Рэабілітаваць ГДР

У ФРГ былыя камуністы спрабуюць навязаць грамадству новы погляд на рэжым, што існаваў у Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы (ГДР). Ёсць версія, што «Левыя» намагаюцца сарваць 25-гадовы юбілей падзення Берлінскай сцяны.



snimok_ekrana_2013_05_22_v_14_47_36.png

Калі 3 кастрычніка, у пятніцу, Германія святкавала 21-ю гадавіну аб’яднання, фраза: «ГДР была неправавой дзяржавай (Unrechtsstaat)», неаднаразова злятала з вуснаў прадстаўнікоў афіцыёзу. Аднак на гэты раз, фактычна ўпершыню з часоў падзення берлінскай сцяны, гэты канцэпт паспрабавалі аспрэчыць. Выклік кінулі лідары партыі «Левыя», якая фрагментарна ўзнікла на базе былой камуністычнай партыі Усходняй Германіі. Грэгар Гізі, кіраўнік фракцыі «Левых» у Бундэстагу, лічыць, што тэрмін Unrechtsstaat у дачыненні да ГДР ужываць некарэктна.

Гізі — адзін з лепшых юрыстаў у краіне — спасылаецца пры гэтым на шмат юрыдычных момантаў. Напрыклад, на тэкст дамовы аб уваходзе ГДР у склад Заходняй Германіі. Аналіз тэксту дазваляе казаць, што правая сістэма ГДР прызнавалася Бонам цалкам легальнай. Не дарма абсалютная большасць судовых вердыктаў, якія зрабіла ўсходняя нямецкая Феміда, не збіраюцца пераглядаць. Выключэнне было зроблена толькі для ахвяраў палітычных працэсаў, якія складалі адносна малы адсотак у масіве судовых спраў.

Гізі казаў нешта падобнае і раней, аднак на гэты раз яго словы выклікалі сапраўдны палітычны землятрус. Гэта звязанае з тым, што ў зямлі Цюрынгія (былая частка ГДР) упершыню за 20 гадоў да ўлады можа прыйсці левы ўрад, дзе галоўную ролю адыгрываюць былыя камуністы.

24 верасня патэнцыйныя сябры будучай кааліцыі — «Левыя», эсдэкі і «Зялёныя», прынялі сумесную так званую Цюрынгскую дэкларацыю аб стаўленні да спадчыны ГДР. Аўтары дэкларацыі прызнаюць, што ва Усходняй Германіі ў 1945–1989 гадах панавала дыктатура, аднак лічаць неабходным перагледзець існуючыя клішэ на гісторыю Усходняй Германіі.

На думку падпісантаў, жыццё ў ГДР было больш стракатым, чым прадстаўлена ў цяперашніх падручнікаў гісторыі, спецслужбы наўпрост не кантралявалі быт, а сама формула лаяльнасці ўсходніх немцаў да дзяржаўнага ладу не была заснаваная выключна на фактары тэрору з боку дзяржавы. Далей больш — у выпадку фармавання новага ўраду плануецца арганізаваць у Цюрынгіі нешта накшталт цэнтру альтэрнатыўнага вывучэння гісторыі ГДР.

Тэкст Цюрынгскай дэкларацыі паставіў на вушы ўвесь нямецкі палітыкум. Так, на думку кіраўніцтва ўрадавай партыі хрысціянскіх дэмакратаў (CDU), назіраецца спроба Некаторыя сябры CDU падзяляюць версію пра тое, што «Левыя» рыхтуюць адпаведную маральную грамадскую атмасферу для зрыву 25-гадовага юбілею падзення берлінскай сцяны ў наступным годзе рэвізіі звыклага погляду на сучасную гісторыю Германіі, якая трактавала ГДР як звычайную таталітарную дзяржаву. Калі лагічна развіць тэзіс экс-камуністаў пра тое, што ГДР не была дыктатурай, аб’яднанне Германіі можна лічыць адным з варыянтаў банальнай анексіі.

