Расія ужо адзін раз пайшла на дно разам з «Курскам». Ці пойдзе зноў?
Роўна 24 гады таму ў Баранцавым моры затанула падводная лодка «Курск». На думку многіх аналітыкаў, гэтая падзея стала пераломным момантам у змяненні курса Расіі на таталітарны рэжым, а таксама паказала сапраўдную існасць Пуціна ягоным знакамітым адказам што да трагедыі. Два дзесяцігоддзі апасля «тарпедай» для іншага расійскага Курска сталі Узброеныя сілы Украіны.
У дзень катастрофы, 12 жніўня 2000 года, расійская падводная лодка «Курск» праходзіла планавыя ваенна-марскія вучэнні Паўночнага флота. Задачамі экіпажа было спачатку выкарыстаць ракету «Граніт», а затым тарпедаваць гіпатэтычнага праціўніка — карабельную групоўку, у склад якой уваходзілі атамны ракетны крэйсер «Пётр Вялікі» і авіяносец «Адмірал Кузняцоў». Тарпеды і ракеты былі практычнымі — то бок мелі баявую часціну без выбуховага рэчыва.
«Курск» разам з атамным крэйсерам паспяхова выканалі першую задачу, адкрыўшы агонь са сваіх «Гранітаў». А вось падчас падрыхтоўкі другой атакі адбылася катастрофа.
Па звестках следства, у 11 гадзін 28 хвілін у чацвёртым тарпедным апараце падлодкі выбухнула практычная тарпеда. Субмарына раптоўна апусцілася на глыбіню 108 метраў, дасягнуўшы дна, пасля чаго адбыўся другі выбух, які разбурыў усю насавую частку субмарыны. Згодна з высновамі аналізу гідраакустычных сігналаў, зафіксаваных нарвежскай станцыяй ARCES, магутнасць другога выбуху была ў 50 разоў мацнейшай за першы.
Абсалютная большасць чальцоў экіпажа, якія знаходзіліся ў шэрагу адсекаў, пашкоджаных ударам, загінулі адразу ці на працягу некалькіх хвілін. 23 ацалелыя падлоднікі сабраліся ў дзявятым адсеку, дзе яны правялі яшчэ да некалькіх дзён, пасля чаго загінулі ў жудасных пакутах. Пра гэта ў сваёй кнізе «Яна ўтанула. Уся праўда пра «Курск»» пісаў Барыс Кузняцоў — адвакат сваякоў загінулых маракоў, які паўстаў перад Страсбургскім судом.
«Праўда ў тым, што больш за двое сутак — з 2 гадзін ночы 13 жніўня да вечара 14 жніўня — падводнікі прасілі аб дапамозе і адчайна стукалі кувалдай або іншым металічным прадметам. Стукі былі зафіксаваныя ў 11 гадзін раніцы 14 жніўня і, паводле паказанняў відавочцаў, працягваліся да вечара таго ж дня», — сцвярджаў пісьменнік.
На думку сваякоў, ваенных спецыялістаў і ратавальнікаў, у падводнікаў быў шанец выратавацца, калі б аперацыя пачалася неадкладна або калі б да яе раней дапусцілі замежных ратавальнікаў.
Першае ратавальнае судна прыбыло да месца аварыі ў 10 гадзін раніцы 13 жніўня — амаль праз суткі пасля выбуху. Расійцы цягам некалькіх дзён спрабавалі прыстыкаваць спецыяльную прыладу да аварыйнага люка «Курска», каб патрапіць унутр, але ратавальнае кола было пашкоджана, праз што ўсе спробы аказаліся няўдалымі.
Вялікабрытанія і Нарвегія прапанавалі Расіі дапамогу ў выратаванні экіпажа, але замежныя вадалазы змаглі пачаць працу толькі 20 жніўня, праз восем дзён пасля аварыі. На наступны дзень нарвежцам удалося адкрыць кармавой аварыйна-выратавальны люк субмарыны. Унутры ляжалі целы падлоднікаў. Ніводны чалец экіпажа не здолеў выжыць.
