Юрась Губарэвіч: Гэта адказ тым у Расіі, хто марыць аб паглынанні Беларусі
Словы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што 98 працэнтаў беларусаў на рэферэндуме аб аб’яднанні з Расіяй выкажуцца за незалежнасць, накіраваны тым у Расіі, хто спіць і марыць аб паглынанні Беларусі, – лічыць кіраўнік Руху „За свабоду» Юрась Губарэвіч.
Кіраўнік Беларусі выказаўся аб гэтым на так званай „вялікай размове з прэзідэнтам”, якая адбылася 1 сакавіка ў Мінску.
Па словах Юрася Губарэвіча, гэта прамы адказ на такія мары.
— Натуральна, што абсалютна ў руках Лукашэнкі і ягоных людзей на ўсіх узроўнях вертыкалі ўлады забяспечыць патрэбны вынік. Калі было сказана 98 адсоткаў, то нават будзе перавыкананне плана, і на магчымым рэферэндуме пра аб’яднанне будзе стоадсоткавая адмова з боку Беларусі. У прынцыпе гэтыя лічбы не далёкія ад рэальнасці.
Бо па выніках сацыялагічных апытанняў, якія праводзіліся ў папярэднія гады, калі была такая магчымасць, вельмі нязначная частка беларусаў выказвалася за наўпроставае аб’яднанне з Расіяй.
Такім чынам Аляксандр Лукашэнка спрабуе забяспечыць сабе поле для манёўра і супрацьстаяць націску з боку Крамля ў пытанні больш глыбокай інтэграцыі, — лічыць Юрась Губарэвіч.