Reuters: расіяне, якія ваююць у Сірыі, выкарыстоўваюць базу Мінабароны пад Краснадарам
Тройчы за апошні месяц групы мужчын у цывільным адзенні, якія вярнуліся з Сірыі, адпраўляліся на базу міністэрства абароны Расіі паблізу хутара Молькіна пад Краснадарам, паведамляе "Радыё Свабода".
![База на Google Maps (скрыншот) База на Google Maps (скрыншот)](/img/v1/images/ad477ea1_74ac_454c_8cb2_ad5d07b78f47_w1023_r1_s.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
База на Google Maps (скрыншот)
Са спасылкай на відавочцаў пра базу Мінабароны пад Краснадарам піша Reuters. Агенцтва мяркуе, што гэта байцы расійскіх прыватных ваенных кампаній.
Аўтобусы з прыбыўшымі з Дамаску групамі людзей, якія прайшлі праз службовыя памяшканні, адпраўляліся з аэрапорту 25 сакавіка, 6 і 17 красавіка. Іх бачылі карэспандэнты Reuters. Па дадзеных агенцтва, аўтобусы праехалі па дарозе, якая, згодна са спадарожнікавымі картамі, вядзе ў вайсковую частку ў Молькіна, дзе знаходзіцца 10-я асобная брыгада спецыяльнага прызначэння Мінабароны Расіі. Дзяжурны афіцэр брыгады сказаў, што да іх ніхто не заязджаў. Уладальнікі аўтобусаў пацвердзілі агенцтву, што здаюць іх у арэнду, але не раскрылі, каму менавіта. Адзін з суразмоўцаў назваў паездку ў Молькіна экскурсіяй.
Мінабароны і расійскае МЗС не адказалі на запыты агенцтва.
У пачатку красавіка Reuters упершыню паведаміла аб чартэрных пералётах авіякампаніі Cham Wings паміж Дамаскам і Растовам-на-Доне, якіх няма ў раскладзе растоўскага аэрапорта Платаў. Карэспандэнты агенцтва бачылі, што на гэтых самалётах з Расеі ў Сырыю вылятаюць «людзі ў камуфляжы». Са студзеня мінулага году Cham Wings, якая знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, здзейсніла 51 палёт з Дамаску і Латакіі ў Растоў і назад.
Раней у сакавіку расследавальная група Conflict Intelligence Team (CIT) пацвердзіла сапраўднасць здымкаў базы «прыватнай расійскай ваеннай кампаніі Вагнера» ў Краснадарскім краі, якія апублікавала выданне Znak.com. У CIT, вывучыўшы здымкі са спадарожніку, высветлілі, што будаўніцтва базы «ПВК Вагнера» ў Молькіна пачалося ў лістападзе 2014 года і скончылася не пазней за сакавік 2016 года.
Па дадзеных СМІ, у шэрагах «прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера» каля чатырох тысяч чалавек. Найміты, як мяркуецца, ваявалі на ўсходзе Украіны ў шэрагах сепаратыстаў, а таксама ваююць у Сірыі на баку войскаў Башара Асада.
Крэмль адпраўку прыватных ваенных кантрактнікаў у Сірыю адмаўляе. Найміцтва ў Расіі забаронена заканадаўствам.