Пуцін на момант катастрофы знаходзіўся ў адпачынку, не прыпыніўшы яго на фоне катастрофы і жалобнага становішча ў краіне. Пазней ён не выяўляў ніякіх эмоцый у сувязі з гібеллю 118 чалавек. Больш за ўсё крывавага дыктатара раскрытыкавалі за ягоныя знакамітыя словы ў інтэрв'ю вядучаму CNN Лары Кінгу. На пытанне, што здарылася з падводнай лодкай, Пуцін адказаў: «Яна патанула» і ледзь прыкметна ўсміхнуўся. Гэты ўчынак стаў сапраўдным пляўком у душу сваякам і блізкім загінулых падводнікаў, а таксама прадэманстраваў каштоўнасць ды стаўленне да расійскіх вайскоўцаў і, агулам, да расійскага народу.
Камандуючы Паўночным флотам Расіі адмірал Вячаслаў Папоў у сваю чаргу абвінаваціў у катастрофе падводную лодку NATO, якая нібыта знаходзілася побач. Паводле Папова, яна сачыла за «Курскам», але не змагла ў той момант гарантаваць бяспеку падводных і іншых умоў і падышла занадта блізка.
«Я з верагоднасцю 90% ведаю яе назву, але для таго, каб публічна яе назваць, трэба мець доказы і выкласці. Я не магу гэта выставіць. Падводная лодка NATO. І яна была там, у раёне, дзе ён сутыкнуўся з «Курскам»», — заяўляў адмірал.
Крэмль у асобе прэс-сакратара прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Пяскова адмовіўся нават абмяркоўваць і каментаваць версію Папова.
Сёння, праз 24 гады пасля катастрофы на падлодцы, «Курск» ізноў «топіць» Расію. Прапусціўшы нечаканае ў бягучых умовах наступленне сіл абароны Украіны, падзеі ў Курскай вобласці ўсяляюць шмат надзей на поспех украінскіх вайскоўцаў.
За лічаныя гадзіны да пачатку наступлення на Курскую вобласць 6 жніўня намеснік камандзіра брыгады «Азоў» Сяргей «Мальфар» Цысарук апублікаваў у сваім X інтрыгоўную публікацыю:
«Ну што, Here we go! Бліжэйшыя тыдні дакладна зменяць свет!»
Праз чатыры дні Цысарук дадаў:
«Тааак, не прайшло і тыдня, а свет ужо змяніўся, ці яшчэ не? Ох ведалі б вы, што будзе далей)».
Паводле падлікаў украінскага OSINT-праекту DeepState, станам на 12 жніўня Украіна кантралюе прыкладна 44 населеныя пункты ў Курскай вобласці, статус яшчэ дзесяці — «невядомы». Аналітыкі дадалі, што ацэнка вельмі кансерватыўная, і на бягучы момант амаль ніхто не ведае сапраўднай колькасці. Ёсць і вёскі, каля якіх былі апублікаваны фотаздымкі ўкраінскіх жаўнераў, але яны не кантралююцца Узброенымі сіламі, — патлумачылі ў DeepState.
Паводле расійскага боку, які прадстаўляе губернатар Курскай вобласці Аляксей Смірноў, станам на сёння ўкраінскія вайскоўцы кантралююць 28 населеных пунктаў рэгіёну. Расійскім уладам нічога не вядома пра лёс дзвюх тысяч чалавек, якія застаюцца на падкантрольных Узброеным сілам Украіны тэрыторыях.
«Амерыканскі тэлежурналіст Лары Кінг спытаў прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, што здарылася з падводнай лодкай. Пуцін вытрымаў паўзу і з усмешкай сказаў: «Яна патанула». Праз 24 гады «тоне» Курская вобласць Расіі», — піша армянскі журналіст Акпер Гасанаў на Pazl.az з нагоды гадавіны патаплення падлодкі.