Саудаўскага блогера публічна высеклі па абвінавачванні ў абразе ісламу

У Саудаўскай Аравіі падвергнулі публічнай лупцоўцы вядомага інтэрнэт-актывіста Раіфа Бадаві, якога летам 2014 мясцовы суд прыгаварыў да 10 гадоў турмы і 1000 удараў бізуном за «абразу ісламу» і стварэнне ліберальнага інтэрнэт-форуму, перадае Reuters.



punishment.jpg

Першы раўнд экзэкуцыі адбыўся 9 снежня ў горадзе Джыда — блогеру далі 50 з прызначаных судом удараў бізуном перад мячэццю аль-Джафалі па заканчэнні ранішняй пятнічнай малітвы, паведаміла міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International.
Паводле яе даных, Бадаві прывезлі на гарадскую плошчу перад мячэццю ў аўтобусе і ў кайданах, а затым адлупцавалі ў асяроддзі натоўпу. Пакаранне доўжылася каля 15 хвілін, пасля чаго Бадаві запіхнулі назад у аўтобус і павезлі. Здымаць тое, што адбывалася, прысутным было забаронена.
Астатнюю частку пакарання яму трэба будзе панесці на працягу 50 тыдняў, паведамілі праваабаронцы. Маецца на ўвазе, што падсудны будзе атрымліваць па 50 удараў кожны тыдзень.
Экзэкуцыя адбылася, нягледзячы на пратэсты праваабаронцаў і заклік Вашынгтона да Эр-Рыяду адмяніць гэтае «жорсткае пакаранне і перагледзець справу і прысуд Бадаві». 8 снежня прадстаўнік дзярждэпа Джэн Псакі заявіла, што ЗША лічаць бесчалавечным прысуд Бадаві. Паводле яе слоў, суд каралеўства пакараў яго «за ажыццяўленне яго правоў на свабоду слова і веравызнанне».
Бадаві, які стварыў сайт пад назвай «Свабоду саудаўскім лібералам» і на ім крытыкаваў рэлігійных лідэраў каралеўства, быў арыштаваны ў 2012 годзе. Годам пазней яго прызналі вінаватым у абразе ісламу і асудзілі да сямі гадоў турмы і 600 ударам бізуном.
Адвакат блогера абскардзіў прысуд, але толькі пагоршыў справу: суд рэкамендаваў перакваліфікаваць абвінавачванне на больш цяжкае — «вераадступніцтва», па якім Бадаві пагражала смяротнае пакаранне. Аднак у выніку яго асудзілі да 10 гадоў зняволення, тысячы удараў бізуном і штрафу ў 1 мільён рыалаў (каля 267.000 даляраў).
Amnesty International раней назвала прысуд Бадаві абуральным і заклікала ўлады адмяніць яго. Бадаві ў 2014 годзе быў удастоены ўзнагароды міжнароднай арганізацыі Reporters sans frontières («Рэпарцёры без межаў»).
У інтэрнэце быў арганізаваны збор подпісаў пад зваротам да караля Саудаўскай Аравіі Абдалы з просьбай дараваць Бадаві, адзначае Al-Jazeera. Але гэта не дапамагло. Праваабаронцы мяркуюць, што выпадак Бадаві з'яўляецца часткай кампаніі па забароне на іншадумства ў каралеўстве.
У ультракансерватыўнай Саудаўскай Аравіі заканадаўча забароненая любая крытыка ў адрас каралеўскай сям'і і ісламскіх устаноў, таму тыя, чые выказванні разыходзяцца з меркаваннем уладаў, як правіла аказваюцца за кратамі.