Reuters: Даследнікі знайшлі месца базавання расійскага «лятаючага Чарнобыля»
Даследнікі, падобна, знайшлі месца базавання новай расійскай ракеты з ядзерным рухавіком. Месца, вельмі падобнае на стартавую пляцоўку, размяшчаецца пад Волагдай. Як паведамляе Reuters, тое, што ўдалося выявіць на спадарожнікавых здымках, адразу некалькіх экспертаў трактавалі вельмі падобным чынам — гэта верагоднае месца размяшчэння ракеты «Буравеснік» з ядзернай сілавой устаноўкай.
На выявах, зробленых 26 ліпеня кампаніяй Planet Labs, бачныя аб'екты, якія будуюцца. Яны размешчаныя па суседстве са сховішчам ядзерных боегаловак у раёне ваеннага гарадка Волагда-20. Ён, у сваю чаргу, знаходзіцца ў ваколіцах пасёлка Чабсара ў Валагодскай вобласці — прыкладна ў 70 кіламетрах на захад ад самой Волагды і ў 500 кіламетрах на поўнач ад Масквы.
Крылатай ракетай «Буравеснік» з ядзернай сілавой устаноўкай Уладзімір Пуцін упершыню палохаў свет у 2018 годзе.
Па словах Дэкера Эвелета, аналітыка даследчай арганізацыі CNA, на здымку бачныя дзевяць стартавых пляцовак, якія будуюцца. Пляцоўкі размешчаныя трыма групамі і абгароджаныя землянымі валамі, якія павінны абараніць ад нападу або ад дэтанацыі на адной з пляцовак у выніку выпадковага выбуху на іншай.
«Гэта пляцоўка для буйной стацыянарнай ракетнай сістэмы, а адзіная буйная стацыянарная ракетная сістэма, якую яны [рускія] распрацоўваюць у цяперашні час, — гэта «Skyfall» [Скайфол — назва «Буравесніка» па класіфікацыі НАТА]», — адзначае аналітык Дэкерт Эвелет.
Калі меркаваць па фота, будуюцца дзевяць стартавых пляцовак, згрупаваных па тры і падзеленых землянымі валамі, у раёне ваеннага гарадка Волагда-20. Адметна, што непадалёк размяшчаюцца сховішчы ядзерных боегаловак.
Даследчыкі лічаць, што, калі скласці два плюс два, лёгка атрымаць правільны адказ на пытанне, што гэта такое.
Земляныя валы злучаныя дарогамі з будынкамі, у якіх, як лічыць Эвелет, плануецца абслугоўванне ракеты і іх кампаненты; а таксама з комплексам з пяці бункераў для захоўвання ядзерных боегаловак.
На думку Эвелета, гэта месца прызначана «для буйной стацыянарнай ракетнай сістэмы», а адзіным падобным праектам такога маштабу ў Расіі ён называе «Буравеснік».
З ацэнкай Эвелета пагадзіўся даследчык Джэфры Люіс з Інстытута міжнародных даследаванняў Мідлберы. На яго думку, верагоднае месца размяшчэння «Буравесніка» дазваляе выказаць здагадку, што Расія прыступае да разгортвання праекта пасля серыі выпрабаванняў у апошнія гады.
«На здымках адлюстравана нешта ўнікальнае, не падобнае [на іншыя стартавыя пляцоўкі]. І пры гэтым мы ведаем, што Расія распрацоўвае ракету з ядзернай сілавой устаноўкай», — кажа Д. Люіс, аналітык.
Яшчэ адзін даследчык, Ханс Крыстэнсэн з Федэрацыі амерыканскіх навукоўцаў, таксама мяркуе, што на здымках бачныя стартавыя пляцоўкі і іншыя аб'екты, якія могуць быць звязаныя з «Буравеснікам», але адзначае, што не можа даць адназначную ацэнку, паколькі Расія звычайна не размяшчае ракетныя пускавыя ўстаноўкі побач з сховішчам ядзерных боегаловак.
Некалькі іншых даследчыкаў таксама лічаць, што звычайна Масква складуе ядзерныя боегалоўкі для ракет наземнага базавання ўдалечыні ад стартавых пляцовак. Але размяшчэнне «Буравесніка» пад Волагдай дазволіць расійскім вайскоўцам захоўваць ракеты з ядзернымі боегалоўкамі ў бункерах побач, што зробіць іх даступнымі для хуткага запуску, адзначаюць Люіс і Эвелет.
- Нагадаем, аб стварэнні «Буравесніка» Уладзімір Пуцін упершыню распавёў яшчэ ў 2018 годзе. Ён анансаваў ракету са «звышмагутнай ядзернай устаноўкай» як «малапрыкметную, з практычна неабмежаванай далёкасцю і непрадказальнай траекторыяй палёту».
На Захадзе, аднак, не ўсе ўразіліся гэтай прэзентацыяй. Паводле той інфармацыі, якая вядомая, «Буравеснік» — ракета дагукавая, а значыць цалкам уразлівая для СПА.
«Скайфол» — гэта неверагодная тупая распрацоўка, лятаючы Чарнобыль, які пагражае Расію больш, чым іншым краінам, — кажа пра расійскую ракету Т. Кантрымен, экс-намеснік дзяржсакратара ЗША
Некаторыя эксперты і наогул сумняваюцца ў рэальным існаванні «Буравесніка». У тым выглядзе, у якім ракету прэзентаваў прэзідэнт РФ, яна не можа быць створаная — перашкаджаюць законы фізікі..
«Высокаўзбагачанаму ўрану, рэактару ў цэлым і абсталяванню самой ракеты патрабуюцца абарона, сістэма кіравання, генерацыі электраэнергіі для бартавога абсталявання і сістэма астуджэння. Усё гэта заводзіць масу такога рэактара ў дыяпазон дзясяткаў тон з адпаведнымі габарытамі. Адным словам, ракета “Буравеснік” — гэта не рэальна існуючая зброя, а яшчэ адзін выкрутас, прыдатны для палітычнага гандлю, але не для вайны», — сцвярджае П. Лузін, ваенны эксперт
- У кастрычніку 2023 года Пуцін заявіў аб «апошнім паспяховым выпрабаванні „Буравесніка“». У мінулым годзе, згодна з ініцыятывай па барацьбе з ядзернай пагрозай, усе 13 тэставых запускаў былі няўдачнымі.
Паводле www.reuters.com, echofm.online, meduza.io