Рэкі па ўсім свеце аказаліся забруджаныя антыбіётыкамі

Навукоўцы прааналізавалі пробы рачной вады з усяго свету. Аказалася, што ў большасці з іх канцэнтрацыя антыбіётыкаў перавышае дапушчальныя нормы. Лідзіруюць па гэтым паказчыку азіяцкія і афрыканскія рэкі.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Праз тое, што антыбіётыкі трапляюць у ваду ці глебу, тамтэйшыя бактэрыі мутуюць і прызвычайваюцца да падобных прэпаратаў. Таму яны становяцца неэфектыўныя супраць бактэрыяльных інфекцый. Акрамя таго, многія гены ўстойлівасці да антыбіётыкаў патагенныя бактэрыі запазычаюць як раз у бактэрый з навакольнага асяроддзя.
Антыбіётыкі трапляюць у ваду і глебу праз адходы жыццядзейнасці чалавека і жывёл і па трубах ад гарадскіх каналізацый і фармвытворчасцяў трапляюць у рэкі і ў Сусветны акіян. Міжнародная каманда навукоўцаў вырашыла высветліць, наколькі шырока ў рачной вадзе нашай планеты распаўсюджаныя антыбіётыкі. Для гэтага яны ўзялі пробы з больш чым 700 участкаў рэк 72 краін. Сярод даследаваных рэк Дунай, Меконг, Чаупхрая, Сена, Тэмза, Тыгр і іншыя.
Атрыманыя ўзоры мікрабіёлагі з Ёркскага ўніверсітэта даследавалі на ўтрыманне 14 найбольш распаўсюджаных антыбіётыкаў, такіх як выкарыстаны пры лячэнні захворванняў мочапалавой сістэмы трыметапрым, прэпараты шырокага спектру дзеяння — цыпрафлаксацын і ко-трымаксазол і іншыя. Іх канцэнтрацыі навукоўцы параўноўвалі з лімітава дапушчальнымі паказчыкамі, якія склаў міжнародны праект AMR Industry Alliance. Ён займаецца маніторынгам узроўню антыбіётыкарэзістэнтнасці. У залежнасці ад рэчыва ён складае ад 20 да 32 000 нанаграмаў на літр.
Аказалася, што антыбіётыкі прысутнічалі ў вадзе ў 65% даследаваных месцаў. Найбольш распаўсюджаным апынуўся трыметапрым — яго знайшлі ў палове выпадкаў. Найбольш часта бяспечныя канцэнтрацыі перавышаў цыпрафлаксацын, гэта навукоўцы зафіксавалі ў 51 месцы. Найбольш абуральную канцэнтрацыю навукоўцы выявілі ў Бангладэш — там метранідазол, які выкарыстоўваецца для лячэння інфекцый скуры і поласці рота, перавысіў дапушчальную норму ў 300 разоў.
Кропкі, дзе антыбіётыкі перавышалі дапушчальны ўзровень у найбольшай ступені, знаходзіліся ў Бангладэш, Кеніі, Гане, Пакістане і Нігерыі. У Еўропе найбольшую канцэнтрацыю антыбіётыкаў навукоўцы зафіксавалі ў Аўстрыі. Прадказальна гэтыя паказчыкі былі звязаныя з кропкамі скіду сцёкавых вод, звалкамі, а таксама з некаторымі раёнамі палітычнай нестабільнасці, напрыклад ля мяжы Ізраіля і Палестыны.
Навукоўцы лічаць, што вынікі даследавання выклікаюць вялікую трывогу. Яны звяртаюць увагу сусветнай супольнасці на тое, што трэба больш эфектыўна утылізаваць медыцынскія адходы па ўсім свеце, але асабліва — у бедных краінах.
chrdk.ru