Самыя маштабныя паводкі ХХІ стагоддзя. Дасье ў карыкатурах
Цяперашнія маштабныя паводкі ў Расіі і Казахстане лічаць адной з самых вялікіх падобных катастроф у сучаснай гісторыі. Якія яшчэ паводкі запомніліся чалавецтву ў ХХІ стагоддзі? Згадаем з дапамогай карыкатурыстаў.
Пачаць можна з беспрэцэдэнтнай паводкі ў Тайландзе ў 2011-м. Па-першае, выклікае шок колькасць ахвяр. Той патоп забраў жыцці больш за 600 чалавек. Па-другое, вельмі незвычайная была працягласць прыроднага катаклізму. Каралеўства Тайланд залівала на працягу шасці месяцаў, а пад ваду пайшлі цэлыя правінцыі. Пад вадой апынуліся і многія гіганцкія статуі Буды, што ахвотна фіксавалі карыкатурысты.

Нельга прайсці міма паводкі 2010-га ў Пакістане. Тады загінула аж каля 2000 чалавек. Паводка стала прычынай масавых уцёкаў павукоў: яны ратаваліся ад патокаў вады на дрэвах, аблытваючы іх кроны тоўстым пластом павуціння, надаючы прыбярэжным пейзажам злавесны выгляд. Зрэшты, пакістанцам, у тым ліку мастакам, было не да павукоў. Мясцовыя карыкатурысты выяўлялі падзею як сапраўдную нацыянальную катастрофу.

Сярод еўрапейскіх краінаў вылучаецца Чэхія, якую ў жніўні 2002-га апанавалі дажджы. Рэгіён залівала на працягу тыдня. Рака Влтава, галоўная водная артэрыя Чэхіі, паднялася на 7 метраў, затапіла метро і дамы, ледзь не змыла адну з галоўных славутасцяў краіны — Карлаў мост. Больш за ўсё ад паводкі пацярпеў заапарк: загінула больш за 100 жывёл. Вось як бачыў Прагу ў тыя жудасныя дні адзін з мясцовых мастакоў.

Асобная гісторыя з паводкамі ў Германіі. На самай справе, яны былі не такія катастрафічнымі, аднак дзіўным чынам моцна паўплывалі на палітычны працэс. Напрыклад, у 2019 годзе, калі паводкі былі вельмі моцныя, абіраўся Бундэстаг. Шмат выбаршчыкаў пераклалі адказнасць за негатыўны наступствы катастрофы на ўрадавую партыю кансерватараў. У выніку на выбарах перамагла апазіцыя ў выглядзе сацыял-дэмакратаў, якіх на пачатку кампаніі ніхто як фаварытаў не разглядаў. На гэтым малюнку бюргер у самы патоп страляе ў тэлевізар, па якім ідуць афіцыйныя навіны.

А што Расея, якая сёння стала ахвярай паводкі? На самой справе краіна не раз пакутавала праз падобныя бедствы. Так, у 2012-м ад паводкі ў Краснадарскім краі пацярпеў горад Крымск, які цалкам пайшоў пад ваду. Загінулі 160 чалавек. Асноўнай прычынай патопу называюць ліўневыя дажджы, з-за якіх рэзка ўзняўся ўзровень вады ў рэках. Але мясцовыя жыхары вінавацяць у трагедыі ўлады. Маўляў, праз іх халатнасць адбыўся аварыйны скід вады вадасховішчам, якое знаходзіцца ў гарах вышэй за горад. Нядзіўна, што некаторыя карыкатурысты выяўлялі адказным за катастрофу Уладзіміра Пуціна.

І вось новае бедства. Больш за 100 000 чалавек былі эвакуіраваны з раёнаў на поўдні Расіі з-за моцнай паводкі пасля прарыву плаціны. Па стане на сераду 10 красавіка Казахстан эвакуіраваў таксама амаль 100.000 чалавек. У СМІ гаворыцца, што пацярпелыя раёны перажылі наймацнейшую паводку за апошнія 70 гадоў. Хаця ёсць надзея, што сітуацыя хутка стабілізуецца. Застаецца дадаць, што катастрофа знайшла адлюстраванне ва ўкраінскіх графічных медыя. Адзін з карыкатурыстаў лічыць, што прычынай патопу быў не прарыў плаціны, а дзеянні баброў, якія служаць ва УСУ.
