«Сапёрныя лапаткі» і атрутны газ. 34 гады таму ў Тбілісі жорстка расправіліся з мірнай дэманстрацыяй
9 красавіка 1989 года савецкая армія з дапамогай танкаў і атрутнага газу расправілася ў Тбілісі са шматтысячнай мірнай дэманстрацыяй за незалежнасць Грузіі.
У ноч на 9 красавіка на праспекце Руставелі у Тбілісі загінуў 21 чалавек. Сотні атруціліся або атрымалі раненні і траўмы.
Праз два гады, 9 красавіка 1991 года, пазачарговая сесія Вярхоўнага Савета прыняла акт аб аднаўленні незалежнасці Грузіі. У той жа дзень была адноўлена незалежнасць, страчаная пасля саветызацыі Грузіі ў 1921 годзе.
Ноч на 9 красавіка 1989 года
Войскі спецназа з'явіліся на праспекце Руставелі на досвітку ў 3 гадзіны 56 хвілін. У гэты час перад будынкам цяперашняга парламента ўжо знаходзіліся тысячы людзей, успамінае jam-news.net
Інфармацыя пра тое, што савецкая армія гатовая здушыць выступы, паступіла яшчэ раней. За некалькі хвілін да пачатку сутыкненняў, каб пазбегнуць кровапраліцця Каталікос-Патрыярх усяе Грузіі Ілля другі заклікаў народ пайсці ў цэрквы для здзяйснення набажэнстваў.
Але мітынгоўцы акцыю не спынілі. На світанку на Руставелі спявалі і танцавалі, але потым наступіла злавесная цішыня — усе чакалі атакі сілавікоў.
Праз некалькі хвілін пасля выступу патрыярха ля будынка парламента з'явіліся падраздзяленні.
Узброеныя дубінкамі і сапёрнымі рыдлёўкамі вайскоўцы пад камандаваннем генерал-палкоўніка Радзівонава пачалі жорсткую расправу над дэманстрантамі. Атрад спецыяльнага прызначэння выкарыстаў хімічны газ.
Большая частка загінулых — жанчыны (у іх ліку школьніцы). На большасці загінулых былі сляды ад удараў лапатай. У ноч на 9 красавіка тры з паловай тысячы чалавек атруціліся хімічным газам.
Савецкая прэса замоўчвала факт выкарыстання атрутнага газу. Таксама нідзе не гаварылася і пра тое, як салдаты сапёрнымі лапаткамі і дубінкамі распраўляліся з дэманстрантамі.
Пасля трагедыі была абвешчаная каменданцкая гадзіна.
Загінулых абвясцілі ахвярамі ўзніклай цісканіны. Газета "Комунисти" пісала, што тое, што адбылося стала следствам беспарадкаў.
Адзіная газета, якая адважылася прадставіць карціну таго, што здарылася, было грузінскае рускамоўнае выданне "Моладзь Грузіі", якая разам з тэкстам апублікавала фотарэпартаж журналіста Юрыя Роста.
Наклад таго нумара быў арыштаваны і знішчаны, а ў рэдактара Вахтанга Абашыдзэ і журналістаў узніклі сур'ёзныя праблемы.
Пасля арышт адмянілі, і той нумар газеты ўсё ж быў паўторна надрукаваны і апублікаваны. Праўда, дзве фатаграфіі (якія захавалі факты асаблівай жорсткасці савецкіх войскаў) цэнзура не прапусціла. І на паласе засталіся два пустыя месцы.
Два гады да аднаўлення незалежнасці
Пасля гэтай крывавай ночы камуністычны рэжым у Грузіі практычна распаўся. Урад Грузіі, які знаходзіўся пад ціскам нацыянальнага руху і грамадскай думкі, у 1990 годзе быў вымушаны прыняць некалькі рэзалюцый, якія фактычна абвяшчалі савецкі ўрад у Грузіі незаконным.
Таксама была прынятая пастанова, якая дазваляла шматпартыйныя выбары. Выбары былі прызначаны на 28 кастрычніка 1990 года.
Камуністычная партыя пацярпела паразу, а палітычная арганізацыя "Круглы стол — Свабодная Грузія" на чале з Звіядам Гамсахурдзія перамагла.
31 сакавіка 1991 года ў Грузіі прайшоў рэферэндум, падчас якога насельніцтва павінна было адказаць на пытанне, ці хочуць яны аднавіць незалежнасць на падставе акта аб незалежнасці ад 26 мая 1918 года.
У рэферэндуме прыняў удзел 91% ад усяго насельніцтва. Станоўча на пытанне адказалі 99%.
9 красавіка 1990 года
На падставе гэтага рэферэндуму, праз роўна два гады, 9 красавіка 1991 года ў 12:30 на пазачарговым пасяджэнні першай сесіі Вярхоўнага Савета ў Доме ўрадзе, па ініцыятыве Звіяда Гамсахурдзія быў прыняты акт аб аднаўленні незалежнасці Грузіі.
"Сімвалічна абвясціць 9 красавіка аб аднаўленні незалежнасці Грузіі, бо ў гэты дзень вырашаўся лёс Грузіі. Душы пакутнікаў 9 красавіка радуюцца за нас, таму што іх воля споўнілася, воля грузінскага народа вітаць незалежную Грузію споўнілася. Хай дабраславіць нас Бог!" — сказаў Звіяд Гамсахурдзія, які потым стаў першым прэзідэнтам Грузіі.
Сёння
Адным з сімвалаў мірнага пратэсту 9 красавіка 1989 года стала Нана Махарадзэ. Праз 34 гады, 9 красавіка 2023 года, прэзідэнт Грузіі Саломэ Зурабішвілі ўзнагародзіла ганаровымі медалямі Нану Махарадзэ і Нану Малашхія — сімвал нядаўніх сакавіцкіх мітынгаў супраць закона аб "замежных агентах".
"Гэтая ўзнагарода не з'яўляецца персанальнай. Яна прысвячаецца ўсім жанчынам — жанчынам 9 красавіка, і тым, якія змагаліся за незалежнасць і будучыню Грузіі ў іншыя перыяды. Гэтыя двое — абліччы гэтай барацьбы", — сказала Зурабішвілі.