Што рабіць з Шатландыяй?

Перамогу кансерватараў на парламенцкіх выбарах азмрочвае трыумф нацыяналістаў Шатландыі. Шатландскае пытанне — адно з самых складаных у павестцы дня новага кабінета Дэвіда Кэмерана.



1411165490_2052259922.jpg

Пакінуць саюз або застацца ў саюзе. Вось так трошкі дыхатамічна гучаць асобныя пункты праграмы кансерватараў падчас апошняй выбарчай кампаніі. У першым выпадку — пакінуць Еўрапейскі саюз, які торы даўно крытыкуюць за бюракратыю і непразрыстасць прыняцця рашэнняў. Абяцанак застацца ў ЕС тычыцца праблемы Шатландыі, з якой Англія, паводле кансерватараў, павінна працягнуць унію 1709 года — канстытуцыйны базіс дзяржаўнай фармацыі пад назвай Аб’яднанае Каралеўства.

Пытанне з сяброўствам Вялікабрытаніі ў ЕС, быццам, будзе вырашана ў наступным годзе, калі павінен адбыцца абяцаны старым-новым прэм’ерам плебісцыт. А вось што рабіць з Шатландыяй, нікому не зразумела.

Асабліва пасля таго, як мясцовыя нацыяналісты з Шатландскай нацыянальнай партыі (SNP) па выніках майскіх выбараў атрымалі 53 з 56 мандатаў (шатландская квота ў брытанскім парламенце). Самае цікавае, што Нікола Старджэн — новы правадыр SNP — падчас выбарчай гонкі пастаянна казала: «Выбары — не рэферэндум пра незалежнасць», а поспех SNP не будзе аўтаматычна значыць абвяшчэння даты новага плебісцыту па пытанні незалежнасці.

Усё дарэмна. Калі меркаваць па рэпартажах з Шатландыі, тубыльцы прапускалі гэтыя тырады. Як пішуць журналісты, на мітынгах SNP дамінаваў дэвіз: «Шляху назад няма!» Тэма канстытуцыйных рэформаў не сыходзіла з вуснаў трыбунаў. Шатландцы ператварыліся ў пасіянарную масу.

Кампенсаваць электарату Старджэн адсутнасць незалежнасці мог бы так званы «падвешаны парламент», калі ніводная партыя не мае большасці. У такім выпадку за кошт сітуацыйнай падтрымкі ўрадавай партыі (планавалася, што ўрад узначаляць лейбарысты) можна было б дабіцца бонусаў для Шатландыі, і ў тым ліку прымусіць урад перагледзець непапулярную сацыяльную палітыку — канёк праграмы SNP.

Аднак электарат вырашыў інакш. У парламенце, дзе кансерватары маюць большасць, SNP будзе проста статыстам. Чымсьці сітуацыя нагадвае пачатак 1980-х гадоў, калі 50 з 56 месцаў ад Шатландыі былі ў лейбарыстаў. Аднак, будучы партыяй меншасці, лейбарысты не змаглі заблакаваць пакет ліберальных рэформаў Маргарэт Тэтчэр. Расчараванне ў лейбарыстах дапамагло не вельмі раскручанай на той час SNP выйсці з маргіналаў. Іншымі словамі, каб захаваць рэйтынг Старджэн нічога не застаецца, як гуляцца ў крутога незалежніка і абвяшчаць новы плебісцыт. Гэта, аднак, вельмі рызыкоўна. Правал другога запар рэферэндуму пра незалежнасць Шатландыі — гэта крыж на праекце незалежнай дзяржавы.

Лондан, на першы погляд, знаходзіцца ў стане цугцвангу. У той час, як шатландцы ператварылі выбары ў маніфестацыю за незалежнасць, англічане аддалі перавагу палітыку, які заяўляў, што «ніколі не будзе прэм’ерам, у час кадэнцыі якога будзе страчана Шатландыя». Акрамя таго, партыі могуць спатрэбіцца галасы дэпутатаў-юніяністаў з Паўночнай Ірландыі, якія ўжо агучылі ўмову падтрымкі Кэмерана — стварэнне дэпартаменту па выратаванню адзінства краіны.

З іншага боку, у Кэмерана ёсць што супрацьпаставіць шавіністам-аднапрытыйцам. Гэта факт яго перамогі на майскіх выбарах, які каласальна ўзняў яго аўтарытэт. На думку шмат каго, ён можа скарыстацца момантам і пайсці на саступкі шатландцам, каб аслабіць радыкальнае крыло ўнутры SNP і забяспечыць адзінства краіны. Палітолагі заклікаюць урад скарыстацца тым, што ўнія 1709 года дэ-факта ўжо перастала дзейнічаць. Незаўважна для брытанскай публікі, яна стала звычайнай паперкай пасля таго, як лейбарысты ў 1999 годзе надалі Шатландыі аўтаномію, што супярэчыць згаданаму вышэй дакументу.

Цяпер прэса спрачаецца, які пернік Лондан можа прапанаваць Эдынбургу. Прапануюць надаць Шатландыі фінансавую і падатковую аўтаномію, дапусціць стварэнне нейкага аналага шатландскага МЗС, даць дазвол эмісару з Эдынбурга сядзець на перамовах, якія Лондан вядзе па важных для Шатландыі тэмах, напрыклад, рыбалоўства. Частка кансерватараў таксама не супраць баварскай мадэлі, калі баварскі Сацыял-хрысціянскі саюз з’яўляецца незалежнай структурай, што фармуе з хрысціянскімі дэмакратамі адзіны спіс на выбарах у Бундэстаг.

Верагодна, сітуацыя будзе менавіта развівацца ў гэтым накірунку. На наступны дзень пасля выбараў Кэмеран паабяцаў шатландцам «самы аўтаномны ўрад, які толькі можа быць у свеце». Хаця сама Нікола Старджэн яшчэ не адрэагавала на дыскусію, прэса лічыць, што яна вымушана будзе пагадзіцца на кампраміс.

Скептыкі лічаць, што такія кансенсусы толькі адцягваюць тэрмін абвяшчэння шатландскай незалежнасці або як мінімум трансфармацыі дзяржаўнага ладу краіны да федэральнай мадэлі. Чым больш паўнамоцтваў будзе атрымліваць Эдынбург, тым больш сумна будзе дэпутатам у брытанскім парламенце. Па сутнасці, паступова ён будзе займацца чыста англійскімі пытаннямі.

Застаецца ўзгадаць адзін, на першы погляд фантастычны, аднак з юрыдычнага пункту гледжання дастаткова рэальны сцэнар. У наступным годзе на рэферэндуме па выхаду Вялікабрытаніі з Еўрасаюзу англічане могуць прагаласаваць за выхад краіны з ЕС. Іншыя вынікі могуць быць у Шатландыі, дзе пануюць праеўрапейскія настроі. У такім выпадку можа ўзнікнуць далікатная сітуацыя, калі Англія выйдзе з ЕС, а Шатландыя можа застацца ў якасці асобнага сябра як фактычна незалежная дзяржава. І ніякага рэферэндуму для гэтага не спатрэбіцца.