Эльжбета Смулкова: Беларусь можа пайсці еўрапейскім шляхам
У Варшаўскім універсітэце прэзентавалі біяграфічную кнігу Валера Каліноўскага пра прафесара Эльжбету Смулкову — вядомую беларусістку і першую амбасадарку Польшчы ў Беларусі.

У кнізе ўзгадваецца, што Эльжбета Смулкова не толькі выдатна валодае беларускай мовай, але і шчыра перажывае за яе стан. Сярод іншага, зазначаецца, што спадарыня прафесар у размовах з Папам Янам Паўлам ІІ звяртала ўвагу Святога Айца, каб ксяндзы, якія прызначаліся ў Беларусь, не займаліся паланізацыяй беларусаў:
— З таго часу, калі адмянілі латынь у каталіцкай літургіі і ўвялі нацыянальныя мовы, то для мяне было абсалютна нармальным, каб у Беларусі імша была таксама на беларускай мове для тых, якія гэтага захочуць. І для людзей польскамоўных, што жывуць там, — на польскай мове. Але каб не спалучаць каталіцтва толькі з польскасцю.
Эльжбета Смулкова была амбасадарам Польшчы да 1995 года. Дыпламат з радасцю ўзгадвае першую палову 90-х гадоў, калі ў Беларусі пачалося нацыянальнае адраджэнне, і не скрывае — палякі разлічвалі, што Беларусь пойдзе ўслед за Польшчай еўрапейскім шляхам. Эльжбета Смулкова не губляе надзеі, што так яшчэ можа здарыцца:
— Я пераканана, што гэта можа быць, але патрабуе вялікай працы, шмат часу і рацыянальнай дзейнасці.
Нагадаем, што Эльжбета Смулкова была першым амбасадарам іншаземнай дзяржавы, які размаўляў па-беларуску.
www.racyja.com