Таму лідары правацэнтрыстаў мабілізаваліся супраць новых гістарычных канцэпцый. Як заявіў адзін з лідараў партыі «Хрысціянска-сацыяльны саюз» Андрэас Шойер: «Дзяржава, якая не абараняе правы сваіх грамадзян і не мае інстытуту незалежнага суду, не можа называцца справядлівай. Не вытрымлівае ніякай крытыкі і аргумент Гізі наконт таго, што ГДР была не падобная на Трэці рэйх. Гэта не значыць, што ГДР была прававой дзяржавай». Некаторыя сябры CDU падзяляюць версію пра тое, што «Левыя» рыхтуюць адпаведную маральную грамадскую атмасферу для зрыву 25-гадовага юбілею падзення берлінскай сцяны ў наступным годзе.

Ёсць і палярная кропка гледжання. Напрыклад, некаторыя палітолагі лічаць, што ўвесь сыр-бор вакол ацэнак прававой прыроды ГДР цалкам штучны. Па сутнасці, тое, што адбываецца ў Цюрынгіі, гэта — крах старога табу, паводле якога дэмакратычныя партыі павінны ўстрымлівацца ад блокаў з экс-камуністамі. За кошт таго, што эсдэкі і зялёныя цураліся «Левых» і не маглі стварыць сумесныя ўрады, хрысціянскія дэмакраты доўгі час панавалі на ўсходзе Германіі. Першымі догму парушылі эсдэкі, калі ў 2002 годзе запрасілі экс-камуністаў разам кіраваць Берлінам. Сёння мы назіраем рымэйк кампаніі 2002 года з той розніцай, што цяпер догму наконт супрацоўніцтва з «Левымі» ламаюць «Зялёныя».

Наступствы стварэння левага ўраду ў Цюрынгіі могуць мець катастрафічны характар для партыі Ангелы Меркель. Падобная кааліцыя магла паў­стаць, напрыклад, у цяперашнім парламенце або па выніках наступных выбараў.

Такая пастаноўка пытання сапраўды вартая ўвагі. Аднак дзеля праўды трэба прызнаць, што ацэнкі спадчыны ГДР у тэкстах папярэдніх урадавых кааліцый з удзелам «Левых» былі іншымі. Напрыклад, у 2002 годзе ў праграме берлінскага ўраду эсдэкаў і «Левых» адказнасць за будаўніцтва берлінскай сцяны, трагедыю берлінцаў ускладалася на адміністрацыю ГДР і яе маскоўскіх патронаў. У 2009-м, калі кааліцыю ў Берліне абнавілі, у прэамбулу ўрадавай дамовы ўключылі наступны фрагмент: «Выключна грамадзянскія пратэсты ў ГДР увосень 1989 года дазволілі аднавіць у ГДР плюралізм і дапамаглі камуністам дэмакратызаваць сваю партыю». Іншымі словамі, тады замахаў на стары канцэпт разумення прыроды ГДР экс-камуністы не рабілі.

Напэўна, важна пачуць у гэтай дыскусіі і голас нямецкіх гісторыкаў. Тут ёсць, безумоўна, розныя пазіцыі, аднак большасць пагаджаецца з тым, што фармулёўка: «ГДР — неправавая дзяржава», можа ўжывацца для характарыстыкі дзяржаўнага ладу, які існаваў у ГДР. Лепшым аргументам на карысць гэтага ёсць дзевяты параграф канстытуцыі былой сацыялістычнай дзяржавы, які кажа пра адказнасць грамадзян за крытыку ўрада краіны.

З іншага боку, выраз: «ГДР — неправавая дзяржава» мае вельмі палітызаваны і агрэсіўны падтэксты, што ўспрымаецца былымі грамадзянамі ГДР або іх нашчадкамі як атака на іх ідэнтычнасць. У выніку тыражаванне гэтага выразу хутчэй спрыяе працягу ментальнага падзелу Германіі. Паводле дадзеных, якія прыводзіць часопіс «Focus», на ўсходзе толькі каля 40 працэнтаў лічаць, што рэжым у ГДР быў Unrechtsstaat, у той час як на захадзе краіны такой думкі трымаюцца каля 70 працэнтаў.

Напэўна, можа пагадзіцца з гісторыка Эверхардам Холтманам, які піша, што «мадэль дыктатуры ГДР не ёсць у чыстым выглядзе контрмадэллю прававой дзяржавы».

Між тым, пасля апісаных скандалаў секцыя сацыял-дэмакратаў у Цюрынгіі ўжо задумалася: ці варта ёй пагаджацца на кааліцыю з «Левымі».