Расійскі рынак абрынуўся на фоне палітычных падзей

Пачатак тыдня прынес стрэс расійскаму рынку акцый, губляе ў кошце і расійскі рубель у адносінах да іншых валют. У панядзелак, 24 студзеня, індэкс Масбіржы страціў больш за 7% і абнавіў мінімальныя адзнакі снежня 2020-га.

1586938355_2356567.jpg

Доларавы індэкс РГС «асеў» амаль на 10%, апускаючыся падчас таргоў да мінімуму лістапада 2020 года. Пры гэтым акцыі расійскіх эмітэнтаў гублялі ад 2 да 12%. Пайшлі ў мінус на Масбіржы распіскі VK, якія страцілі больш за 10%, прыкладна на 7% ўпалі акцыі "Аэрафлота", "Газпрома" і ВТБ.
Як паведамляе агенцтва "Прайм", ціск на рублёвыя актывы аказвае негатыўная геапалітычная абстаноўка. У першую чаргу размова ідзе аб напружаных адносінах паміж Вашынгтонам і Масквой па тэме Украіны. Падліваюць алею ў агонь і амерыканскія медыя, якія паведамляюць аб магчымасці размяшчэння ў краінах Балтыі і Усходняй Еўропы некалькіх тысяч амерыканскіх вайскоўцаў.
Горача было і на валютных таргах. Долар падаражэў на 1,68 расійскага рубля, перасягнуўшы адзнаку 79 рублёў, што стала максімумам з лістапада 2020-га. Еўра ўзяў планку ў 89 расійскіх рублёў, дадаўшы 1,59 рубля, то-бок максімум за паўгода. Не застаўся ўбаку і беларускі рубель, у адносінах да якога расійская валюта страціла 0,48 працэнта.
У сваю чаргу Цэнтрабанк Расіі ў 15:00 па маскоўскім часе прыпыніў куплю замежнай валюты на ўнутраным рынку. Рашэнне патлумачылі імкненнем павысіць прадказальнасць дзеянняў грашовых улад і знізіць валацільнасць фінансавых рынкаў. Як адзначае Forbes, пасля гэтай заявы долар і еўра запаволілі ўмацаванне, апусціўшыся ніжэй за 79 і 89 рублёў адпаведна.
Асноўным фактарам падтрымкі рубля выступаюць цэны на нафту, падкрэслівае РБК. Але нават яны, знаходзячыся на дастаткова высокім узроўні, не змаглі кампенсаваць нервовасць, якая ўзнікла на сусветным рынку ў сувязі з сітуацыяй вакол Украіны. У выніку расійскі рынак аказаўся заціснуты паміж цэнамі на сыравіну, якія растуць, і рызыкамі санкцый.
officelife.media