Някляеў стварае рух «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі»
Паэт, экс-кандыдат у прэзідэнты і палітвязень, былы кіраўнік кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў пачаў стварэнне новага агульнанацыянальнага руху.
«Рух называецца «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі». Я займаюся гэтым амаль штодня. Павінен сказаць, што ўсё ідзе так, як я і чакаў: ёсць запалоханае і пасіўнае грамадства. Можа быць, маюць рацыю тыя, хто мяне пераконвае, што цяперашняі час — не для стварэння нейкіх масавых народных рухаў. Як бывае час для стварэння новай рэлігіі, так і час, калі яе стварыць немагчыма. Але я перакананы, што чакаць якога спрыяльнага часу не прыходзіцца. Усё ж такі мы маем відавочную пагрозу нашай дзяржаўнай незалежнасці. тое, што заяўляе Лукашэнка, што ў яго нейкія ёсць сілы для таго, каб справіцца з любым ворагам, «які паквапіцца хоць на кавалак беларускім зямлі», гэта ўсё — пусты вецер. Таму што няма такіх сіл, бо не створаныя нацыянальныя сілы, якія б адстойвалі Беларусь», — распавёў Някляеў у інтэрв'ю «Радыё Свабода».
Як сцвярджае палітык цяперашняе кіраўніцтва беларускіх спецслужбаў «наскрозь прарасійскае», і ў гэтым ён асабіста меў магчымасць пераканацца, калі пасля выбараў 2010 года, калі сядзеў у СІЗА КДБ.
«Я там быў і меў магчымасць пазнаёміцца з найвышэйшым камандаваннем гэтых службаў і сярэднім звяном. І ўсе яны ўяўляюць так званы «рускі мір». І ў арміі беларускай, па сутнасці, адны расійскія генералы і, хутчэй за ўсё, яны выканаюць загад Пуціна, аб чым яны і кажуць, калі арыштоўваюць нашых актывістаў. Маўляў, што сюды прыйдзе Пуцін, сюды прыйдзе «рускі мір», і мы вам тады, нацыяналістам, пакажам», — кажа экс-кіраўнік «Гавары праўду».
«Я глыбока перакананы, што захаваць і выратаваць Беларусь можа толькі беларускі народ. Але сёння народ проста не разумее, што зараз адбываецца: як яго падманваюць, як ім маніпулююць — ну проста не разумее. Усе замбаваныя гэтай афіцыйнай беларускай і рускай прапагандай і на самой справе вераць, што Пуцін паклапоціцца пра Беларусь, каб толькі не здарылася так, як здарылася ва Украіне. Таму трэба людзям тлумачыць, што ўсё сур’ёзна, што без іх удзелу ў будучыні Беларусі гэтай будучыні можа проста не апынуцца. Вось для гэтага я і пачаў гэтым займацца», — тлумачыць Някляеў свае матывы стварэння новага руху.
На пытанне, чаму такі рух не было створана ў рэчышчы кампаніі «Гавары праўду» палітык адказаў: «Таму, што гэтым не павінна займацца нейкая адна структура. У нас як у апазіцыі? Як толькі ты прапануеш хоць адну ідэю — вельмі слушная, не вельмі слушныя — супраць яе адразу будуць змагацца ўсе астатнія. Вось ўвесь мой досвед працы ў апазіцыі кажа менавіта пра гэта. Тое, што адбылося падчас працэсу вылучэньня адзінага кандыдата — гэта з той жа серыі. Плюс яшчэ, што была пастаўлена задача тымі людзьмі, якія кантралююць некаторых так званых апазіцыянераў — не дапусціць вылучэння адзінага кандыдата. І гэта ўсё блакавалася, і склалася сітуацыя, тая, якая склалася. А менавіта — сітуацыя 2010 года, калі кожны ідзе адзін. Толькі ў адрозненне ад 2010 года ніхто не мае ніякай падтрымкі — ні матэрыяльнай, ні маральнай. І ўсё гэта будзе фэйк, суцэльны фэйк».
Як лічыць палітык, новы рух павінна падштурхоўваць уладу да правядзення эканамічных і палітычных рэформаў, без якіх немагчыма ў будучыні існаванне суверэннай незалежнай беларускай дзяржавы.
«Развіццё падзей — убачыце і ўспомніце мае словы — прымусіць людзей так сябе паводзіць. І ў рэшце рэшт прымусіць да больш актыўных, прамых дзеянняў улады. І калі казаць пра нейкі ўнутрынацыянальны дыялог, то ён можа заключацца толькі на гэтых прынцыпах — на глебе нашай дзяржаўнасці і незалежнасці. І тут не можа быць ніякіх супярэчнасцяў і спрэчак, ніякіх мардабояў на вуліцы паміж тымі, хто з боку дзяржавы, і хто з боку народа за незалежнасць», — перакананы Някляеў.
Пры гэтым палітык ўсведамляе, што стварэнне новага руху можа заняць даволі шмат часу: «Стварыць можна аргкамітэт — што мы і створым, але стварыць сам рух — для гэтага на самой справе неабходна нашмат больш часу, чым для стварэння якой-небудзь партыі. Пакуль не будзе рэальнай сілы, казаць пра гэта рана. Таксама не буду казаць пра нейкія даты або планы, пакуль у мяне не будзе нейкага рэальнага выніку».
«Я хачу, каб у мяне — беларуса — была Беларусь, тая зямля, у якой ляжаць усе мае продкі. І пакуль я жывы, я буду за гэта змагацца. Незалежна ад таго, у апазіцыі гэта буду рабіць ці па-за апазыцыяй, жывы ці мёртвы», — заявіў Някляеў.
Варта адзначыць, што ў Беларусі ўжо неаднаразова абвяшчалася аб стварэнні розных грамадска-палітычных пазапартыйных рухаў, аднак ні адзін з іх не набыў масавага характару і паступова ўсё яны маргіналізаваліся.