе павялічыўся попыт на газ, але цэны пры гэтым зніжаліся, бо прапанова расла хутчэй за попыт. Па звестках МВФ, цана расейскага трубаправоднага газу на мяжы з Нямеччынай знізілася на 30% за 2015 год.
Пастаўкі расійскага газу ў Беларусь маюць быць скарочаныя, бо Беларусь, як сцвярджае расійскі бок, не заплаціла за ўжо пастаўлены газ больш за 200 млн долараў. Расія не бачыць падставаў, каб даць Беларусі зніжку. Бакі працягваюць перамовы.
Пры гэтым сярэдняя цана 1000 м³ газу для насельніцтва Беларусі адна з самых нізкіх, згодна з даследаваннем «РИА Рейтинг»: 108,8 долараў ЗША. Ніжэй толькі для самой Расіі ($83,6) і Казахстану ($45,7). Для Італіі, Ліхтэнштэйну, Іспаніі, Партугаліі і Швецыі цэны вышэйшыя за $1000.
www.svaboda.org