98% беларусаў прагаласуюць супраць уваходжання ў склад Расіі, абяцае Лукашэнка

"Калі сёння вынесці пытанне на рэферэндум у Беларусі пра аб'яднанне дзвюх дзяржаў і, як шмат хто ў Расіі кажа, уключэнне Беларусі ў склад Расіі, 98% прагаласуюць супраць", — заявіў Аляксандр Лукашэнка на "Вялікай размове з прэзідэнтам" 1 сакавіка, паведамляе БелаПАН.

Фота з сайта zhodinonews.by

Фота з сайта zhodinonews.by

"Не таму, што ў нас грамадства настроенае супраць Расіі. Выраслі новыя, падкрэсліваю, пакаленні, і старыя зразумелі, што мы можам жыць і супрацоўнічаць у цалкам іншай форме як родныя, як блізкія", — сказаў афіцыйны лідар.
"Беларусы сёння хочуць разам з Расіяй, але жыць у сваёй кватэры, — лічыць ён. — Што ў гэтым дрэннага? Я думаю, гэтым шляхам трэба ісці. І, абмяркоўваючы з прэзідэнтам Расіі гэтае пытанне, мы дакладна дамовіліся, што сёння ні ў якім разе нельга пераціскае сітуацыю. Нельга рабіць тых крокаў, якія будуць на шкоду".
Паводле слоў Лукашэнкі, размова з Пуціным аб Саюзнай дзяржаве вялася такім чынам: "Вось праблема. Першае пытанне: ці трэба яе сёння вырашаць або не трэба? Трэба. Якім чынам вырашаць? Якія будуць наступствы? Наступная праблема — не трэба яе чапаць наогул, бо гэта будзе на шкоду, гэта будзе горш. Гэта разбурыць усё тое, што ёсць. Але галоўнае, пра што я сказаў, паглядзеўшы цэлую прасціну праблем — пытанні ў нас былі выпісаныя ўсе спецыялістамі. Я сказаў прэзідэнту: паслухай, чаго мы дзіды ломім? У нас ёсць Вышэйшы дзяржаўны савет Саюзнай дзяржавы. У нас ёсць саюзны Саўмін. Дрэнны, добры парламент ёсць, Парламенцкі сход Беларусі і Расіі і г.д. і да т.п. Няма суда — ёсць еўразійскі суд, куды мы проста можам перанесці праблемы для вырашэння. Гэта значыць, існуюць пэўныя органы, якія валодаюць вялікімі паўнамоцтвамі для вырашэння пытанняў. Давай пытанні, якія сёння не церпяць адкладання і хвалююць вас і не толькі вас, звычайных людзей, вырашаць там, на гэтым Вышэйшым дзяржаўным савеце, дзе рашэнні прымаюць практычна два прэзідэнты. На гэтым дамовіліся, што вырашаць праблемы беларуска-расійскіх адносін, у тым ліку ў рамках саюза, трэба крок па кроку, не спяшаючыся. І па шматлікіх пытаннях мы рашэнні прынялі. Але, часцяком, калі мы прымаем рашэнні, яны не вырашаюцца, гэтыя праблемы. Але вы ж разумееце, што не мы ж тут наровімся і не выконваем прынятыя рашэнні з-за пэўных прычын".
"Трэба паглядзець, што мы можам зрабіць, што не можам, а што ўвогуле нельга рабіць сёння. І калі мы з прэзідэнтам Расіі абмяркоўвалі гэтыя пытанні — яны былі прааналізаваныя ўсе. Мы якраз па гэтым крытэры і падыходзілі да гэтага. Ніякіх замашак, з боку прынамсі прэзідэнта Расіі, на тое, што трэба Беларусь інкарпараваць ці ўключыць там у склад Расіі, я ні разу не пачуў. Нават настрою такога не было. Я яго ведаю ўжо два дзясяткі гадоў, гэтага чалавека. Я б адчуў гэта. Таму я вам шчыра кажу: няма ніякіх намераў у велізарнай краіны паглынуць Беларусь", — заявіў афіцыйны лідар.
Ён падкрэсліў, што саюз будуецца на прынцыпах раўнапраўя. "Мы не прэтэндуем на багацці Расіі, нам бы сваё не страціць", — сказаў Лукашэнка.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН