Расія заблакавала рэзалюцыю Рады Бяспекі ААН аб Венесуэле

Радзе Бяспекі ААН не ўдалося прыняць у чацвер рэзалюцыю пра Венесуэлу. На прапанаваны ЗША дакумент, які заклікае правесці ў краіне «свабодныя і справядлівыя» прэзідэнцкія выбары, наклалі вета Расія і Кітай, піша «Радыё Свабода».

ffb00261_179a_4038_b22a_11897037642e_cx0_cy9_cw0_w1023_r1_s.jpg

Праект рэзалюцыі, унесенай Расіяй, падтрымалі толькі 4 з 15 чальцоў Рады Бяспекі. У ім падкрэслівалася, што крызіс у Венесуэле павінны перамагаць яе жыхары, а спробы ўмяшання звонку і пагрозы прымянення ваеннай сілы недапушчальныя.

У праекце рэзалюцыі, прапанаваным ЗША, змяшчаўся таксама заклік дапусціць на выбары замежных назіральнікаў і зняць абмежаванні на пастаўкі гуманітарнай дапамогі ў Венесуэлу, дзе палітычны крызіс суправаджаецца эканамічным — гаворка ідзе пра недахоп прадуктаў і медыкаментаў.

У мінулую суботу прыхільнікі прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадура, легітымнасць якога не прызнаюць многія краіны свету, адкрылі агонь па людзях, якія спрабавалі даставіць грузавікі з гуманітарнай дапамогай, а венесуэльскія памежнікі ўжылі слезацечны газ і гумовыя кулі.

У студзені лідар венесуэльскай апазіцыі Хуан Гуайда абвясціў сябе часовым выканаўцам абавязкаў прэзідэнта і запатрабаваў правядзення незалежных выбараў. Гуайда падтрымалі ЗША, многія краіны Лацінскай Амерыкі і большасць краін Еўрасаюза. Дзейнага прэзідэнта Нікаласа Мадура лічаць легітымным Расія, Кітай, Куба і Мексыка. Масква вінаваціць Вашынгтон у намеры сілай змяніць уладу ў Венесуэле.

 

Што трэба ведаць пра крызіс у Венесуэле

bda5d1c6_0cb7_4d89_a604_3c63d7b852ba_w650_r0_s.jpg

23 студзеня на фоне канстытуцыйнага і эканамічнага крызісу ў Венесуэле старшыня парламенту Хуан Гуайда абвясціў сябе часовым прэзідэнтам і прынёс прысягу на мітынгу апазіцыі ў Каракасе. Апазіцыя не прызнала вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2018 году, на якіх перамог дзейны прэзідэнт Нікалас Мадура.

Гуайда прызналі законным прэзідэнтам амаль усе краіны Лацінскай Амерыкі (акрамя Балівіі і Кубы), ЗША, Аўстралія, Канада і Ізраіль. 31 студзеня «адзіным і законным часовым прэзідэнтам» Венесуэлы Гуайда прызнаў Еўрапарламент. Расія прызнае толькі Мадура.

Беларускія ўлады заявілі, што «венесуэльскі народ можа самастойна справіцца з цяжкасцямі, якія ўзніклі, без ўмяшання звонку».

26 снежня легітымным прэзідэнтам краіны Гуайда прызнаў вайсковы аташэ Венесуэлы ў Вашынгтоне палкоўнік Хасэ Луіс Сілва. Ён стаў першым высокапастаўленым вайскоўцам і дыпламатам рэспублікі, якія пайшлі на такі крок. Большая частка высокапастаўленых чыноўнікаў і вайскоўцаў захоўваюць лаяльнасць Мадура. ​

28 студзеня ЗША ўвялі санкцыі супраць венесуэльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі, каб узмацніць ціск на ўрад Мадура. Гуайда заявіў, што бярэ кантроль над замежнымі актывамі Венесуэлы, каб не даць Мадура магчымасці «спустошыць скарбонку».

У адказ Вярхоўны суд Венесуэлы пачаў у дачыненні да Гуайда расследаванне ў сувязі з «актамі гвалту, якія адбыліся ў краіне». Яму забаранілі выезд з Венесуэлы і заблакавалі доступ да банкаўскіх рахункаў.

29 студзеня Мадура заявіў у інтэрв’ю расійскім СМІ, што «гатовы сесці за стол перамоваў з апазіцыяй».

Эканамічны крызіс у Венесуэле цягнецца з 2013 года, калі да ўлады прыйшоў Мадура. Па эканоміцы краіны моцна ўдарыла падзенне цэнаў на нафту, але ўлады вінавацяць у праблемах ЗША. За першы прэзідэнцкі тэрмін Мадура інфляцыя склала больш як 2 000 000 000% (перад дэнамінацыяй цэны вымяраліся ў мільёнах), валавы ўнутраны прадукт зменшыўся на 45%, з краіны эмігравала 10% насельніцтва — каля 3 млн чалавек. Сярэдняя вага венесуэльца праз праблемы з харчаваннем зменшылася на 11 кг.

Венесуэльцы рэгулярна выходзілі на акцыі пратэсту, у якіх бралі ўдзел дзясяткі тысячаў, а часам і сотні тысячаў чалавек. Праходзілі не толькі палітычныя пратэсты, але і галодныя бунты. У сутыкненнях гінулі людзі, самым крывавым стаў 2017 год, калі былі зафіксаваныя смерці 164 чалавек.

У 2016 годзе парламент запусціў працэдуру імпічменту Мадура, але імпічмент заблакаваў Вярхоўны суд, які пазней фармальна пазбавіў улады Нацыянальную асамблею. У 2017 годзе Мадура склікаў Канстытуцыйную асамблею як замену парламенту, але яе не прызнала венесуэльская апазіцыя і большасць краінаў свету.

У 2018 годзе Мадура перамог на датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах, інаўгурацыя на другі 6-гадовы тэрмін прайшла 10 студзеня. Вынікі не прызнала апазіцыя, якая байкатавала выбары і абвясціла «маральную перамогу». Таксама вынікі выбараў не прызналі ЗША, Канада, Аўстралія і шэраг краінаў Лацінскай Амерыкі.

www.svaboda.org